У Беларусі — трэці дзень збору подпісаў за кандыдатаў на ўдзел у прэзыдэнцкіх выбарах. Ён прыпаў на суботу, якая, у сваю чаргу, адзначылася рэдкай гэтым летам сьпякотай — 26 градусаў цяпла у Менску. Адпаведнай сталася і актыўнасьць кандыдатаў: на такіх традыцыйных пляцоўках па збору подпісаў, як прывакзальная станцыя Дружная, Камароўскі рынак, пляцоўкі перад Цэнтральнай унівэрсальнай крамай і ГУМам, свае пікеты выставілі два-тры кандыдаты — удвая менш, чым папярэднім будзённым днём. Падпісантаў каля пікетаў, нібыта, таксама менш. Аднак, здараецца, што выстройваецца нават чарга, кажа ўдзельнік акцыі ў падтрымку Анатоля Лябедзькі Алег Корбан:
«Падыходзяць, цікавяцца кандыдатам, чытаюць і больш ставяць подпісы. Я быў тут яшчэ а дзесятай раніцы, і тады было сапраўды павольна і малалюдна, пікетаў нічыіх не было, а вось бліжэй да абеду ўжо значна лепш. Побач, праўда, пікет Цярэшчанкі, і каля яго нікога няма. Ну, і ня так шмат подпісаў ставяць і за Аляксандра Рыгоравіча — ў асноўным адны пэнсіянэры».
Побач з пікетам Аб’яднанай грамадзянскай партыі, які стаіць пад партыйным сьцягам, усталявалі дзяржаўныя чырвона-зялёныя і чырвоныя сьцягі былога савецкага саюзу прадстаўнікі Фэдэрацыі прафсаюзаў Беларусі, якія ў форменным адзеньні зьбіраюць подпісы за дзейнага кіраўніка краіны.
Наяўнасьць побач апазыцыйнай партыйнай сымболікі і савецкага сьцягу выклікала часовае непаразуменьне паміж дзьвюма групамі валянтэраў, аднак празь нядоўгую спрэчку канфлікт быў вычарпаны.
Яшчэ адна група валянтэраў, якая зьбірала галасы за Аляксандра Лукашэнку — сябры БРСМ з адпаведнай атрыбутыкай. Падпісантаў каля брсэмаўцаў вобмаль, і размаўляць маладзёны ня дужа ахвочыя:
Карэспандэнтка: «Як ідзе падпіска ў выходны дзень?»
БРСМаўка: «Нам нельга даваць інтэрвію».
Карэспандэнтка: «Чаму, вам забаранілі?»
БРСМаўка: «Не, мы самі ня хочам. У нас можаце задаваць пытаньні, на якія мы можам адказаць. Пра кандыдата пра нашага».
Карэспандэнтка: «Раскажыце тады пра кандыдата».
БРСМаўка: «Што вам распавесьці, што вас цікавіць?»
Карэспандэнтка: «Шмат што, але вы раскажыце тое найлепшае, што заахвоціць мяне падпісацца за вашага кандыдата».
БРСМаўка: «Нарадзіўся 30 жніўня 1954 году. З 1994 году — прэзыдэнт Рэспублікі Беларусь. Усё.»
Карэспандэнтка: «Бачу ў вас чысты падпісны ліст — гэтак неахвотна падпісваюцца?»
БРСМаўка: «Не, гэта проста падпісны блянк. Добра падпісваюцца нават у выходны дзень».
Карэспандэнтка: «Дык можа ўжо сабралі неабходную колькасьць галасоў?»
БРСМаўка: «Гэтага я вам не магу сказаць».
БРСМ-актывісты наадрэз адмаўляюцца фатаграфавацца пад сьцягам БРСМ і побач з партрэтам свайго кандыдата. Сярод тлумачэньняў прычыны адмовы — «Навошта нам гэта трэба» і «Мы саромеемся». Пытаньне: за каго больш саромеюцца — за сябе альбо свайго кандыдата — засталося без адказу. Неўзабаве да пікету Лукашэнкі падыходзіць мінак, штосьці горача даводзіць. Знаёмлюся:
«Мікалайі Чыбісаў, Казлоўшчына, Дзятлаўскі раён. Увогуле я хацеў бы сказаць, што няма сэнсу падпісвацца за хоць бы якога кандыдата. Бо выбары прэзыдэнта дзяржавы Беларусь зьяўляюцца фальсыфікацыяй. І закон аб выбарах складзены толькі пад гэтага дзейнага прэзыдэнта. Няхай бы зрабіў закон: адзін дзень выбараў — хто перамог, той і сьвяткуе. Дык не ж — ён зробіць папярэдняе галасаваньне: зьбярэ ўсіх працоўных і вайскоўцаў, а пасьля будзе выхваляцца, што набраў 80 адсоткаў галасоў — гэта і ёсьць рэальнае фальшаваньне».
Адначасна сустракаліся і людзі супрацьлеглага меркаваньня, адны выказвалі падтрымку дзейнаму кіраўніку краіны, іншыя падтрымку ягоным апанэнтам з апазыцыйнай супольнасьці:
Спадар сталага веку: «Пэўна буду за цяперашняга кіраўніка падпісвацца, каб не было, як ва Ўкраіне. Хаця.... Пытаньні ёсьць і да яго...».
Спадар сярэдніх гадоў: «Я падпісваюся за некалькі кандыдатаў, бо падпісвацца можна за некалькі. Я хачу, каб у выбарах была сапраўдная альтэрнатыва і канкурэнцыя».
Збор подпісаў за патэнцыйных удзельнікаў прэзыдэнцкай кампаніі працягнецца да 21 жніўня.