Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Першы дзень збору подпісаў у Магілёве: дзесяць чалавек за гадзіну


Пікет ініцыятыўнай групы Анатоля Лябедзькі ў Магілёве.
Пікет ініцыятыўнай групы Анатоля Лябедзькі ў Магілёве.

У Магілёве адбыўся першы перадвыбарчы пікет. Сябры ініцыятыўнай групы прэтэндэнта на пасаду прэзыдэнта Анатоля Лябедзькі зьбіралі подпісы ў яго падтрымку на пешаходнай вуліцы Ленінскай. За тры з паловай гадзіны сабралі больш за трыццаць подпісаў.

Першыя гадзіны пікету засьведчылі выбарчую пасіўнасьць магілёўцаў. Многія стараліся не заўважаць пікета са сьцягам Аб’яднанай грамадзянскай партыі і стэндам з фатаздымкамі прэтэндэнта. Наважваліся пакінуць свой подпіс за апазыцыйнага вылучэнца адзінкі.

«Надакучыла сытуацыя ў краіне. Надакучыла і тое, што ў горадзе дужа цяжка з працай, бо амаль усе заводы сталі, — тлумачыць сваё рашэньне адзін з тых, хто расьпісаўся ў падтрымку Лябедзькі. — Многія, аднак, упэўненыя, што пытаньне на гэтых выбарах будзе толькі адно: ня тое, хто стане прэзыдэнтам, а які працэнт набярэ Лукашэнка. Але ж хацелася б нейкіх пераменаў, іначай мы ня выздаравеем».

Яшчэ адна падпісантка, жанчына сталага веку, таксама ня верыць у перамогу Анатоля Лябедзькі на выбарах, тым ня менш заяўляе, што ня можа заставацца абыякавай:

«Спадзяюся на лепшае, таму і падпісалася за Лябедзьку. Мо пэнсія стане большай, калі ён стане раптам прэзыдэнтам. Лекі троху патаньнеюць. Вось іду з паліклінікі і ведаю, што гэта такое», — кажа пра свае чаканьні жанчына.

Яшчэ адна кабета, пакінуўшы свой подпіс, на разьвітаньне падзякавала апазыцыянэрам, што яны не баяцца. «А што ім пагражае?» — пытаюся ў кабеты.

«Ужо даўно ўсе баяцца праўду сказаць. Улады баяцца. Яны ў нас кіруюць, караюць, калі захочуць, то мілуюць. А што мне баяцца? Толькі за дзяцей страшна, што на іх можа ўсё перавярнуцца. Павінна быць альтэрнатыва ўладзе, і каб яна мянялася. Увесь жа сьвет да гэтага прыйшоў, а мы ніяк ня можам».

Суразмоўніца ня верыць, што сёлетнія прэзыдэнцкія выбары зьменяць сытуацыю. Кажа, што надзеі няма на гэта: «У дзевяностыя гады надзея нейкая была, а потым яна рухнула».

Часам актыўнасьць узрастала
Часам актыўнасьць узрастала

Многія мінакі падыходзілі да пікету апазыцыйнага вылучэнца на прэзыдэнта, разглядалі фота, бралі буклеты, але сыходзілі, не пакінуўшы свайго подпісу. «Чаму?» — пытаюся ў аднаго з такіх.

«У мяне ёсьць сваё бачаньне і думка ёсьць адносна прэтэндэнтаў, але яна яшчэ не сфармавалася да канца. Буду думаць», — адказвае мужчына сярэдніх гадоў.

У выбарчыя цуды ён ня верыць: «Моцнай фігуры, як Лукашэнка, вядома ж, цяпер няма. Усё будзе, як павінна быць».

«У гэтых выбарах настолькі прадвызначаны вынік, што сэнсу ў іх удзельнічаць ніякага няма», — выказваецца пра інтрыгу выбарчай кампаніі яшчэ адзін мінак, які не пажадаў расьпісвацца за Лябедзьку.

Як жа тады мяняць сытуацыю ў краіне? Мінак адказвае:

«На гэтае пытаньне ў мяне адказу няма, але ўдзел у гэтых выбарах краіну ня зьменіць».

Мінакі, якія здалёк углядаліся ў рэдкую для Магілёва зьяву, калі апазыцыя выйшла на публіку, збольшага пазьбягалі гаварыць з журналістам. Тыя ж, хто наважваўся, трымаліся думкі, што «выбараў няма».

«Навошта патрэбная гэтая бутафорыя? Бо прэзыдэнт ужо выбраны. Нічога вы ня зробіце. Машына ёсьць машына. Мэнталітэт ужо ўстаяўся», — заяўляюць двое мужчынаў, перанятых за тры дзясяткі мэтраў ад пікету.

«З аднаго боку, гэта добра, што стабільнасьць, спакой. З другога ж боку, павінны быць нейкія новаўвядзеньні, аднак не такія, як ва Ўкраіне. Вось як на Захадзе: два тэрміны — і сыходзь. Усё законна і прыгожа. А ў нас неяк непрыгожа», — разважаюць мужчыны.

«Пакуль людзі саромеюцца падыходзіць, бо першы дзень збору подпісаў. Яны яшчэ ў выбарчую кампанію не ўцягнуліся», — выказвае свой погляд на актыўнасьць мінакоў на Ленінскай актывіст Аб’яднанай грамадзянскай партыі Аляксей Кірыенка.

Аляксей Кірыенка.
Аляксей Кірыенка.

«Нехта лічыць, — кажа ён, — што трэба ўдзельнічаць, а нехта, што трэба байкатаваць. Былі дыскусіі. Некаторыя заяўлялі, што мы хочам зрабіць у Беларусі тое, што ва Ўкраіне. Але ж гэта ня так. Мы за мірныя перамены. Мы ня хочам ахвяраў. Такія выказваньні — гэта вынік прапаганды як беларускага тэлебачаньня, гэтак і расейскага».

«На наш погляд, удзел — гэта найлепшае выйсьце, — кажа апазыцыйны актывіст. — Мы маем прапаноўваць нейкую альтэрнатыву ўладзе. Паказаць, што Лукашэнка не адзіны і што ёсьць прэтэндэнты, якія значна лепей за яго ўправяцца з кіраваньнем краінай».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG