Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Найбольшыя шанцы сабраць подпісы мае каманда Караткевіч», — Старыкевіч


Хто з патэнцыйных кандыдатаў у прэзыдэнты мае найбольшыя шанцы сабраць сто тысяч подпісаў? Каго з васьмёркі прэтэндэнтаў і паводле якіх крытэрыяў зарэгіструе ўлада? Як байкотныя настроі сярод часткі палітычных актывістаў могуць паўплываць на этап збору подпісаў?

На гэтыя пытаньні ў перадачы «Экспэртыза Свабоды» адказваюць галоўны рэдактар інтэрнэт-выданьня «Салідарнасьць» Аляксандар Старыкевіч і публіцыст Вадзім Казначэеў.

Цыганкоў: ЦВК зарэгістраваў 8 ініцыятыўных групаў. Аналізуючы гісторыю беларускіх прэзыдэнцкіх кампаніяў, цяперашнюю палітычную сытуацыю, колькасны склад ініцыятыўных групаў — ці можна спрагназаваць, колькі зь іх здолеюць сабраць неабходныя сто тысяч подпісаў?

Вадзім Казначэеў
Вадзім Казначэеў

Казначэеў: Гэтая выбарчая кампанія, відаць, уяўляе сабою найменшую небясьпеку для ўлады. Хоць, магчыма, сапраўды небясьпечных кампаніяў для яе ў гэтым стагодзьдзі не было. Таму я думаю, што пераважна ўлады паставяцца ляяльна — вядома, не да тых кандыдатак, у каго 100 чалавек у ініцыятыўнай групе. Я мяркую, што Тацяну Караткевіч, Віктара Цярэшчанку, Сяргея Гайдукевіча могуць зарэгістраваць — нават ня надта зважаючы на рэальную колькасьць сабраных подпісаў.

Цыганкоў: Я ўсё ж пытаюся пра тое, якія прэтэндэнты маюць шанцы сумленна сабраць гэтыя сто тысяч.

Казначэееў: Я думаю, лідэры палітычных партыяў — Калякін і Лябедзька.

Аляксандар Старыкевіч
Аляксандар Старыкевіч

Старыкевіч: У сёньняшняй сытуацыі сабраць такую колькасьць подпісаў вельмі складана. І я думаю, што з тых кандыдатаў, якіх мы можам называць дэмакратычнымі, найбольшыя шанцы мае каманда Тацяны Караткевіч. «Гавары праўду» ўваходзіць у гэтыя выбары ў пэўным сэнсе падрыхтаванаю. Памятаеце, яны праводзілі кампанію «Народны рэфэрэндум»? І празь яе стварылі базу людзей, якія ў прынцыпе станоўча ставяцца да ідэі пераменаў, да дэмакратычных структураў. То бок ім сёньня ўжо ня трэба ісьці па ўсіх кватэрах, дзе невядома, адчыняць ці не адчыняць. А проста можна пайсьці па канкрэтных адрасах — таму ў тэхналягічным сэнсе ў кандыдаткі Караткевіч лепшыя шанцы.

Мне цяжка сказаць пра пэрспэктывы Калякіна і Лябедзькі. Яшчэ 5 гадоў таму я б сказаў хутчэй «так». Але сёньня — проста ня ведаю, ня ўпэўнены. Магчыма, стан іхніх структураў лепшы, чым падаецца звонку.

Цыганкоў: Каго зарэгіструе ўлада і па якіх крытэрах яна будзе выбіраць, каго пакінуць у гонцы? Магчыма, гэта будзе залежаць ад паводзінаў кандыдата — ягонай рыторыкі, публічных заяваў?

Казначэеў: Я думаю, яны будуць зыходзіць зь меркаваньняў, наколькі той ці іншы кандыдат уяўляе пагрозу, хоць нейкую. Я не выключаю, што там могуць палічыць, што казацкі атаман Улаховіч можа карыстацца падтрымкай Расеі, і таму яго могуць не зарэгістраваць.

Я не выключаю, што там могуць палічыць, што казацкі атаман Улаховіч можа карыстацца падтрымкай Расеі, і таму яго могуць не зарэгістраваць
Вадзім Казначэеў
Што тычыцца апазыцыйных лідэраў, то, я думаю, ім ня будуць дапамагаць, але і ня будуць асабліва чапляцца. Калі набяруць сто тысяч — то зарэгіструюць.
Не выключаю сытуацыі, што зарэгіструюць Гайдукевіча, Улаховіча і Цярэшчанку, але не зарэгіструюць ніводнага з апазыцыйных кандыдатаў
Аляксандар Старыкевіч

Цыганкоў: Калі пакінуць толькі аднаго апазыцыйнага кандыдата — то гэта дзіўная сытуацыя: нібыта застаўся «адзіны кандыдат». Уладам гэта наўрад ці трэба?

Старыкевіч: Я не выключаю сытуацыі, што зарэгіструюць Гайдукевіча, Улаховіча і Цярэшчанку, але не зарэгіструюць ніводнага з апазыцыйных кандыдатаў. Мы ня ведаем, што яны маюць там сабе наўме і што лічаць больш выгадным.

Цыганкоў: Аляксандар, гэта даволі радыкальны прагноз... Усё ж улада хоча мець добрыя адносіны з Захадам, і таму Менску патрэбная больш дэмакратычная карцінка выбараў

Старыкевіч: Віталь, давайце ўдакладнім — гэта ня мой прагноз. Гэта проста адзін з варыянтаў, які мы ня можам адкідаць.

Другое. Я ня думаю, што Менск вельмі моцна пераймаецца тым, як ён будзе выглядаць у вачах Эўропы. Ну, а калі сапраўды не зьбяруць подпісы? Ці прынясуць перапісаныя тэлефонныя кнігі? І гэта нават можна паказаць Эўропе, якая ў сёньняшнім стане пагодзіцца з тым, што ёсьць. Думка Захаду ў пытаньні ўлады ніколі не была чымсьці надта істотным для Лукашэнкі.

Цыганкоў: Па-вашаму, ці сапраўды настроі грамадзтва на байкот большыя, чым звычайна, ці гэта адчуваецца толькі сярод палітычных актывістаў?

Казначэеў: Практыка паказвае, што нават у кампаніі па выбарах у Палату прадстаўнікоў, якая выклікае заўсёды значна меншую цікавасьць — і то байкот праваліўся. На прэзыдэнцкіх выбарах гэта проста не рэальна. Гэта абмяркоўваецца пераважна ў коле палітычных актывістаў. А ў грамадзтве — там кажуць «мы ня ведаем іншых кандыдатаў».

На збор подпісаў больш паўплывае не пазыцыя палітычных актывістаў, а летні сэзон. Нават калі сама Ярмошына кажа, што кампанія разгортваецца надта млява, то кіроўны рэжым хвалюе больш гэта, а ня спроба зарубіць патэнцыйных прэтэндэнтаў.

Старыкевіч: Тэма байкоту абмяркоўваецца выключна ў вузкім коле актывістаў. Я не разумею, чым прынцыпова адрозьніваецца кампанія-2010 ад кампаніі-2015. Там галасы не лічылі — і тут не зьбіраюцца. Але адны і тыя ж людзі тады ішлі на выбары, а цяпер заклікаюць да байкоту. Падаецца, тут рэчы больш асабістага пляну, а ня нейкая прынцыповая пазыцыя.

  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода». На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG