Чытаю амэрыканскую прэсу (мэйнстрымаўскую, лібэральную — напрыклад, CNN) пра гей-шлюбы. Ідзе спакойная дыскусія пра тое, што гэта азначае для грамадзтва і палітыкі. Пішуць пра парадаксальныя плюсы для рэспубліканцаў — цяпер падчас прэзыдэнцкай кампаніі яны могуць забыць пра гэтую тэму і сканцэнтравацца на іншых. Ніхто не называе іх гамафобамі, нягледзячы на тое, што яны гадамі супрацьстаялі гей-шлюбам. (І ніхто не называе гамафобамі жыхароў тых штатаў ЗША, у якіх на рэфэрэндумах большасьць галасавала супраць гей-шлюбаў.) Пішуць пра тое, як разьвязаць праблему сумяшчэньня рэлігійных правоў хрысьціян з новымі рэаліямі — але ніхто не называе кансэрватыўных хрысьціян недаразьвітымі траглядытамі.
А што ў нас? Чытаючы дыскусіі ў сацыяльных сетках, хутчэй можна ўбачыць не жаданьне нешта даказаць і павялічыць колькасьць прыхільнікаў — а імкненьне прынізіць і абразіць апанэнтаў.
«Вось павылазілі лятэнтныя». Як вам такі аргумэнцік? Маўляў, усе, хто супраць гей-шлюбаў, — гэта лятэнтныя (схаваныя) гома. Ага, працэнтаў 90 насельніцтва Беларусі, як мінімум.
Ды нават ня гэта галоўнае, сам аргумэнт які! Калі вы супраць фашызму — вы лятэнтны фашыст. Калі вы супраць пэдафіліі — вы лятэнтны пэдафіл.
Ці вось дасягненьне апошніх дзён (здаецца, раней такога не было): «усе, хто супраць гей-шлюбаў, — гэта гамафобы». Вось, паўтаруся, у ЗША нікому ня прыйдзе ў галаву такое ляпнуць — а ў нас можна. І гэта ня толькі перакручваньне, гэта элемэнтарная адсутнасьць лёгікі. (Кшталту «Мёд — жоўты, мёд — салодкі, значыць, усё жоўтае — салодкае».) Калі я не прымаю мусульманскія каштоўнасьці — гэта ня значыць. што я ісламафоб. Я проста маю іншыя каштоўнасьці. Калі чалавек атэіст — гэта ня значыць, што ён антыхрысьціянін.
А яшчэ забаўна было чытаць аргумэнты ў стылі «многія звычайныя, гетэрасэксуальныя сем’і разводзяцца, жывуць без пачуцьцяў, дзяцей б’юць, п’янствуюць». Па-першае, гэта што — навіна для кагосьці? А па-другое, няўжо для каго, каб нешта сьцьвердзіць, — абавязкова трэба нешта іншае зьняважыць? Гэта вы так хочаце павялічыць колькасьць сваіх прыхільнікаў?
І мне здаецца, я маю адказ, чаму так адбываецца. У ЗША прыхільнікі гей-шлюбаў паводзілі сябе дастаткова паважліва, узважана — бо яны рэальна верылі ў посьпех сваёй справы. Ім трэба было дасягнуць мэты (як бы хто да яе ні ставіўся), таму яны стараліся не канфліктаваць, а пераконваць, здабываць сабе прыхільнікаў. У Беларусі — магчыма, з-за таго, што прыхільнікі гэтай ідэі ня вераць у рэальную магчымасьць нешта зьмяніць — яны проста прагнуць заявіць пра свае погляды і сказаць «фі» гэтаму «недаразьвітаму грамадзтву», зь якім усё роўна нічога ня зробіш. Чаго тады цырымоніцца? Я бачу гэтую тэндэнцыю («Нічога не дакажу, дык хоць зьняважу апанэнтаў») у розных дыскусіях — пра Ўкраіну, пра беларускую мову, апазыцыю — але чамусьці найярчэй яна праяўляецца ў дзьвюх тэмах: сэксуальныя мяншыні і фэмінізм.
Непрыемна назіраць, як людзі, якія адстойваюць нейкія прагрэсіўныя (на іх думку) ідэі, на самой справе маюць тое самае таталітарнае мысьленьне — «хто ня з намі, той супраць нас».