Старшынёй цэнтральнай рады Прэзыдэнцкага спартовага клюбу 27 траўня пераабраны Дзьмітры Лукашэнка.
Пра гэта паведамляе сайт sportclub.by па выніках агульнага сходу аб’яднаньня.
Дзьмітры Лукашэнка кіруе клюбам ад моманту яго заснаваньня ў 2005 годзе.
У цэнтральную раду клюба зноў увайшоў яшчэ адзін сын Лукашэнкі — Віктар. Ён зьяўляецца памочнікам прэзыдэнта па пытаньнях нацыянальнай бясьпекі.
Сярод іншых у складзе рады бізнэсовец Юры Чыж і мэр Менску Андрэй Шорац.
Спартовы аглядальнік Барыс Тасман сказаў карэспандэнту Свабоды, што клюб фінансуе маладых таленавітых спартоўцаў і трэнэраў:
«Спачатку гэта была невялікая група, а цяпер некалькі соцень чалавек. Адкуль бяруцца грошы ў Прэзыдэнцкага спартовага клюбу, я ня ведаю. Клюб — гэта структура, паралельная Міністэрству спорту. Але ж у нас у краіне многа паралельных структур і ня толькі ў спорце. Мы ўжо да гэтага прызвычаіліся. Ну, а калі гэта прэзыдэнцкі спартовы клюб, то няма нічога дзіўнага, што сын прэзыдэнта кіруе гэтым клюбам. Нас проста прывучылі за гэтыя 20 гадоў да такіх рэчаў, якія, напрыклад, у іншых краінах немагчымыя. Ну, калі гэта „прэзыдэнцкі“, то сямейнасьць цалкам зразумелая. У нас жа прэзыдэнт займаецца спортам».
Раней Дзьмітры Лукашэнка апавядаў, што клюб не прыцягвае бюджэтныя сродкі для сваёй дзейнасьці, а існуе за кошт сяброўскіх унёскаў, спонсарскай падтрымкі і ўласнай гаспадарчай дзейнасьці.
Дзьмітры Лукашэнка — сярэдні сын кіраўніка краіны.