Юры Станкевіч нарадзіўся ў 1949 у Барысаве. Скончыў факультэт журналістыкі БДУ, працаваў у «Барысаўскай аб’яднанай газэце». Пасьля пераезду ў Менск працаваў у часопісах «Маладосьць» і «Крыніца». Піша раманы, аповесьці, апавяданьні, п’есы і кінасцэнарыі. Сярод іншага, апублікаваў кнігі «Любіць ноч — права пацукоў» (1998), «Апладненьне ёлупа» (2005), «Мільярд удараў» (2008), «П’яўка» (2010), «Шал» (2013), «Брамнік заўжды самотны» (2014).
1. Для каго вы пішаце? (Хто ваш ідэальны чытач?)
Нацыянальна сьвядомая моладзь правага накірунку і тыя, каму не абыякавы лёс краіны.
2. Дзе вам найлепш пішацца, і калі?
Дома ў непагадзь. Калі за вакном сьпёка, альбо, як у Дастаеўскага, «...сьнег мокры падае, а скрозь яго ліхтары газай мігцяць...».
3. Аўтарам якой ужо напісанай кнігі вы хацелі б быць?
Кнігі выбранага «Бесапатам», якую здаў у выдавецтва, але якую блякіруюць вядомыя мне людзі, хоць і «шыфруюцца» ледзь не пад дабразычліўцаў.
4. Які літаратурны герой найбольш падобны да вас?
Безыменны. З аповесьці «Лавец сьвятла поўні».
5. Хто ваш улюбёны пісьменьнік?
Іва Андрыч, Кнут Гамсун, Фёдар Дастаеўскі, Р. Акутагава, Ул. Караткевіч. Сьпіс можна было працягнуць да 10 прозьвішчаў.
6. Што вы цяпер чытаеце?
Успаміны «лягерніцы» Надзеі Дземідовіч, асуджанай у 1950 г. да 25 год зьняволеньня за ўдзел у Саюзе беларускай моладзі.
7. На якіх замежных мовах (расейская ня лічыцца) вы можаце чытаць?
Чытаў калісьці па-француску. Мову вучыў у школе і ВНУ, давалася лёгка, але з часам гэта адышло, бо за бальшавікамі ў ёй не было патрэбы. За мяжу, вядома, мяне не пускалі, як сына палітзьняволенага, нават па турпуцёўцы.
8. Якая ваша найбольш улюбёная кніга з напісаных вамі?
«Шал», якая пабывала ў шорт-лісьце на Гедройця, але яе наўмысна зацкавалі ў асобных СМІ. Яшчэ антыўтопія «П’яўка».
9. Якую кнігу вам яшчэ хочацца напісаць?
Магчыма, выніковую.
10. Калі вы адчуваеце сябе найбольш свабодным?
У адзіноце. Ля вады альбо ў лесе.
***
Каб яшчэ больш зацікавіць вас беларускім прыгожым пісьменствам, рэдакцыя Радыё Свабода прыдумала міні-апытанку для пісьменьнікаў. Мы вырашылі пачаць яе ад «шорт- і лонг-лістараў» сёлетняй прэміі імя Гедройця, паколькі ўсе яны цяпер на слыху. Але з часам мяркуем прапанаваць гэтую забаву шырэйшаму творчаму колу ў Беларусі.