Ніл Гілевіч — апошні з жывых народных паэтаў Беларусі (гэтае ганаровае званьне было нададзенае яму ў 1991 годзе). І хоць паэту споўнілася ўжо 83 гады, ён па-ранейшаму займаецца літаратурнай і публіцыстычнай дзейнасьцю. Так, сёлета выйшла новая кніга эсэістыкі Гілевіча — «У віры быцьця» (выдавецтва «Кнігазбор»), паўнюткая глыбокіх думак і назіраньняў, зробленых паэтам цягам апошніх чатырох дзесяцігодзьдзяў. Гэта ня толькі кніга-роздум з шчымлівай трывогай пра Беларусь, але і своеасаблівыя «правілы жыцьця» вядомага літаратара, сапраўднага «чалавека-эпохі». Вось невялікая падборка гэтых «правілаў».
***
Некаторыя вераць, што можна пабудаваць беларускую дзяржаву без нацыянальнай беларускай ідэі і безь беларускай мовы. Марная задума! Гэта тое самае, калі нехта бярэцца зварыць піва без дражджэй. Але ж такога цуду людзі ня бачылі. Ня звараць! Звараць гідкае пойла, а ня піва.
***
Беларуская мова вельмі мілагучная, вымаўленьне ў нас плаўнае, каля кожнага галоснага гука адзін або два зычныя. Каб у адным складзе было аж тры зычныя — такога наша мова не прымае, бо «язык зломіш». Таму даўно пара называць наш слаўны горад ва ўсходняй Магілёўшчыне па-беларуску: Амсьціслаў, а не Мсьціслаў. Лёгенька, гладзенька, як у песьні.
***
Ні разу ня бачыў, на ўсіх зьездах [пісьменьнікаў] у Беларусі, каб усталі пры імені Купалы, ці Коласа, ці Багдановіча... Ні разу, ніколі.
***
Няйначай як самім лёсам паслана ўкраінскаму народу яшчэ адно выпрабаваньне на годнасьць і гонар, дадзена яшчэ адна магчымасьць засьведчыць перад сьветам сваю мудрасьць і мужнасьць і не скарыцца сілам зла, не ўступіць няпраўдзе і хамству.
***
Слабасьць нашай літаратуры апошніх дзесяцігодзьдзяў — слабасьць сацыяльнага аналізу.
***
У Брэжнева былі дублікаты ўсіх зорак Героя. Пасьля сьмерці знайшлі ў скрынцы 34 дублікаты — 13 зорак Героя Сацыялістычнай Працы і 21 зорку Героя Савецкага Саюза. Усе дублікаты былі з чыстага золата.
Ну дык хто кіраваў вялікай краінай? Нармальны здаровы чалавек? А хто быў зь ім побач? Хто слугаваў яго хворай дурноце?
***
Самае горшае будзе, калі моладзь пойдзе за дэмагогамі і цынікамі, за іх хлусьнёй. Дэмагогі крычаць пра патрыятызм, імянуюць сябе вялікімі патрыётамі. Прабачце, патрыётамі якой краіны, якой зямлі? Зямлі Купалы, Коласа, Багдановіча, Гарэцкага, Чорнага, Геніюш, Караткевіча? Зямлі Буйніцкага, Галубка, Драздовіча, Сергіевіча, Забэйды-Суміцкага, Шырмы? Ці патрыётамі «Отечества»? Заўважце, як гэтыя патрыёты любяць слова «Отечество». Не сумнявайцеся, што яны маюць на ўвазе не Беларусь, о не!
Таму і кажу маладым: толькі не паддайцеся на хлусьню. Адзін раз не вытрымаеце — і цяжка будзе ўтрымацца, цяжка.
***
Тое, што зрабіў Гасподзь Бог — Ён не перарабляе. Так было, ёсьць і будзе.
***
У нашай сытуацыі — лепш бяз партый. Партыя — гэта група, групка са сваімі групавымі інтарэсамі. А нам патрэбны адзін вялікі рух нацыянальных патрыётаў. Усенародны. Усебеларускі.
***
Да якой жа ступені трэба забіць у сабе чалавека, трэба страціць у душы сумленьне, каб, ведаючы, што выдатныя грамадзка-палітычныя дзеячы зьнішчаны, ліквідаваны як апазыцыянэры, пісаць і друкаваць такое: «Яны зьехалі за межы Беларусі і недзе там жывуць-пажываюць...»!
Што стане з нашым грамадзтвам, калі такі рэжым працягне яшчэ пяць гадоў? Да чаго дойдзе агульная маральная дэградацыя? А калі пратрымаецца пяць, то пасьля яшчэ і дваццаць пяць, бо за гэтыя пяць усякая мараль, усякая чалавечая годнасьць будзе дабіта, ліквідавана канчаткова і... жах падумаць, што будзе з нашым няшчасным народам.
***
У Бядулі знайшоў знаёмае мне зь дзяцінства наша лагойскае слоўца «пукаецца» (пупышка пукаецца, дрэва пачынае распускацца). Нідзе, апрача як у нас, ніколі не чуў, не сустракаў.
***
Мы навучыліся жыць і карміцца з 4-х, з 6-ці, у лепшым выпадку — з 10-ці сотак. У сярэднім — з шасьці. Мы — шасьцісоткавая нацыя! Ура! Гэта наш нацыянальны маштаб. Больш ня хочам. Маштаб нашай душы. Пры маштабах Беларусі ў два, у пяць, у дзесяць разоў большых за маштабы многіх эўрапейскіх краін.
***
Тое, што гучыць цяпер ноччу ці рана ўранку з радыёпрыёмнічка, — хіба гэта песьні? Прабачце, гэта суцэльная для слыху і душы абраза. І за што ж пазбаўляюць душу маю нават гэтага?
***
Прачытаў у друку: загінула, сышло ў нябыт каля 80 працэнтаў усіх малых рэчак Беларусі. Удумаемся: каля 80 працэнтаў! Гэта значыць, з кожных дзесяці рэчак і рэчачак васьмі ня стала. З кожных дзесяці засталіся дзьве. З усіх краін Эўропы (а можа, і цэлага сьвету) Бог выбраў сабе як самую вартую ягонай ласкі Беларусь і надзяліў яе шчодра, як ніякую іншую, самым каштоўным багацьцем — рэчкамі і рэчачкамі... Але мы, беларусы, аказаліся не вартымі Боскага дару. Мы пусьцілі яго на глум і пагібель.
***
У апошнія гады ў нас усё часьцей чуюцца галасы, што беларускае пісьмо дзеля збліжэньня з Эўропай трэба пераводзіць з кірыліцы на лацініцу. І робяцца нават практычныя спробы друкаваць тэксты лацінскім альфабэтам. Ініцыятыва гэта — кур’ёзная (калі ўвогуле не правакацыя). За зьменай альфабэту — зьмена пісьменства, а гэта значыць асуджэньне на сьмерць усёй нашай літаратурнай спадчыны, якую немагчыма — усю! — перавесьці на новае пісьмо. У свой час бальшавікі зрабілі такі дзікі гвалт у Сярэдняй Азіі: традыцыйнае арабскае пісьмо замянілі кірылічным, якое зусім не прыдатнае для перадачы іх жывога маўленьня.
***
Прачытаў у «Новым Часе» паведамленьне, што ў Трасьцянцы на магіле ксяндза Вінцэнта Гадлеўскага ўстаноўлены крыж Эўфрасіньні Полацкай з надпісам: «Сьвяты пакутнік Беларусі айцец Вінцэнт Гадлеўскі». І зноў так сьветла, так цёпла падумалася: не загінем! З такімі сьвятымі імёнамі ў сэрцы — не загінем.