Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Алексіевіч: У кожным расейцу ёсьць трохі Пуціна


«Расейскіх журналістаў трэба судзіць за тое, што яны гавораць пра вайну на Данбасе» — сказала на сустрэчы з чытачамі ў Варшаве беларуская пісьменьніца Сьвятлана Алексіевіч.

Польскі пераклад кніжкі Алексіевіч «Час сэканд-хэнд» намінаваны на літаратурную прэмію імя Рышарда Капусьцінскага, выдатнага польскага пісьменьніка ў жанры літаратурнага рэпартажу і дакумэнтальнай прозы, які нарадзіўся ў Пінску.

«Аднак сапраўднай праблемай зьяўляецца тое, што расіяне хочуць слухаць тую хлусьню. У кожным расейцу ёсьць трохі Пуціна. Чырвоная імпэрыя адышла, але савецкі чалавек застаўся. Больш чым 100 гадоў выхоўваюць яго ў кульце вайны. І яму ніколі не жылося добра. Савецкага чалавека некалькі дзясяткаў гадоў падманвалі, а потым, пасьля перабудовы, сыстэматычна абкрадалі. Таму гэта вельмі жорсткі і агрэсіўны тып чалавека» — цытуе Сьвятлану Алексіевіч сайт Tokfm.pl.

Сайт згадвае адзін інцыдэнт падчас сустрэчы Алексіевіч у Варшаве — калі яна закранула тэму вайны ў Данбасе, нехта з залі выкрыкнуў: «Гэта бандэраўская прапаганда!». На што пісьменьніца адрэагавала:

«Якраз з-за такіх рэакцый мы пачынаем страляць адны ў адных. Калі б сёньня паслалі ў спакойную Беларусь сто танкаў, выявілася б, хутчэй за ўсё, што частка хоча далучыцца да Польшчы, частка да Расеі. Адно толькі несумненна: пралілася б кроў».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG