Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Украіна ўцякае ад нас у НАТО», — апытаньне ў Магілёве


Беларусі магчымае сяброўства Ўкраіны не пагражае,— лічаць апытаныя Свабодай жыхары Магілёва.

Апытаньне Свабоды: «Як вы ставіцеся да таго, што Ўкраіна зьбіраецца далучыцца да НАТО? Ці ўяўляе гэта небясьпеку для Беларусі? Чаму так лічыце?». Адказвалі жыхары Магілёва.

«Найперш будзе залежаць ад самой Беларусі, якую палітыку яна будзе весьці. Што да Ўкраіны, то гэта ейны шлях. Калі народ гэтак пастановіць, то гэта будзе толькі іхнае рашэньне. Добра ці кепска — пакажа толькі час».

«Беларусі не пагражае, але стаўлюся адмоўна. НАТО — нашы даўнія праціўнікі. Мы бліжэй да Расеі. Як быў Савецкі Саюз — гэтак і застаўся. Але калі Ўкраіна ўступіць, то нічога страшнага. Не хацелася б, каб яны ад нас уцякалі».

пачакайце

No media source currently available

0:00 0:01:59 0:00
Наўпроставы лінк

«Пры той палітыцы, якую праводзіць Расея, адзінае, што застаецца Ўкраіне, каб захаваць сваю цэласнасьць, — толькі ўступіць у НАТО. Тады яна будзе абароненая ад агрэсіўнай дзяржавы. І Беларусі варта ў НАТО. Але ж вы ведаеце, які ў нас урад і хто прэзыдэнт, таму бліжэйшым часам гэтага не адбудзецца».

«Кожны гаспадар выбірае кірунак жыцьця сам. Як народ выбера, так павінна і быць. Пакуль Беларусь з Расеяй, ёй пагрозаў ніякіх няма. Груба кажучы: „Дах павінен быць заўжды“».

«У НАТО няма сэнсу ўступаць. Беларусі нічога не пагражае».

«Куды хоча, туды няхай і ўступае. Гэта яе выбар. Ніякай пагрозы нам ня будзе ад гэтага. Нічога ня зьменіцца. Украіна з намі асабліва і не супрацоўнічала, таму нічога асаблівага ня страцім».

«А хто яе туды возьме? Каму яна там патрэбная са сваімі праблемамі, жабрацкая краіна? Калі яна і ўступіць туды, дык гэта дваццаць гадоў пройдзе. Я дужа сумняваюся, што на Беларусь гэта неяк паўплывае — хоць на што-небудзь».

«Ды там жа ўжо трыста натаўскіх, амэрыканскіх вайскоўцаў навучаюць. Яны блізка дужа ад нас. Ад іх добрага ня варта чакаць. Там, дзе амэрыканцы зьяўляюцца, паўсюль вэрхал. Брацкаму народу варта быць з Расеяй. А Расея Крым не забірала. Там насельніцтва выказалася. Рэфэрэндум быў».

«Вядома ж, кепска, што ўступае ў НАТО. Уявіце, ракеты будуць ва Ўкраіне, пад носам у Беларусі. Проста яны выконваюць амэрыканскую просьбу».

«Беларусі ад гэтага нічога ня будзе. А там невядома як атрымаецца. Разам з Расеяй вытрымаем любы ўдар».

«Нічым не пагражае і ніяк да гэтага ня стаўлюся. Я рады за нашых сяброў. У іх свая палітыка, а ў маёй дзяржавы — свая. Сьвет не настолькі звар’яцеў, каб пагражаць адзін аднаму».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG