куплены беларусамі рэанімабіль у першы добраахвотны мабільны шпіталь імя Міколы Пірагова. Некалькі дзён машыны даабсталёўвалі. Цяпер «Ратаўніца» (так назвалі валянтэры машыну) працуе ў раёне гораду Арцёмаўску Данецкай вобласьці. Радыё Свабода пагутарыла з доктаркай-валянтэркай, 26-гадовай Аксанай Раманіў, якая разам з кіроўцам езьдзіць па зоне АТА і эвакуюе ў Харкаў параненых салдат і цывільных людзей.
—Аксана, чым вы займаецеся ў добраахвотніцкім мабільным шпіталі імя Міколы Пірагова?
—Я лекар-тэрапэўт. Але даводзіцца займацца ня толькі тэрапіяй, але і хірургіяй. Таксама шмат даводзіцца займацца дыягностыкай. Напрыклад, у нас цяпер ёсьць мабільны рэнтген, зь якім мы езьдзім па вайсковых часьцях і дыягнастуем параненых. Таксама я займаюся эвакуацыяй хворых, для гэтага вельмі нам прыдалася машынка «Ратаўніца», якую нам ахвяравалі беларускія валянтэры. Акурат цяпер на ёй едзем.
—Гэта ж рэанімабіль. Як вы яго выкарыстоўваеце?
—Гэта цяпер самая лепшая машына ў нашым шпіталі. Я, дарэчы, не зьдзівілася, што беларусы зрабілі такую ахвяру. У мяне ёсьць сябры ў Беларусі, і я ведаю, што вы падтрымліваеце ўкраінцаў. Нам неабходныя машыны, таму што заўсёды ёсьць імавернасьць трапіць пад абстрэл, пасьля якога машына можа ці выйсьці са строю, ці патрабаваць сур’ёзнага рамонту.
—Колькі ўсяго ў вас машын?
— Чатыры, адна зь іх — беларуская «Ратаўніца». Але можа быць такая сытуацыя, што будзе абстрэл і застанецца адна. Таму кожны аўтамабіль вельмі каштоўны для нас.
—Які экіпаж «Ратаўніцы»?
—Кіроўца і я. У прынцыпе, гэтага дастаткова. Вельмі добра, што ў «Ратаўніцы» можна перавозіць адразу двух ляжачых пацыентаў.
—Дзе вы цяпер знаходзіцеся?
—Працуем у раёне Арцёмаўску Данецкай вобласьці.
—Як арганізаваны ваш працоўны дзень?
—Вельмі па-рознаму. Бываюць дні зацішша, тады трошкі спакайней. А калі актыўныя баявыя дзеяньні, то вельмі вялікая плынь параненых — тады працуем кругласуткава.
—Куды вы адвозіце людзей, якім патрэбная шпіталізацыя?
—Эвакуюем хворых у Харкаў, гэта 200 кілямэтраў ад Арцёмаўску.
—Наколькі для вас небясьпечна працаваць у зоне АТА?
—Мы разумеем, што не на курорт прыехалі. Ведалі загадзя, якая праца тут чакае.
—Вы дапамагаеце цывільным ці вайсковым?
—Найперш вайсковым. Але ў нас валянтэрскі шпіталь, таму мы лекуем усіх, каму гэта патрэбна. Калі спакайней, то езьдзілі і да цывільных, праводзілі мэдагляды, рэнтгенаграфію. За два дні працы на «Ратаўніцы» я прыняла 50 цывільных пацыентаў і 9 вайсковых. Гэта няшмат, бо не было аўралу, асабліва актыўных абстрэлаў.