Расейскія фэрмэры адчуваюць фінансавыя цяжкасьці ў сувязі з падаражаньнем угнаеньняў і кармоў замежнай вытворчасьці, піша сайт газэты «Известия».
Пасьля сьвяткаваньня Вялікадня, у сярэдзіне красавіка, у сталіцы Расеі пачнуць служыць малебны ў дапамогу фэрмэрам і разьвіцьцю імпартазамяшчэньня ў Расеі. Пра гэта паведаміў намесьнік старшыні Сынадальнага аддзелу ўзаемадзеяньня Царквы і грамадзтва Расейскай праваслаўнай царквы (РПЦ) айцец Раман Багдасараў.
Паводле яго, дробныя вытворцы сельскай гаспадаркі часта банкруцяцца праз адсутнасьць дастатковай падтрымкі з боку дзяржавы.
Малебны ў дапамогу сялянам плянуецца зрабіць пастаяннымі, і наладжвацца яны будуць у любы зручны для грамадзян час.
Цяпер у храме Сьвяціцеля Мікалая на Трох Гарах ў цэнтры Масквы ўжо праводзяцца малебны ў дапамогу валютным пазычальнікам.
Багдасараў таксама сказаў, што ў цяперашняй эканамічнай сытуацыі складаней за ўсё даводзіцца ўладальнікам і працаўнікам невялікіх гаспадарак, якія ня маюць дастатковых сродкаў для разьвіцьця вытворчасьці.