Лявон Юрэвіч, наш чалавек у Нью-Ёркаўскай публічнай бібліятэцы, за часамі беларускай незалежнасьці выдаў кніг, бадай, ня менш, як народныя паэты ў сямідзесятыя гады. Прынамсі, каталёг Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі на імя «Л. Юрэвіч» выдае 34 пазыцыі, да якіх імярэк прыклаў сваю літаратурна-крытычную, укладальніцкую, камэнтатарскую, пасьлямоўную і рэдактарскую руку. Нядаўна ж зьявілася 35-я юбілейная кніжыца — «Відымусы». У загалоўку абыгрываецца старая назва архіўных копіяў і выпісак, і бадай што гэты, ці то гаспараўскі, ці то даўлатаўскі, жанр супаў з мысьленьнем амэрыканскага архівіста як найлепш.
Нагадаю, што Лявон Юрэвіч — безумоўны экспэрымэнтатар што да стварэньня гісторыка-літаратурных тэкстаў. У «Камэнтарах» (1999) ён абсалютна разьняволена цытаваў мацерныя вершы Алеся Салаўя і эратычную лірыку Рыгора Крушыны: і адно, і другое для тагачаснага (дый для сучаснага) беларускага літаратуразнаўства — тэма непажаданая і «недысэртабэльная». Ды й сам жанр філялягічнага артыкула Юрэвіч пастаянна мадэрнізаваў, уводзячы туды шырокія слаі архіўных крыніц, пераважна эміграцыйнага эпісталярыюму, які захоўваецца ў нью-ёркаўскім БІНІМе і іншых заакіянскіх сховішчах. Праз гэтае разьняволенае эпісталярнае маўленьне, дзякуючы пану Лявону, намі цяпер збольшага і ўспрымаецца гісторыя эміграцыйнай літаратуры. Побытавая гісторыя (а часам і трагедыя) літаральна кожнага пісьменьніка-эмігранта была ўзноўленая Лявонам Юрэвічам у адмысловым артыкуле; падобныя тэксты найчасьцей займалі ладную частку чарговага тому альманаха «Запісы БІНІМ». Збольшага ўсе тыя побытавыя гісторыі карэніліся ў даваенных 1920-х і 1930-х, і праз гэтыя эпісталярныя дзьверы можна было ненавязьліва падслухаць размовы ўзвышэнцаў, маладнякоўцаў, БелАППаўцаў і ТАВІЗаўцаў (пра Таварыства аматараў выпіць і закусіць я наагул упершыню ад Юрэвіча і даведаўся, бо дзе ж такое ўспомніш, як не ў лісьце — афіцыйная пэрыёдыка гэткія тэмы абмінае).
Памянёную эпісталярную гісторыю эміграцыі Юрэвіч пазьней паспрабаваў зьмікшыраваць з жанравай тэорыяй (у кнізе «Жанры»), а цяпер прапанаваў новы варыянт літаратуразнаўчай кнігі.
«Відымусы» — такое сабе сола на ундэрвудзе, аднак заснаванае на архіўных дакумэнтах беларускіх эмігрантаў. А дакумэнт, як вядома, крыніца паважная і надзейная. Таму з кнігі можна наўпрост даведацца:
а) хто зь беларускіх сьвятароў называў сябе тэлефонам Госпада Бога;
б) якім чынам Кастусь Каліноўскі стаў арганізоўваць суполкі незалежных прафсаюзаў у ЗША;
в) чым адрозьніваўся па рэцэптуры торт жонкі Яна Станкевіча ад торта сястры Антона Луцкевіча;
г) дзе прафесар Вацлаў Іваноўскі трымаў сваю фабрыку супрацьпяхотных гранат.
Вядома, ёсьць тут назіраньні і запісы самога Юрэвіча, троху зьдзеклівыя і зьедлівыя. Ён «шчыра радуецца» разам з Адамам Мальдзісам «найдакладнейшаму і слушнаму» надпісу на мэдалі Францішка Скарыны: «Францыск Георгій». Незадаволена бурчыць з нагоды новых літаратуразнаўчых афіцыйных дасьледаваньняў. Але літаратура і эміграцыйная гісторыя тут цьвіце і пахне чаборам, як быццам і няма ніякай адлегласьці — ці то часавай, ці то прасторавай.
Здараецца, цытаты выкарыстоўваюцца дасьледчыкам вельмі ўжо рызыкоўныя. Мне нават няёмка іх прыводзіць, дый ня хочацца адбіваць чытацкую цікаўнасьць. Адно скажу: камэнтары на сайтах Нашай Нівы і Радыё Свабода з нагоды «дыскрымінацыйнай дыскусіі» — гэта проста дзіцячае лепятаньне ў параўнаньні зь некаторымі лістамі эміграцыйных пісьменьнікаў. Няма нічога новага пад сонцам: усе жывыя людзі. Добра, што тыя лісты не вывешваліся ў 1950-я гады публічна, як цяпер, але і да патаёмнасьці аўтарам было далёка. А некаторыя аўтары дык і наагул выбудоўвалі цэлую стратэгію, каб пэўным лістом ахапіць усю грамаду беларусаў у той ці іншай краіне альбо амэрыканскім штаце. Дазволіўшы паказаць тэкст «таму і таму» і напэўна ведаючы, што яны, нібы тыя фэйсбучнікі, за дзень «расшараць» зьмест ліста ледзь не на ўсю беларускую дыяспару.
Адным словам, вывучэньне вясёлай, правакацыйнай і жыцьцярадаснай кнігі Лявона Юрэвіча пераконвае ў тым, што беларускі характар — зьявішча сфармаванае і даўнішняе. Не было і ў эміграцыі сьвятых угоднікаў, і няма як чакаць ад яе эстэтычнага, рэлігійнага і палітычнага збавеньня для беларусаў — ужо чаго-чаго, а рэлігійнага трымценьня перад прозьвішчамі ў Юрэвіча няма. Тым ня менш, ёсьць і чаму павучыцца ў дыяспары. Бо граблі, на якія яны наступалі цягам апошніх шасьцідзесяці гадоў, вольна раскіданыя цяпер па ўсіх шасьці абласьцях «архіпэлягу Беларусь» (В. Акудовіч). Таму кнігу Юрэвіча варта выкарыстоўваць як пэўную мапу з пазнакамі, дзе тыя граблі ляжаць.
А можна і проста атрымліваць задавальненьне ад тэксту.