Лінкі ўнівэрсальнага доступу

КНДР унутры Расеі. Француская журналістка патаемна зьняла фільм пра кадыраўскую Чачню


Дакумэнтальны фільм «Чачня: вайна бязь сьледу» здымаўся патаемна: у царстве Рамзана Кадырава за журналістамі пільна назіраюць.

«Ужо празь некалькі дзён пасьля першага прыезду, — распавядае рэжысэрка стужкі, француская журналістка Манон Луазо, — я заўважыла за сабой сачэньне, так што вырашыла ня жыць у Чачні, а прыяжджаць і зьяжджаць. Так я прыяжджала 12 разоў, але кожны раз пасьля двух-трох дзён здымак заўважала, што за мной зноў сочаць. У мяне вялікі досьвед працы ў Расеі, і я адразу бачу, калі цябе раптам пачынаюць фатаграфаваць, за табой едзе падазроная машына, або хтосьці, хто называе сябе студэнтам, пачынае задаваць дзіўныя пытаньні ... Так што спатрэбілася вельмі шмат хітрыкаў, каб здымаць».

«Вайна бязь сьледу» — пяты фільм Манон Луазо, зьняты ў Чачні. Яна там працавала падчас першай і другой расейска-чачэнскіх войнаў, але, вярнуўшыся цяпер у Грозны, не пазнала горад. Руін няма, у цэнтры — хмарачосы і новыя мячэці, паўсюль партрэты Пуціна, Ахмата і Рамзана Кадыравых, аб нядаўніх баях нішто не нагадвае.

Фільм:

«Мне хацелася паказаць горад забыцьця, пацёмкінскую вёску, — распавядае Манон Луазо. — Асобна мы здымалі пракадыраўскія дэманстрацыі, таму што як толькі яны бачаць замежную здымачную групу на афіцыйным мерапрыемстве, тут жа пачынаюць цікавіцца, хто ты такі. Трэба было гаварыць, што мы здымаем фільм аб аднаўленьні Чачні».

Трэйлер:

Галоўнай задачай Манон Луазо было адшукаць людзей, якія наважацца казаць праўду пра царства Кадырава. І такія людзі знайшліся ў Камітэце супраць катаваньняў, які да сьнежня 2014 года працаваў у Грозным. Сюды прыходзілі чачэнцы, якія распавядалі пра тое, як выкрадаюць, катуюць і забіваюць іх сваякоў людзі Кадырава. Так, пры нявысьветленых абставінах былі па-зьверску забітыя дзьве дзяўчыны, якія працавалі на аўтамыйцы ў Грозным. Іх сваякам загадалі маўчаць, але яны вырашылі распавесьці аб сваім горы журналістам. Яшчэ адзін герой фільма — прэзыдэнт «Асамблеі народаў Каўказу» Руслан Кутаеў, арыштаваны і зьбіты пасля таго, як ён адважыўся арганізаваць канфэрэнцыю, прысьвечаную сталінскай дэпартацыі чачэнскага народу. Яго абаронай таксама займаўся Камітэт супраць катаваньняў, але ўсе намаганьні адвакатаў былі дарэмныя: суд асудзіў Кутаева да 4 гадоў пазбаўленьня волі.

«Мы скончылі здымкі ўвосень мінулага года, а ў сьнежні, пасля тэракту ў Грозным, офіс Камітэту супраць катаваньняў быў спалены людзьмі Кадырава, — распавядае Манон Луазо. — Яны забралі ўсе кампутары, архівы, а супрацоўнікам камітэту давялося пакінуць Чачню. На Захадзе цікавасьць да Чачні ўпала, так што замежнікаў там няма, калі не лічыць Жэрара Дэпардзье, які здымаўся ў ролі Ахмата Кадырава ў фільме, які фінансаваў сам Рамзан Кадыраў. Я вырашыла зрабіць гэты фільм для таго, каб галасы з Чачні зноў прагучалі».

Чытаць інтэрвію з рэжысэркай цалкам.

3 сакавіка франка-нямецкі тэлеканал ARTE паказаў фільм «Чачня: вайна бязь сьледу», а першыя кінапаказы адбыліся ў Жэневе і на фэстывалі «Адзіны сьвет» у Празе.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG