19.3.1931, Каломна, Расея — 14.11.2008, Менск. Пахаваны на менскіх Кальварыйскіх могілках.
Дзьве кнігі асьвятлялі мой шлях у нацыянальны космас — раман «Каласы пад сярпом тваім» Уладзімера Караткевіча і томік гістарычных нарысаў «З думай пра Беларусь» Генадзя Кісялёва.
Насупор унівэрсытэцкім падручнікам і лекцыям на нашым гістфаку БДУ гэтыя шчасьліва адкрытыя мною кнігі сьцьвярджалі крамолу: гісторыю робіць не народ, а — асобы. І калі ў Караткевіча гэта былі літаратурныя пэрсанажы, якія пакуль дарасталі да сваіх будучых дзеяў, то са старонак Кісялёва да нас прыходзілі рэальныя героі — з адрасамі, імёнамі, мянушкамі. Іх партрэты хацелася павесіць над сваім ложкам у інтэрнацкім пакоі.
Для мяне было вялікай нечаканкаю даведацца, што Генадзь Кісялёў нарадзіўся не ў Беларусі, а ў падмаскоўнай Каломне і што ягоны бацька-расеец амаль усё жыцьцё служыў у органах дзяржбясьпекі. Дарэчы, гэтыя магутныя аргумэнты ня раз выкарыстоўвалі рэдактары кніг Кісялёва, каб абараніць аўтара ад абвінавачаньняў у нацыяналізьме. Тое, што Генадзь Васілевіч атрымаў дыплём Маскоўскага гісторыка-архіўнага інстытуту (у 1953 годзе, пазначаным у савецкім календары сьмерцю Сталіна), было аргумэнтам слабейшым, бо гісторыкі і літаратуразнаўцы з вайсковымі званьнямі ведалі гэтую навучальную ўстанову як «рассаднік вальнадумства».
Каб ураўнаважыць згаданы факт, нехта запусьціў думку, што Кісялёва накіравалі з Масквы менавіта ў Вільню, каб дапамагчы літоўскім таварышам пераадолець ідэалягічныя хістаньні. Мне думаецца, на выбар месца працы найперш паўплываў сам выпускнік: сказалі сваё слова і беларускія карані маці-віцяблянкі, і тое, што ўжо ў віцебскай сярэдняй школе, якую пасьля вайны скончыў Генадзь, ён захапіўся гісторыяй Беларусі. Але як бы там ні было, а паўтара дзесяцігодзьдзя, праведзеныя Кісялёвым на пасадзе супрацоўніка Дзяржаўнага гістарычнага архіву Літвы, сталася для беларускай гісторыі і літаратуразнаўства шчасьцем. Сама атмасфэра нашай старажытнай сталіцы і яе архіўныя скарбы, памножаныя на магутны талент і апантанасьць сваёй справаю, зрабілі Генадзя Кісялёва яшчэ да пераезду ў 1971-м у Менск выдатнай постацьцю айчыннай навукі і культуры.
Наступнай сустрэчаю з Кісялёвым — зноў вяртаюся ў гады юнацтва — былі выдадзеныя да 100-годзьдзя паўстаньня Каліноўскага «Сейбіты вечнага», першая кніга майго ўжо ўлюбёнага аўтара. Яна чыталася, быццам гістарычны раман: «1863 году 7 сакавіка наглядчык за арыштантамі ў Пабэрнардынскім будынку жандарскі унтэр-афіцэр Скараходаў падаў у сьледчую камісію белую насавую хустачку, прынесеную з абедам да арыштаванага Карла Станкевіча (адзін з галоўных дзеячаў нелегальнай менскай паўстанцкай арганізацыі). На хустачцы было напісана алоўкам выяўленьне нязьменнай любові да яго Каміліі Марцінкевіч, якая ўтрымліваецца ў астрозе, вядомая сваім дзёрзкім характарам і адкрыта выказвала свае рэвалюцыйныя ідэі. Пастанавілі: для падтрыманьня далейшай перапіскі, якая можа выкрыць некаторыя акалічнасьці, загадаць Скараходаву перадаць хустачку Станкевічу».
На пачатку 1990-х Генадзь Кісялёў прынёс да нас у выдавецтва «Мастацкая літаратура» дзьве важкія тэчкі, на якіх было напісана: «Кастусь Каліноўскі» — яго публікацыі, лісты, дакумэнты паўстаньня, сьведчаньні сучасьнікаў. Я разьвязаў тасёмкі і прачытаў эпіграф:
— Каго любіш?
— Люблю Беларусь.
— Так узаемна!
Пароль паўстанцаў 1863 году.
Ды неўзабаве над краінаю падзьмулі іншыя вятры. Рэдакцыю разагналі, і загадам палкоўніка, што быў кінуты кіраваць нашым міністэрствам (на тым сьвеце палкоўнікі Лосеў і Шалгуноў разам з Мураўёвым задаволена пацерлі рукі), я ў кампаніі аднадумцаў быў звольнены з выдавецтва «за выпуск исторической и другой сомнительной литературы». На вялікае шчасьце, тыя дзьве тэчкі не загінулі і ў 1999-м папоўнілі «Беларускі кнігазбор» зялёным томам «Кастусь Каліноўскі. За нашую вольнасьць». Тут чарговы раз на ўсю поўніцу выявіўся геній Кісялёва — архівіста, гісторыка і публіцыста, які рашуча бараніў імя нацыянальнага героя ад спробаў паставіць яго подзьвіг пад сумнеў.
Ужо ў новым стагодзьдзі мне выпала інтэлектуальная раскоша супрацоўнічаць з Генадзем Кісялёвым у часе падрыхтоўкі першага выданьня «Імёнаў Свабоды». Можна сказаць, што дзясяткі старонак, азораных імёнамі паўстанцаў 1863-га, былі напісаныя з блаславеньня мэтра. Ён падказаў, дзе знайсьці выявы Камілы Марцінкевіч і Ахіла Банольдзі або са скрухаю, але абсалютна ўпэўнена параіў спыніць пошукі партрэта юнага Адама Пуслоўскага, які ўдзельнічаў у паўстаньні адзін дзень і ўсё роўна на загад Мураўёва-вешальніка быў пакараны сьмерцю... Часам узьнікала падазрэньне, што спадар Генадзь сам пабываў сярод інсургентаў.
У мяне ўваччу і цяпер стаіць спадар Генадзь — у калідорчыку, вузкім ад кніжных шафаў, што не зьмяшчаюцца ў пакоях, схуднелы, з прабачлівай усьмешкаю, уласьцівай хвораму чалавеку, які ўжо прадчувае блізкасьць сыходу.
Падпісаць яму «Імёны» я яшчэ пасьпеў...
А празь пяць гадоў мне выпаў гонар пісаць прадмову да ўжо ня першай пасьмяротнай кнігі спадара Генадзя «Смак Беларушчыны», куды ўвайшлі шмат якія дасюль незнаёмыя чытачу тэксты. Ужо самі іх назвы прымушалі душу заходзіцца ў радасным прадчуваньні — і проста захапляльнага чытва, і глыбіні, і заўсёды неабходнай для маўклівай размовы з Генадзем Кісялёвым разумовай працы: «Пра вешчых песьняроў, фартуну Радзівілаў і сакрэты старых радаводаў», «У Дабраўлянах, прыстанку музаў, у 1863 годзе», «Беларускія вёрсты шатляндзкага двараніна Сен-Клера»... Аматараў гісторыі чакалі сапраўдныя сэнсацыі.
Цяпер ён сам навекі далучыўся да сваіх сейбітаў вечнага. Да тых, хто стаяў ля вытокаў нацыянальнай ідэі, хто натхняўся ёю, хто вучыў беларусаў жыць у нацыянальных каардынатах — каб зьдзейсьніцца. Хто ведаў адказ на пытаньне, якое і ў ХХІ стагодзьдзі ня страціла вострай надзённасьці: «Каго любіш?».