Вайна ва ўсходняй Украіне нясе з сабою такую ж рызыку, якую несла б вайсковае ўмяшаньне Захаду з прычыны савецкай інтэрвэнцыі ў краінах Цэнтральнай Эўропы ў пэрыяд халоднай вайны — гэта значыць, рызыку трэцяй сусьветнай вайны.
Гэтак лічыць былы нямецкі дыплямат і выведнік Ганс-Георг Вік, які быў кіраўніком Кансультатыўнай назіральнай групы АБСЭ ў Менску ў 1998-2001 гг.
У інтэрвію кіеўскаму англамоўнаму выданьню Kyiv Post Ганс-Геог Вік сказаў, што Захад павінен дабівацца саступак ад Расеі ў канфлікце з Украінай пры дапамозе паэтапных «эканамічных і іншых санкцый».
Адказваючы на пытаньне пра «заігрываньне» Аляксандра Лукашэнкі з Захадам на тле высілкаў урэгуляваць расейска-украінскі канфлікт мірным шляхам, спадар Вік адзначыў:
"Лукашэнка адчувае пагрозу ад новай расейскай дактрыны вайсковай інтэрвэнцыі ў суседніх краінах. Пачатак перамоваў аб магчымым паляпшэньні адносінаў паміж ЭЗ і Лукашэнкам залежыць ад вызваленьня палітвязьняў. Беларусь зьяўляецца ўдзельніцай праграмы Ўсходняга партнэрства, запачаткаванай Эўразьвязам у 2009 годзе. Так што патэнцыял для такога паляпшэньня ёсьць, нават калі прарыў у сэнсе правядзеньня дэмакратычных рэформаў [у Беларусі] бліжэйшым часам мала імаверны".