Ёсьць такі дыягназ у мэдыкаў – эмацыйнае выгараньне.
Гэта калі руціна паліклінік за тры-пяць-сем гадоў робіць лекара абыякавым да пацыента і яго праблем. Вынік – грубае абыходжаньне зь людзьмі, няўважлівасьць, нуль жаданьня дапамагчы.
Сяброўка мне распавядала, што ў радзільных аддзяленьнях у нас да парадзіх інакш як «хворыя!» («больные!») мэдыкі не зьвяртаюцца.
У сёньняшняй Беларусі, дзе на першым месцы апынуўся чыноўнік, гэты дыягназ трэба ставіць яму. Кажу пра ўсё чынавенства зьверху данізу і па гарызанталі – ва ўсіх сфэрах жыцьця. Калі судзьдзя адпраўляе чалавека ў турму за ўскладаньне кветак да помніка Шаўчэнку – гэта эмацыйнае выгараньне. Калі міністар інфармацыі (цікава, у колькі бюджэту абходзіцца гэтае ведамства*) шчыра радуецца таму, што для новых радыёстанцый няма свабодных ФМ-частот – гэта эмацыйнае выгараньне. Калі мытня стараецца вырваць у чалавека болей (падман тут сьпішацца, ня тое што наадварот), а ня меней – гэта эмацыйнае выгараньне. Сэнс яго той самы, што і ў мэдыцыне – не любіць чалавека, вось і ўсё. Узьненавідзець суайчыньніка – як тая ўнутрана спустошаная стаматолаг-гінеколаг з паліклінікі ненавідзіць сваіх пацыентаў. Ведаеце, што гэта такое? Поўная дыскваліфікацыя, неадпаведнасьць прафэсіі і займанай пасадзе.
Куды ні кінь, усё, а найперш высокае чынавенства паражанае эмацыйным выгараньнем. Можа гэта самы эмацыйны сьцягнуў усю коўдру на сябе?
Вось вам міністар аховы здароўя заявіў: у гэты няпросты крызісны год кожны з мэдыкаў разумее, што даваў клятву Гіпакрата і «працуе не за грошы, а паводле сумленьня і свайго прызваньня». Іншымі словамі, сумленьнем харчуецца, а ў прызваньне апранаецца. Але хто гэта сказаў? Той, хто павінен быць гарой за сваіх лекараў і санітараў. Гэта ж ён прадстаўляе іх інтарэсы перад бюджэтам. Не? А чые ён інтарэсы прадстаўляе? Такіх, як сам, чыноўнікаў зь міністэрства. Глядзіце: міністар падкрэсьліў, што «міністэрскія работнікі (!) – гэта ня тыя людзі, якія не разумеюць, у якім стане цяпер эканоміка». Выходзіць, яны – ня «тыя» людзі, што давалі клятву Гіпакрата, і таму гэтага не разумеюць.
Лукашэнка на прэс-канфэрэнцыі як бы асудзіў тых, што цягаюць па судах грамадзян, якія выказалі салідарнасьць з расстралянай рэдакцыяй францускага часопіса. Але судзьдзі яго не пачуюць, бо яны даўно ўжо дыскваліфікаваліся. У чым сутнасьць суду? У жывым разборы справы. Інакш суд непатрэбны – усё расьпісана ў законах. Проста ўсё жывое жыцьцё не расьпішаш. Таму і працуе суд. Бяда ў тым, што судзьдзі, дакладна як тыя лекары, эмацыйна выгаралі і цяпер ціха ці буйна ненавідзяць сваіх кліентаў-пацыентаў.
Ці ж ёсьць сродак ад эмацыйнага выгараньня? Ёсьць. Дазвол на ўласную ініцыятыву, магчымасьць расьці і проста чалавечныя дачыненьні. Мне здаецца, цяперашнюю армію чынавенства гэта ўжо не ўратуе.
*Функцыі нашага «міністэрства праўды» ў разьвітых краінах выконвае міністэрства юстыцыі. Пра апошняе ў Беларусі неяк і не чуваць. А ведаеце, як з лаціны перакладаецца юстыцыя? Справядлівасьць. Вось яе і не чуваць.