Прэсавы сакратар Антытэрарыстычнай апэрацыі (АТА) Андрэй Лысенка на адмысловым прэс-брыфінгу ў Кіеве сказаў: «У парушэньне ўсіх раней дасягнутых дамоўленасьцяў, украінскія ваенныя падразьдзяленьні былі атакаваныя на поўначы (у зоне ваенных дзеяньняў) рэгулярнымі часткамі расійскіх узброеных сілаў».
Гэтае абвінавачаньне прагучала празь некалькі гадзін пасьля таго, як Масква абвергла заявы Кіева аб тым, што яшчэ каля 700 расейскіх вайскоўцаў увайшлі на тэрыторыю Ўкраіны.
Лысенка заявіў, што напад адбыўся ў Луганскай вобласьці — рэгіёне, куды расейскія войскі нібыта былі ўведзеныя напярэдадні.
Пакуль што на гэта няма афіцыйнага камэнтару з расейскага боку.
Прэтэнзіі могуць дадаць да напружанасьці вакол перамоваў, што маюць адбыцца ў Бэрліне 21 студзеня
Міністар замежных справаў Нямеччыны Франк-Вальтэр Штайнмаер заявіў, што мае намер сустрэцца 21 студзеня ў Бэрліне са сваімі калегамі з Украіны, Францыі і Расеі.
У сваёй заяве кіраўнік МЗС Нямеччыны паведаміў, што «галоўнай мэтай цяпер ёсьць прадухіленьне далейшага пагаршэньня ваеннага канфлікту і новай палітычнай эскаляцыі паміж Кіевам і Масквой».
Сустрэча пройдзе ў гэтак званым «нармандзкім фармаце». Апроч Франка-Вальтэра Штайнмаера, у перамовах прымуць удзел Паўло Клімкін, Сяргей Лаўроў і Ляран Фабіюс — кіраўнікі МЗС Украіны, Расеі і Францыі. Апошні раз яны сустракаліся ў такім фармаце 12 студзеня ў Бэрліне.
Цягам апошніх дзён на ўсходзе Ўкраіны адбылася эскаляцыя канфлікту паміж прарасейскімі сэпаратыстамі і ўрадавымі войскамі. 20 студзеня ўлады Ўкраіны заявілі, што ўкраінскія войскі ўтрымліваюць пазыцыі ў аэрапорце Данецку, але таксама прызналі, што сэпаратысты захапілі ў палон восем украінскіх вайскоўцаў