Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У 2015 годзе беларускую эканоміку чакае стагнацыя


У Расеі сёлета чакаецца падзеньне ВУП на 3%, і гэты фактар прадвызначыць эканамічную сытуацыю ў Беларусі. Экспэрты прагназуюць у лепшым выпадку стагнацыю ў беларускай эканоміцы.

Як піша ў аналізе агенцтва БелаПАН, эканамічны прагноз на 2015 год беларускія ўлады пачалі складаць яшчэ ўвесну 2014-га. Праект канцэпцыі прагнозу сацыяльна-эканамічнага разьвіцьця, які быў падрыхтаваны ў чэрвені мінулага года, прадугледжваў, што эканоміка вырасьце ў 2015 годзе на 2,6%.

Праз пяць месяцаў, у сьнежні 2014 года, улады афіцыйна зацьвердзілі значна больш стрыманы прагноз: згодна з указам прэзыдэнта № 560, рост ВУП у 2015-м можа скласьці ўсяго 0,2-0,7%.

Зрэшты, нават такія ацэнкі ўяўляюцца сёньня экспэртам занадта аптымістычнымі з улікам негатыўных тэндэнцый у Расеі, якая зьяўляецца асноўным рынкам збыту многіх беларускіх тавараў.

У канцы сьнежня мінулага года кіраўнік Мінэканамразьвіцьця Расеі Аляксей Улюкаеў заявіў, што ў выпадку стабілізацыі цэн на нафту на досыць нізкім узроўні (60 даляраў за барэль) ВУП Расеі ў 2015-м можа зьнізіцца на 3%. У студзені нафта працягвала таньнець: кошты на сусьветным рынку апусьціліся да 50 даляраў за барэль.

Адмоўная дынаміка коштаў на нафту відавочным чынам адбіваецца на расейскай эканоміцы. Па апошніх дадзеных Мінэканамразьвіцьця, у лістападзе 2014 ВУП Расеі зьнізіўся на 0,5% у параўнаньні з аналягічным пэрыядам 2013 года. Адмоўная дынаміка галоўнага макраэканамічнага паказчыка зафіксаваная ў Расеі ўпершыню за апошнія пяць гадоў.

Улічваючы сытуацыю ў расейскай эканоміцы, экспэрты прагназуюць, што беларуская эканоміка ў новым годзе будзе ў лепшым выпадку стагніраваць.

Станіслаў Багданкевіч
Станіслаў Багданкевіч

«З улікам слабой канкурэнтаздольнасьці нашых прадпрыемстваў, неспрыяльнай сытуацыі ў эканоміцы Расіі, якая ўвязалася ў канфлікт з Украінай, можна чакаць у бягучым годзе стагнацыю беларускай эканомікі, пераходную ў рэцэсію», — адзначыў у размове з БелаПАН былы кіраўнік Нацыянальнага банка Станіслаў Багданкевіч.

Беларускія эканамісты мяркуюць, што для забесьпячэньня стабільнасьці на фінансавым рынку ўрад і Нацбанк будуць прытрымлівацца жорсткай грашова-крэдытнай і бюджэтна-падатковай палітыкі, што таксама адаб’ецца на дынаміцы ВУП.

Аляксандар Чубрык
Аляксандар Чубрык

«Зьмякчэньне грашова-крэдытнай палітыкі можа прывесьці да дэстабілізацыі сытуацыі на валютным рынку. Калі ж манэтарная палітыка будзе жорсткай, стымуляваць рост ВУП не атрымаецца», — канстатуе дырэктар Дасьледчага цэнтра ІПМ Аляксандр Чубрык.

Прызначаючы новае кіраўніцтва ўрада і Нацбанку, Аляксандр Лукашэнка ў канцы сьнежня запатрабаваў забясьпечыць устойлівасьць курсу нацыянальнай валюты. Улічваючы гэта даручэньне, эканамічныя ўлады, на думку экспэртаў, будуць да выбараў рабіць усё, каб захаваць далікатную стабільнасьць, якая склалася на фінансавым рынку.

Экспэрты адзначаюць, што для стрымліваньня інфляцыйных працэсаў уладам спатрэбіцца абмяжоўваць грашовую прапанову. У гэтым выпадку інфляцыя можа скласьціся на значна больш нізкім узроўні, чым 30-працэнтная дэвальвацыя, якая ўжо адбылася.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG