Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Даляр зноў падаражэў. «Беларускі рубель могуць прывязаць да расейскага» — экспэрт

абноўлена

Уладзімер Карагін
Уладзімер Карагін

Шэраг прынцыповых зьменаў прынёс сёньняшні дзень фінансаваму рынку Беларусі. Найперш, канчаткова скасаваны камісійны збор пры куплі замежнай валюты насельніцтвам, уведзены пры канцы мінулага году на хвалі валютнага ажыятажу папярэднім кіраўніцтвам Нацыянальнага банку ў памеры напачатку 30%. Па-другое, аднаўляецца выкарыстаньне мэханізму прывязкі курсу беларускага рубля да кошыка замежных валютаў, дзе прыярытэтная роля — за расейскім рублём, які вось ужо некалькі месяцаў у крутым піке. Да чаго прывядуць крокі ўладаў, пададзеныя як «лібэральныя»?

На тле скасаваньня Нацбанкам камісійнага збору з куплі валюты і захадаў на выраўноўваньне курсаў ва ўсіх сэгмэнтах фінансавага рынку банкі дэманструюць беспрэцэдэнтнае аднадушша — раніцай усе салідарна выставілі аднолькавыя курсы на продаж даляра, зафіксаваўшы максымальна дазволеную лічбу «калідора» ў 14 035 рублёў.

У сярэдзіне дня лічбы зноў былі перагледжаныя. Па выніках таргоў на Беларускай валютна-фондавай біржы даляр падрос да 14060 рублёў, і «калідор» продажу ў абменьніках пашырыўся да 14340 за даляр. Ці азначае гэта пачатак паўзучай дэвальвацыі? Меркаваньне выказвае эканаміст Уладзімер Карагін:

​«Безумоўна, ідзе дэвальвацыйны працэс. Паколькі мы не ізаляваныя ад сьвету і такі ж працэс адбываецца навокал нас, на асноўных рынках, на якіх працуюць сёньня суб’екты гаспадараньня Беларусі, ад гэтага нікуды не падзецца. Тое, што мае месца ў Расеі, Украіне, Казахстане — зразумела, што гэтыя працэсы наўпрост уплываюць і на нас. Таму плаўны ўваход у такія рынкавыя асновы — гэта аб’ектыўная неабходнасьць. Інакш давядзецца тады рабіць вельмі шмат захадаў ручнога рэгуляваньня, што яшчэ больш згубна можа адбіцца на тых жа суб’ектах гаспадараньня. Таму, падкрэсьліваю, гэта проста меншае зло з усіх магчымых».
Розьніца курсаў у БелВЭБ банку зранку і днём
Розьніца курсаў у БелВЭБ банку зранку і днём

Напярэдадні Нацбанк рэкамэндаваў камэрцыйным банкам для вызначэньня курсу куплі-продажу валюты арыентавацца на формулу «плюс-мінус 2% да афіцыйнага курсу». Банкі прадказальна абралі тактыку — трымацца верхняй мяжы. Але што тычыцца курсу, па якім прымаецца амэрыканская валюта, то тут роскід лічбаў нашмат шырэйшы. Калі ў некаторых абменных пунктах гэты паказьнік скарыў адзнаку ў 14 200 рублёў за даляр, то некаторыя банкі яшчэ засталіся на ўчорашніх пазыцыях, выстаўляючы цэньнікі ад 13 700 рублёў.

Аналягічным чынам выглядае карціна з эўра — банкі прымаюць эўрапейскую валюту ў сярэднім па 16 600 рублёў, дадаўшы да папярэдняга паказьніка адразу некалькі сотняў рублёў.

Дык ці можна казаць, што рубель адпусьцілі ў вольнае плаваньне? Ці сьведчаць апошнія захады пра рынкавы падыход да фармаваньня курсу нацыянальнай валюты? Эканаміст Яраслаў Раманчук кажа, што пакуль гэта толькі першыя крокі, якія трэба будзе даказаць на справе:

Сёньня тое, што вызначана, — гэта, па сутнасьці, курс, які бліжэй да праўды, але таксама яшчэ ўсталяваны органамі дзяржаўнага кіраваньня, Нацбанкам у прыватнасьці.

«Яшчэ не адпусьцілі, але пачалі пускаць. У чым розьніца? Ёсьць яшчэ шмат розных абмежаваньняў адносна карыстаньня валютай, доступу на біржу. Паглядзім, як будуць дзейнічаць заяўкі на куплю валюты, тады праз тыдзень-два стане зразумела, які будзе курс і як ён будзе рэагаваць на попыт і продаж валюты. Сёньня тое, што вызначана, — гэта, па сутнасьці, курс, які бліжэй да праўды, але таксама яшчэ ўсталяваны органамі дзяржаўнага кіраваньня, Нацбанкам у прыватнасьці. Так што, калі Нацбанк пачне рабіць так, як ён казаў — гэта значыць, ня будзе ўлазіць у фармаваньне курсу, ня будзе праглядаць заяўкі, ня будзе іх адкідваць, а будзе такі курс, які будзе складацца на біржы, — вось тады ўсталюецца больш-менш рынкавы курс. Пакуль жа гэта толькі пачатак».

9 студзеня Нацбанк таксама аднаўляе выкарыстаньне мэханізму прывязкі курсу беларускага рубля да кошыка замежных валют. Пры гэтым у структуры кошыка доля расейскага рубля павялічваецца да 40%, а долі эўра і даляра ЗША зьніжаюцца да 30% кожная. Наколькі апраўданы гэты крок з улікам таго, што грашовая адзінка суседняй дзяржавы вось ужо каторы месяц у «фінансавай прастрацыі»? Эканаміст Уладзімер Карагін бачыць у гэтым рацыянальнае зерне:

Гэта, вядома, больш пытаньне да аналітыкаў. Але фінансісты, эканамісты сёньня не выключаюць і такі варыянт, як увогуле прывязка да расейскага рубля.

«Гэта, вядома, больш пытаньне да аналітыкаў. Але фінансісты, эканамісты сёньня не выключаюць і такі варыянт, як увогуле прывязка да расейскага рубля. Іншымі словамі, прывязка да дамінуючага рынку, да якога, скажам так, трэба шчыльна прыціснуцца, бо іншага проста няма. Увогуле тром суб’ектам гаспадараньня і тром валютам трэба было даўно ўжо пра ўсё дамовіцца. Рацыянальнае зерне ва ўсім гэтым ёсьць. Не сумняюся, што ў Нацыянальным банку даволі граматная каманда, у прынцыпе, як і ва ўрадзе, таму відавочна, што яны разам прымаюць нармальныя, узважаныя, узгодненыя рашэньні, грунтуючыся на думцы дзелавой супольнасьці».

Апрача таго, Нацбанк зрабіў шэраг крокаў у сфэры працэнтнай палітыкі. Зноў жа 9 студзеня стаўка рэфінансаваньня павялічваецца на 5 працэнтных пунктаў і складзе 25% гадавых. Ад 14 студзеня карэктуюцца працэнтныя стаўкі па апэрацыях падтрымкі ліквіднасьці банкаў: верхняя мяжа працэнтных ставак па дэпазытах юрыдычных асобаў зьніжаецца ад 50 да 40%, верхняя мяжа па рублёвых укладах фізычных асобаў пакуль захоўваецца на ўзроўні 50%, але таксама будзе зьмяншацца.

Банкаўскі сэктар адрэагаваў на захады фінансавых уладаў падвышэньнем курсаў як у графе куплі, так і продажу замежнай валюты. Калі напярэдадні самыя выгадныя ўмовы набыцьця даляра вагаліся ў межах 13 600–13 700, то ўжо сёньня найвыгаднейшы курс перасягнуў 14200 за даляр і 16600 за эўра. Пры гэтым валюты ў вольным абарачэньні па-ранейшаму нестае.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG