Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Межы дазволенага ў сатыры існуюць, — тэоляг


Тэрарыстычны напад на рэдакцыю францускага сатырычнага часопісу Charlie Hebdo, які хутчэй за ўсё быў справакаваны публікацыяй карыкатуры на прарока Мухамэда, абвастрыў дыскусіі наконт межаў дазволенага ў сатыры.

Паэт і тэоляг Алесь Дуброўскі ў інтэрвію Радыё Свабода адзначыў, што межы дазволенага ў сатыры безумоўна існуюць, але хутчэй яны агульнаэтычныя, чым уласна рэлігійныя.

Калі чалавек разумее, што можна абразіць кагосьці, то ён ня будзе гэтага рабіць. Таму гэта не прыватна рэлігійнае пытаньне.

«Справа ў тым, ці выконвае журналіст патрабаваньні прафэсійнай этыкі. І тут ня важна ці гэта рэлігійная тэматыка, ці нейкая іншая. Калі чалавек разумее, што можна абразіць кагосьці, то ён ня будзе гэтага рабіць. Таму гэта не прыватна рэлігійнае пытаньне. Хаця гэта абсалютна не азначае, што рэлігія пазбаўленая пачуцьця гумару, пазбаўленая неабходнасьці, у тым ліку, і крытыкі ў свой адрас і гэтак далей. Гэта ўсё упіраецца ў пытаньне прафэсійнай этыкі», — лічыць ён.

Але насамрэч агульныя этычныя межы вызначыць дастаткова цяжка — тут усё залежыць ад таго, ці мае кожны канкрэтны чалавек увогуле так званую «этычную сьвядомасьць».

«У нас ёсьць розныя формы сьвядомасьці, як грамадзкай, так і асабістай. Калі ў чалавека ня выпрацаваная гэтая здольнасьць самастойна прымаць этычныя рашэньні, калі ён проста ня мае гэтай этычнай сьвядомасьці, то натуральна ён ня будзе штосьці тут вырашаць. Але калі гэта журналіст, то тут паўстае пытаньне пра прафэсійную прыдатнасьць чалавека. На самой справе, гатовых адказаў тут няма: нельга казаць, што гэта можна рабіць, а гэта нельга. Гэта ж не дзіцячы ўзровень: дарослыя людзі або маюць нармальную этычную сьвядомасьць, або ня маюць», — падкрэсьлівае Дуброўскі.

Кажучы канкрэтна пра карыкатуры на прарока Мухамэда, Дуброўскі нагадвае, што гэта ўжо ня першы выпадак, калі мусульмане так агрэсіўна рэагуюць на падобныя публікацыі, таму СМІ ўжо павінны былі зрабіць адпаведныя высновы.

«Журналісты ўжо траплялі ў падобныя сытуацыі і досьвед павінен быў навучыць, што можна, а што нельга, і чым гэта можа скончыцца. Калі б гэта быў першы выпадак, то яшчэ можна было б разважаць. Трэба разумець, што такое іслам і чым гэта ўсё пагражае», — кажа ён.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG