Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кава: шкодна ці не?


Shutterstock image - coffee beans, generic
Shutterstock image - coffee beans, generic

У гэтым артыкуле пра каву і кафэін, а таксама пра пастаяннае піцьцё кавы і здароўе.

Рэгіён, зь якога паходзіць кава, вызначае яе смак. Кава з Коста-Рыкі мае ўласьцівасьці, адрозныя ад бабоў з Індыі. Клімат краіны, колькасьць сонца, цені і вільгаці, якую атрымлівае расьліна —усё мае свой уплыў. Акрамя таго, як і для віна, важныя тып і якасьць глебы. Напрыклад, калі расьліна мае карані ў вульканічнай глебе, гэта надае ёй спэцыфічны водар.

Каву вырабляюць каля шасьцідзесяці краінаў, усе яны разьмешчаныя ў трапічным і субтрапічным паясах Зямлі. Напрыклад, Емэн і Этыёпія маюць культуру кавы, якая зарадзілася як мінімум каля трох тысячагодзьдзяў да пачатку нашай эры. Ёсьць меркаваньне, што кава ў этыёпскай правінцыі Кафа магла быць найстарэйшай. Адсюль і назва. Паводле легенды, пастух адкрыў каву, калі заўважыў, што ягоныя козы станавіліся вельмі энэргічнымі пасьля таго, як елі з пэўнага ягаднага куста. Аднойчы ён сарваў гэтыя ягады, паварыў іх і выпіў. Напой меў горкі смак, але зрабіў галаву пастуха яснай.

З батанічнага пункту гледжаньня ёсьць два гатункі кавы: рабуста і арабіка. Арабіка мае больш чым 200 гатункаў. Кафэйная ягада арабікі расьце на вечназялёным хмызьняку вышынёй 6-8 мэтраў, на вышыні ад 800 да 2.200 мэтраў над узроўнем мора. Кава рабуста мае каля 50 гатункаў, расьце на кустах вышынёй 10 мэтраў, але пераважна ў ніжэйшых абласьцях.

Праз чатыры гады пасьля пасадкі на расьлінах кавы зьяўляюцца белыя кветкі зь зялёнымі кававымі ягадамі. Высьпяваньне займае 6-9 месяцаў. Сьпелыя ягады кавы зьбіраюць (часьцей за ўсё уручную), ачышчаюць, фэрмэнтуюць і аблушчваюць, пакідаючы зялёныя кававыя бабы. Зялёныя бабы затым смажацца да знаёмага нам карычневага колеру.

Самым магутным біяактыўным рэчывам ў каве зьяўляецца алькалёід кафэін (1,3,7-трымэцілксантын). Большасьць кафэіну ў сьвеце спажываецца ў выглядзе кавы. Колькасьць кафэіну ў прадуктах харчаваньня вагаецца ў шырокіх межах; кава ўяўляе сабой асноўную крыніцу кафэіну (71 ~ 220 мг кафэіну / 150 мл). У гарбаце зьмест кафэіну прыкладна 32 ~ 42 мг / 150 мл, а ў какаве — 4 мг / 150 мл. Зьмест кафэіну ў кубку таксама моцна вар’юецца, у залежнасьці ад памеру порцыі (25 ~ 400 мл), спосабу падрыхтоўкі кавы (вараная, фільтраваная, эспрэса, распушчальная) і тыпу кавы (арабіка або рабуста). У залежнасьці ад спосабу гатаваньня зьмест кафэіну ў кубку кавы вар’юецца ў межах 0,6 ~ 3,3 мг / мл для эспрэса, да 0,7 ~ 1,1 мг / мл для фільтраванай кавы і 0,2 ~ 1,0 мг / мл для распушчальнай кавы. Утрыманьне кафэіну ў двух відах кавы адрозьніваецца: рабуста ўтрымлівае ажно да 70% больш кафэіну, чым арабіка.

Пастаяннае піцьцё кавы і здароўе

Кававы напой зьмяшчае сотні біялягічна актыўных злучэньняў. Паводле эпідэміялягічных дасьледаваньняў вынікае, што спажываньне кавы можа зьнізіць рызыку цукровага дыябэту 2 тыпу і гіпэртаніі, а таксама паўплываць на іншыя фактары, зьвязаныя з рызыкай сардэчна-сасудзістых захворваньняў, напрыклад, атлусьценьня і дэпрэсіі. Зь іншага боку, ужываньне нефільтраванай кавы можа нэгатыўна адбіцца на ліпідным профілі. Дакладней, можа падвысіць узровень «дрэннага» халестэрыну.

Нягледзячы на гэта, усё больш дадзеных сьведчаць аб тым, што звыклае ўмеранае спажываньне кавы мае нэўтральнае альбо карыснае ўзьдзеяньне на сардэчную сфэру (зьніжае рызыку ішэмічнай хваробы сэрца, застойнай сардэчнай недастатковасьці, арытміі і інсульту). Акрамя таго, буйныя эпідэміялягічныя дасьледаваньні паказваюць, што асобы, якія рэгулярна п’юць каву, маюць меншую рызыку сьмяротнасьці як ад сардэчных хваробаў, так і ўвогуле ад ўсіх прычынаў. Патэнцыйныя перавагі рэгулярнага спажываньня кавы таксама ўключаюць у сябе абарону ад нэйрадэгенератыўных захворваньняў, паляпшэньне кантролю над астмай, і ніжэйшую рызыку некаторых страўнікава-кішачных захворваньняў.

Але рэгулярнае спажываньне кавы нясе і патэнцыйныя рызыкі, якія, у асноўным, зьвязаныя з высокім спажываньнем кафэіну): неспакой, бессань, пачуцьцё трывогі і пачашчанае сэрцабіцьцё, а таксама страту касьцяной масы і, як наступства, падвышаную рызыку пераломаў.

Штодзённае спажываньне 2 — 3 кубкаў кавы лічыцца ўмераным, зьяўляецца бясьпечным і асацыюецца з нэўтральным або спрыяльным ўзьдзеяньнем на здароўе.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG