Энэргія здароўя: 29 парадаў у лютым
Амэрыканскія экспэрты прааналізавалі найбольш шматабяцальныя дасьледаваньні 2011 году ў галіне здароўя, мэдыцыны і ладу жыцьця. Кожны лютаўскі дзень мы будзем друкаваць адну кароткую параду, якая дапаможа вам скінуць лішнюю вагу, змагацца са стомай, палепшыць сацыяльныя кантакты — жыць лепш і заставацца здаровым. Цалкам тэксты зьмешчаны ў лютаўскім нумару тыднёвіка «Reader’s Digest».
Калі вы апошні раз чулі, каб лекар казаў пра нешта — «Цуд!? Прачніцеся і ўдыхніце водар кавы!
— Гэта ня можа ня ўразіць, — кажа спэцыяліст у лячэньні печані Санджыў Чопра, прафэсар Гарвардзкага унівэрсытэту. — Кава насамрэч цудоўны лек, які выратоўвае жыцьці».
Хоць ён і кажа, што з пункту гледжаньня навукі застаецца таямніцай, якім чынам малы кубачак кавы творыць цуды ў целе, шматлікія эпідэміялягічныя дасьледаваньні зноў і зноў пацьвярджаюць яе ўражвальную карысьць. Вось некалькі высноваў з апошніх дасьледаваньняў:
► Больш за тры кубкі штодзень зьніжаюць рызыку найбольш распаўсюджанага тыпу раку скуры ў жанчын на 20%
►Больш за шэсьць кубкаў штодзень зьніжае рызыку сьмерці ад раку прастаты ў мужчын на 60%
►Адзін кубак штодня зьніжае рызыку інсульту ў жанчын на 25%
►Два кубкі зьніжаюць для жанчын шанец атрымаць дэпрэсію на 20%
— Піце чорную каву, ці можаце дадаць крыху абястлушчанага малака, каб зьнізіць калярыйнасьць, — кажа доктар Чопра. Карысьць ад кавы без кафэіну не такая шырокамаштабная, таму лепш піць звычайную каву. Сам прафэсар Чопра п’е чатыры кубкі штодня, але лічыць, што большасьці людзей можна абмежавацца двума.
Гл. таксама: відэа, аўтар абмяркоўвае сваю кнігу «Гаворыць доктар Чопра»