23 гады таму, 8 сьнежня 1991 году, у Віскулях Барыс Ельцын, Леанід Краўчук і Станіслаў Шушкевіч падпісалі пагадненьне аб стварэньні Садружнасьці Незалежных Дзяржаў.
Такім чынам з палітычнай мапы сьвету зьнік Савецкі Саюз. За гэты час СНД ужо пакінула Грузія, да такога ж кроку рыхтуецца Ўкраіна. Многія экспэрты з іроніяй называюць СНД «клюбам прэзыдэнтаў». У працяг тэмы — Уладзімер Глод.
Палітоляг Андрэй Фёдараў, які ад самага ўзьнікненьня СНД займаецца яе дасьледаваньнем, лічыць, што гэта струкутура цяпер перажывае няпростыя часы:
«Канечне, гэта далёка ня тое, на што разьлічвалі яго стваральнікі. І гэта — безумоўна. Ёсьць, праўда, пэўныя гуманітарныя дасягненьні, чаго адмаўляць нельга. Але па вялікім рахунку, калі СНД зьнікне, дык ніхто не адчуе ад гэтага нейкай нязручнасьці. Тое, што прымаецца апошнім часам Садружнасьцю, гэта такія „сьвяткавальныя“ дакумэнты, кшталту пастановы аб сьвяткаваньні 70-годзьдзя перамогі ў Другой сусьветнай вайне і г.д. Карацей, усё зьвялося да „гуманітаркі“. А ўсё сур’ёзнае вырашаецца ўжо на іншых пляцоўках».
Якой жа бачылася будучыня СНД 23 гады таму ў Віскулях? Станіслаў Шушкевіч сёньня шчыра прызнаецца:
«Тады мы ня так ужо прадумвалі, што будзе далей. Скажу шчыра, мы не былі такімі рамантыкамі, каб задумвацца над тым, што будзе пасьля, праз шэраг гадоў. Асабіста я думаў, што падзеі будуць разьвівацца інакш. Я вельмі верыў Ельцыну і думаў, што Расея будзе ісьці па ельцынскім шляху. Ён быў сапраўдным праўдзівым дэмакратам. Але далей усё патрапіла ў кэдэбэшныя лапы. А тут можна чакаць чаго хочаш. Таму пэўная роспач у мяне сёньня ёсьць. Ну, і Ўкраіна таму пацьверджаньне. А Грузія — таму пацьверджаньне даўняе. І вінаваты тут адзін суб’ект — Крэмль. Больш вінаватых няма».
З 15 рэспублік былога СССР у СНД увайшлі 12. Усе, акрамя Латвіі, Літвы і Эстоніі. Цяпер у Садружнасьці — 11 краінаў. У жніўні 2009 году з СНД выйшла Грузія. А сёньня, 8 сьнежня, кіраўнікі дэпутацкіх фракцыяў і камітэтаў Вярхоўнай Рады Ўкраіны разглядаюць пытаньне аб выхадзе краіны з СНД.
Сытуацыя тут даволі незвычайная. 8 сьнежня 1991 году тагачасны кіраўнік Украіны Леанід Краўчук падпісаў дакумэнты аб стварэньні СНД. Але статут Садружнасьці Ўкраіна не падпісвала. То бок, як кажуць юрысты-міжнароднікі, Украіна дзяржава-ўдзельніца, але не дзяржава-сябра. Пры прэзыдэнце Юшчанку прадстаўнікі Ўкраіны ўвесь час падкрэсьлівалі: мы тут пры Выканкаме СНД назіральнікі. Пры Януковічу гэты акцэнт зьнік.
На сёньня, як паведамілі мне ў прэсавай службе СНД, прадстаўніцтва Ўкраіны пры выканкаме Садружнасьці існуе. Івана Бунічку, які шмат гадоў кіраваў прадстаўніцтвам, адклікалі ў Кіеў, цяпер ён на пэнсіі. А выканаўцам абавязкаў кіраўніка стала Вольга Дрыгуба, якая таксама ўжо даволі даўно працуе пры выканкаме СНД.
Яшчэ ўвесну некаторыя тагачасныя кіраўнікі Ўкраіны заяўлялі, што іх краіне трэба выходзіць з Садружнасьці. Аднак ніякіх афіцыйных папераў з Кіеву на гэты конт у выканкаме не было, кажа супрацоўніца прэсавай службы СНД Марыя Гуцала:
«Я магу сказаць, што на дадзены момант ніякіх дакумэнтаў, зьвязаных з выхадам Украіны з СНД, у нас няма».
Статут СНД складзены так, што працэдура выхаду з Садружнасьці ня можа быць карацейшай за адзін каляндарны год, — падкрэсьлівае спадарыня Гуцала:
«Мы з гэтым сутыкнуліся, калі Грузія выходзіла. Адзін год даецца на завяршэньне ўсіх працэдураў на выхад з пагадненьня. І Грузія скарыстала гэты год на тое, каб дамовіцца зь іншымі краінамі СНД і ўсё-такі застацца ў тых пагадненьнях, пераважна эканамічных, у якіх ёй было цікава застацца, нават пасьля выхаду з СНД.
Калі Вярхоўная Рада ўсё ж прыме законапраект аб выхадзе з Садружнасьці, то наступны яе крок — афіцыйнай нотай паведаміць пра гэта Выканкаму. З таго моманту, як нота будзе зарэгістраваная ў Выканкаме, і пойдзе адлік гэтага году, які будзе давацца на працэдуру выхаду».
«Чаму з СНД не атрымаўся аналяг Эўразьвязу?» Пётра Садоўскі — першы амбасадар Беларусі ў Нямеччыне разважае:
«З разваленага Савецкага Саюзу, паводле азначэньня, не магла атрымацца нешта падобнае да Эўразьвязу. І калі паглядзець зусім далёка, то гэтая адзіная Эўропа, якую мы цяпер маем, пачала складвацца з часоў Напалеона, зь яго эўрапейскага кантынэнтальнага кодэксу. Яны ішлі да гэтага паступова. Там былі ўсялякія дамовы пра межы, мытныя зборы, сталь, жалеза, як і чым гандляваць. І галоўнае адрозьненьне — у іх была прыватная ўласнасьць, той стрыжань, на які ўсё гэта „нанізвалася“.
А Савецкі Саюз быў гвалтам і мэханічна складзены бальшавікамі ў адно. Абсалютна розныя этнічныя ўтварэньні, розныя паводле сваёй гісторыі, абсалютная дзяржаўная ўласнасьць... І калі надышла гэта „Вясна народаў“, перабудова, і рэспублікі пачалі вылузвацца з-пад Расеі, з-пад бальшавізму, яны ўзялі курс на ўцёкі ад цэнтру, ад Масквы. І дагэтуль яго трымаюцца».