Калі дзіця ўжо зьлезла з рук, але яшчэ не пайшло ў садок ці школу, самы час паклапаціцца пра тое, каб дасьледчы інтарэс малечы ня згас. Натуральна, калі творчы патэнцыял бацькоў бясконцы, яны заўжды знойдуць, чым заняць сына ці дачку і як наладзіць камунікацыю дзіцяці зь беларускамоўнымі раўналеткамі. Але калі праца, стома, хатнія клопаты ці іншыя праблемы не дазваляюць напоўніцу раскрыцца бацькоўскаму таленту, на дапамогу прыходзяць разьвівальныя гурткі для дашкалятаў. Іх шмат зьявілася ў Менску, а вось беларускамоўных — адзінкі, і раскіданыя яны па розных канцах сталіцы.
«КРЫНІЧКА»
Ужо некалькі гадоў існуе школка раньняга разьвіцьця «Крынічка», якую стварыла ў 2011 годзе пэдагог і сямейны псыхоляг Сьвятлана Дзядова.
Групкі тут па 3-6 чалавек, падзеленыя паводле ўзросьту дзіцяці: «Малеча» (1,5-2 гады, панядзелак, 10.30-11.20 ), «Гарэзьлікі» (2-3 гады, субота, 11.00-11.50), «Чамучкі» (3-4 гады, субота, 10.00-10.50). Заняткі цягам 50 хвілінаў праводзяцца раз на тыдзень разам з бацькамі і каштуюць 260 тысяч рублёў на месяц (абанэмэнт на 4 заняткі). Тэматычныя заданьні і гульні, скіраваныя на моўнае, сэнсорнае, фізычнае і творчае разьвіцьцё, хутка зьмяняюцца, не пасьпеўшы надакучыць дзіцяці, якое ва ўзросьце да 4 гадоў няздольнае засяроджвацца і доўга ўтрымліваць ўвагу на адным прадмеце ці заданьні.
У старэйшых групах — «Разумнікі» (4-5 год, пятніца, 18.30-19.30), «Літарынка» (5-6 год, серада, 18.30-19.30) дзеткі гадзіну займаюцца ўжо без бацькоў (300 тысяч — абанэмэнт на 4 заняткі). Тут акцэнт робіцца на інтэлектуальнае разьвіцьцё і падрыхтоўку да школы. Ёсьць у «Крынічцы» група і для школьнікаў «Эўрыка» (6-8 год, субота, 12.30-13.20), у якой цікаўныя дзеці разьвіваюць крэатыўнае мысьленьне.
Апрача таго, для дашкалятаў (4-7 гадоў) існуе праграма «Дзіцячая пляцоўка», дзе дзеткі на працягу трох гадзінаў могуць праз гульні камунікаваць з аднагодкамі па-беларуску (аўторак, 10.00-13.00, 80 тысяч за адно наведваньне). Гэта цудоўная магчымасьць сацыялізацыі для дзетак, якія ня ходзяць у дзіцячы садок.
Сьвятлана Дзядова праводзіць таксама інтэрактыўныя лекцыі па псыхалёгіі сям’і і дзяцей «Сямейная школа для дарослых», трэнінгі зносінаў для дзяцей узросту пачатковай школы «Сябрынка» і для мамаў «Быць жанчынай», а таксама псыхалягічныя кансультацыі па праблемах у сям’і, па выхаваньні і разьвіцьці дзіцяці.
Дзе: вул. Скарыны,12.
Заняткі праводзіць: Сьвятлана Дзядова
Кантакты: +375 29 6799222, +375 29 8729222 (Сьвятлана)
«ДЗЕТКІ+»
Пры дзіцячай танцавальна-спартовай студыі «Дзеткі+» сёлета зьявіліся дзьве беларускамоўныя групкі «МаМаняты» і «Тэатр рухаў».
Па панядзелках і серадах а 12 гадзіне праводзяцца заняткі ў групе «МаМаняты» для дзетак ад 1,5 да 3 гадоў. Заняткі цягнуцца 60 хвілінаў і складаюцца з вобразнай разьмінкі, дарожкі здароўя, элемэнтаў масажу і гімнастыкі на фітболе. Потым ідзе праца па тэме з вывучэньнем лексыкі, лялечным тэатрам і абыгрываньнем тэмы ў гульнях. На кожным занятку дзеткі ствараюць шэдэўры з плястыліну, цеста, паперы, кардону, саломкі, воўны, прыродных матэрыялаў, разьвіваючы дробную маторыку і творчае ўяўленьне. Увесь занятак суправаджаюць музычныя ўстаўкі, танцы, сьпеўкі, гульня на драўляных лыжках, бразготках і бубнах. Абанэмэнт у «МаМанятах» каштуе 640 тысяч рублёў за 8 заняткаў.
«Тэатар рухаў» — гэта лягарытмічныя заняткі для дзетак, на якіх гарманічна разьвіваецца маторыка, плястыка і гаворка. Заняткі праводзяцца ў групах да 10 чалавек цягам 45 хвілінаў (3-4 гады, субота-нядзеля, 16:30), (5-6 гадоў, субота-нядзеля, 17:30). Тут беларускія чыстагаворкі і мімічная гімнастыка зьмяняюцца фізкультурнымі хвілінкамі і заданьнямі на каардынацыю і спрыт, сьпевы і вершыкі чаргуюцца з тэатралізаванымі казкамі, у якіх кожны ўдзельнік грае сваю ролю. Заняткі каштуюць 390 тысяч рублёў за 8 наведваньняў.
Дарэчы, студыя «Дзеткі+» 24 і 29 сьнежня а 12 гадзіне праводзіць калядную Ялінку для дзетак 2-3 гадоў, на якой чакаюцца цікавыя забавы і гульні, карагоды і сьпевы, і, вядома ж, падарункі.
Кошт: 150 тысяч рублёў за дзіця.
Дзе: Рафіева, 30.
Заняткі праводзяць Кася Глухоўская («МаМаняты») і Алена Церашкова («Тэатар рухаў»).
Кантакты: +37529 1898108 (Вікторыя)
«КРОЧЫМ РАЗАМ»
Толькі-толькі распачаў сваю дзейнасьць бацькоўскі клюб «Крочым разам».
Аўтар ініцыятывы — Кацярына Гарэцкая, мама дваіх хлопчыкаў, кажа:
«Мы ня маем пэдагагічнай адукацыі, мы — звычайныя мамы, якія займаюцца са сваімі дзецьмі і ў занятках выкарыстоўваюць розныя мэтодыкі для таго, каб разьвіцьцё было шматбаковым. Гэта мы і пераносім у заняткі бацькоўскага клюбу. Нам хочацца, каб кожная маці магла „ўключыцца“ ў працу зь дзецьмі, рэалізоўваючы свае таленты і здольнасьці. А таксама адна з нашых мэтаў — стварэньне базы беларускамоўных матэрыялаў для працы зь дзецьмі».
У прыватнасьці, Кацярына Гарэцкая прапануе праводзіць тэматычныя тыдні для дзетак, калі цягам тыдня ў сям’і вывучаюцца тэматычная словы, чытаюцца адпаведныя кнігі, прыдумляюцца ролевыя ці пазнавальныя гульні, паміж побытавымі справамі абмяркоўваюцца пытаньні і заданьні на пэўную тэму. Ужо ёсьць матэрыялы па тэмах «Часткі цела», «Сям’я», «Фэрма», «Паравіны году» ды інш.
Прайшлі ўжо дзьве сустрэчы клюбу, дзе абмяркоўваліся тэмы сям’і і эмоцыяў. Кожная сустрэча складаецца са знаёмства, гульнёва-тэматычнага блёку, супольнай творчасьці і прагляду мультфільма па-беларуску. Пасьля занятку ўвесь адукацыйны матэрыял выкладваецца ў сацыяльных сетках, яго можна спампаваць і ўжываць зь дзеткамі дома. Штораз абмяркоўваецца і тэма для дарослых: «Арганізацыя часу», «Гадуем білінгваў», «Менск для дзетак» ды інш.
Сустрэчы клюбу адбываюцца па суботах аб 11 гадзіне недзе два разы на месяц, але лепш сачыць за абнаўленьнямі ў сацыяльных сетках. Наступная сустрэча плянуецца 20 сьнежня. Уваход у бацькоўскі клюб «Крочым разам» вольны, паводле папярэдняго запісу. Арганізатары абяцаюць гарбату, сок, печыва і цудоўны настрой.
Дзе: вул. Фабрыцыуса 4, 2 паверх, бізнэс-цэнтар «Imaguru», фотастудыя «Forward»
Сустрэчы праводзіць: Кацярына Гарэцкая
Кантакты: +37529 6068986 (Кацярына)
Падрабязьней:
https://vk.com/krochymrazam https://www.facebook.com/backowskiklub?hc_location=timeline
ШКОЛА ТРАДЫЦЫЙНАГА МАСТАЦТВА
Яшчэ сёлета быў абвешчаны набор дзетак ад 3 да 6 гадоў у групы раньняга разьвіцьця пры Школе традыцыйнага мастацтва, але заняткі пачнуцца толькі пасьля Калядаў, бо пакуль групы да канца не ўкамплектаваныя. Таму ва ўсіх ахвотнікаў ёсьць магчымасьць запісацца і выказаць сваё пажаданьне наконт месца і часу сустрэчаў, бо арганізатары яшчэ вырашаюць, дзе і калі ладзіць заняткі (каля ст. м. Фрунзенская ці ст. м. Маскоўская, аб 11 ці а 16 гадзіне ў выходныя).
Праграма школкі грунтуецца на нацыянальных традыцыях выхаваньня, сучасных гульнёвых мэтодыках, гарманічным разьвіцьці маўленчых, камунікацыйных і творчых здольнасьцяў. Заняткі будзе весьці дасьведчаны пэдагог-лягапед Вольга Асташэўская.
Абанэмэнт на 4 заняткі будзе каштаваць 360 тысяч рублёў.
Дзе: ст. м. Фрунзенская ці ст. м. Маскоўская
Заняткі вядзе: Вольга Асташэўская
Кантакты: +37529 6082556 (Вікторыя), +37529 2792962 (Вольга)
Падрабязьней: https://vk. com/wall-30388363_651
Паліна Масьлянкова
для Радыё Свабода
Дзе беларусам добра. Мы не пытаемся, мы адказваем. Мы паказваем установы і арганізацыі, завітаўшы ў якія беларусы пачуваюцца, як дома. Дзе ўсё сваё – мова і кнігі, фільмы і стравы, напоі і ўборы, справы і забавы, героі і сьвятыя. Штотыдзень на нашым сайце чытайце і глядзіце пра беларускія гісторыі, мясьціны, сюжэты. Чакаем і вашых расповедаў.
Дасылайце вашыя гісторыі ў рубрыку «Дзе беларусу добра» на электронны адрас radiosvaboda@gmail.com