Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Магілёўцы пра абяцаньні ўлады не дэвальваваць рубель: «Добрага не чакаем»


«У Расеі адбываецца імклівае абясцэньваньне нацыянальнай валюты. Ці давяраеце вы запэўніваньням беларускіх уладаў, што ў Беларусі гэтага не адбудзецца? Ці робіце нейкія захады, каб засьцерагчыся ад магчымай дэвальвацыі?». Адказваюць мінакі ў Магілёве.

пачакайце

No media source currently available

0:00 0:01:59 0:00
Наўпроставы лінк

Спадар: «Абавязкова будзе гэткая ж сытуацыя, як і ў Расеі, бо мы прывязаныя да Расеі. Вядома ж, трэба валюту толькі купляць. Інакш як тут свае грошы захаваеш?»

Спадар: «У Расеі гэта часовая зьява, выкліканая санкцыямі Захаду. Вядома ж, мы прывязаныя. Але мы ж яшчэ прывязаныя ня толькі да расейскай валюты, але і да даляра і эўра. Дэвальвацыі бліжэйшым часам ня будзе. А што будзе далей? Грошы — гэта такая рэч, што немагчыма прадбачыць».

Спадар: «Дэвальвацыя адбудзецца. Гэта залежыць ад нашай эканомікі. Беларускі рубель больш ня будзе падтрымлівацца ўліваньнямі расейскіх грошай. Раней я купляў даляры, а цяпер я іх трачу — не захоўваю».

Спадар: «Будзе дэвальвацыя. Заробкі падаюць, а цэны растуць. У мяне заробак тры мільёны — было сем. Што рабіць з гэтымі трыма мільёнамі, ня ведаю. На даляры адкладаеш. Але і пражыць трэба, і купіць нешта, і паесьці».

Малады спадар: «Што да веры нашаму ўраду, то пасьля 2011 году яе няма ў прынцыпе. Тады таксама сьцьвярджалася, што наша эканоміка стабільная, золатавалютныя рэзэрвы дастатковыя, але тым ня менш рубель упаў у тры разы. Ёсьць вядома ж, у мяне нейкія запасы, але яны не настолькі вялікія — так ці інакш, спрабую іх захаваць, але гэта ўсё на побытавым узроўні».

Спадарыня: «Там жа эканамісты, прагматыкі, таму, магчыма, ня будзе дэвальвацыі. А там — хто яго ведае? Цяпер ніхто ні ад чога не застрахаваны».

Спадар: «Я, калі шчыра, асабліва ў гэта ўсё не ўнікаю. Можа, будзе, а можа, і не. Грошай у мяне няма. Усё ідзе на крэдыты. Усё, што зарабляю — адразу нясу ў банк. Свабодныя грошы — толькі на жыцьцё».

Малады спадар: «Так, беларускі рубель будзе падаць. У гэтым я не сумняваюся. Усё гэта чакана. Добрага не чакаю. Усё ідзе на сям’ю, дзяцей. Нешта адкласьці па максымуме не атрымліваецца».

Спадар: «Я ня веру. Заўжды абяцаюць, а рубель усё падае, падае. Працуем за бесцань. Як я магу адкласьці на даляры, калі мне хапае толькі ад заробку да заробку?»

Спадар: «Я ня ў курсе ўсіх гэтых падзеяў. А рабіць? А мы нічога ня робім. Жывём як жывецца, сёньняшнім днём. Хочацца пажыць у той Беларусі, пра якую мы чуем».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG