Як можна ацаніць рэзкую рэакцыю Аляксандра Лукашэнкі на крокі Масквы па абмежаваньні паставак беларускай прадукцыі ў Расею? Чым на гэты раз можа скончыцца канфлікт паміж Менскам і Масквой на фоне таго, што з 1 студзеня павінен запрацаваць Эўразійскі саюз? На гэтыя пытаньні адказвае эканаміст і палітык Леў Марголін.
— Што азначае рэакцыя Аляксандра Лукашэнкі на крокі Расеі? Магчыма, былі нейкія спробы беларускіх уладаў улагодзіць гэтую праблему нейкім непублічным чынам. Але, пераканаўшыся, што гэта не працуе, беларускі кіраўнік вымушаны быў казаць пра гэта рэзка і публічна?
— Так. Тое, што гэта было агучана публічна на самым высокім узроўні — азначае, што ўсе іншыя мэтады былі вычарпаныя. І, як ні дзіўна для прадстаўніка апазыцыі — але ў гэтым канкрэтным пытаньні я падтрымліваю Лукашэнку. Бо калі існуе мытны і эканамічны саюз, то так пытаньні не вырашаюцца.
У гэтым сэнсе ўсе беларускія вытворцы павінны мець такія самыя правы, як і расейскія. Калі ў каго зь іх ёсьць нейкія хібы ў якасьці — то працаваць трэба менавіта з гэтым канкрэтным вытворцам, а не зь дзяржавай у цэлым. Калі ж пачынаецца нейкая гандлёвая вайна з усёй дзяржавай, то гэта азначае, што ніякага мытнага ці эканамічнага саюзу няма.
— Масква тлумачыць свае дзеяньні тым, што беларускія партнэры ажыцьцяўляюць рээкспарт забароненых у Расеі заходніх тавараў. Гэта значыць, што Расея не давярае Беларусі. І што ў такім выпадку Масква павінна рабіць?
— Зразумела, гэта сьведчыць пра недавер да беларусаў. Але ў такім выпадку пра якія саюзы можа ісьці гаворка? Уводзьце тады санкцыі ня толькі супраць Эўропы, але і супраць Беларусі.
Бо ёсьць жа іншыя сродкі. Кожны аўтамабіль, які ідзе празь Беларусь, мае нейкі адрас, куды ён ідзе. І там ёсьць мясцовыя мытнікі, якія і павінны правяраць, ці гэта сапраўдны тавар, ці кантрафактны. І калі Расея хоча паставіць заслоны на беларускай мяжы — гэта значыць, што яна не давярае сваім чыноўнікам.
— У гісторыі беларуска-расейскіх дачыненьняў неаднаразова ўзьнікалі такія канфлікты. Але апошні год-два на фоне падрыхтоўкі да старту Эўразійскага саюзу Масква традыцыйна ішла на саступкі Беларусі. Як скончыцца гэтая сытуацыя?
— Я думаю, яна скончыцца станоўча для Беларусі. Калі ўжо ў дзеяньне ўведзеная цяжкая артылерыя, то вырашаць гэтае пытаньне будуць неадкладна. Мяркую, што празь некалькі дзён рашэньне будзе знойдзена. Усё ж такі Расея больш зацікаўленая ў існаваньні саюзу, і таму такіх рэзкіх і дэманстрацыйных акцыяў зь яе боку больш ня будзе.