Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Працоўны стаж — 45 гадоў. А пэнсія — ніжэйшая, чым дапамога ў польскага беспрацоўнага»


Валянцін Жданко
Валянцін Жданко

Разважаючы пра свой штодзённы побыт, пра рэаліі жыцьця шараговага беларускага грамадзяніна, многія нашы слухачы імкнуцца параўнаць іх з тымі эканамічнымі і побытавымі ўмовамі, у якіх жывуць людзі ў суседніх краінах. І параўнаньні гэтыя вельмі часта не на карысьць Беларусі.

Пачну сёньняшнюю размову з аднаго такога ліста. Наш слухач Анатоль Чачотка зь Менску піша:

«Давялося мне нядаўна пазнаёміцца з побытам нашых суседзяў-палякаў. Быў моцна ўражаны тым, што дзяржава там плоціць сваім беспрацоўным па 400 даляраў на месяц. А пэнсіі даходзяць да 1000 даляраў, а то і вышэй.

А што ў нас? Напрыклад, у мяне працоўны стаж — 45 гадоў. А пэнсія мая — значна ніжэйшая, чым дапамога ў польскага беспрацоўнага. І гэта пры тым, што бальшыня харчовых прадуктаў у Польшчы значна таньнейшыя, чым у нас. Ня дзіва, што жыхары Берасьцейскай ды Гарадзенскай абласьцей імкнуцца купляць там амаль усё — і мяса, і садавіну, і гародніну, і многія прамысловыя тавары...

У нас жа сацыяльныя дапамогі і палёгкі — толькі на паперы. На справе яны толькі скарачаюцца. Да мінулай вясны сацыяльная служба Менску дапамагала адзінокім інвалідам 1-й і 2-й групаў рабіць рамонт у кватэрах. Цяпер такую дапамогу адмянілі. Пакінулі толькі тым інвалідам 1-й групы, у каго пэнсія ня большая за бюджэт

Немагчыма дамовіцца з сацыяльным работнікам і пра тое, каб ён купляў прадукты там, дзе таньней — хоць бы ў «Эўраопце», дзе ў мяне зьніжка. Яму зручней там, дзе бліжэй

пражытковага мінімуму — гэта мізэрныя мільён чатырыста тысяч рублёў... Але вядома, які лёс у такога інваліда. Ці можа ён дажыць да такой дапамогі — гэта яшчэ пытаньне.

Улады хваляцца, што самотным старым у Беларусі дапамагаюць сацыяльныя работнікі — двойчы на тыдзень прыносяць з крамы прадукты. Справа, аднак, у тым, што вага пакупак не павінна перавышаць тры з паловай кіляграмы. А мне дактары рэкамэндавалі налягаць на кефір і малако... Дык сацыяльны работнік толькі іх і купляе: хлеб, крупы, сокі былі б ужо «залішняй» вагой. Немагчыма дамовіцца з сацыяльным работнікам і пра тое, каб ён купляў прадукты там, дзе таньней — хоць бы ў «Эўраопце», дзе ў мяне зьніжка. Яму зручней там, дзе бліжэй.

Напісаў я пра гэта ў гарвыканкам. Адказаў мне намесьнік старшыні Дудка. Маўляў, вы і так аплочваеце толькі 15 працэнтаў кошту паслугаў сацыяльных цэнтраў.

А мне дзіўна, што людзі ўвогуле зьвяртаюцца ў гэтыя цэнтры па дапамогу. Надта яны абыякавыя да людзкой бяды. Можа, надышоў час ствараць прыватныя цэнтры дзеля абслугоўваньня нямоглых людзей? І тады мы за невялікія грошы атрымалі б належную дапамогу?« .

У прыватных цэнтрах, спадар Анатоль, такая дапамога каштавала б зусім не сымбалічных грошай. Даглядаць старых нямоглых людзей — праца нялёгкая (і фізычна, і маральна). Для прыкладу, у заходніх краінах яна вельмі няблага аплочваецца, але ўсё роўна існуе дэфіцыт ахвотных працаваць у гэтай сфэры. У выніку вельмі многія гастарбайтэры зь небагатых усходнеэўрапейскіх краінаў працуюць у Вялікай Брытаніі, Ірляндыі, Нідэрляндах менавіта ў дамах састарэлых альбо даглядаюць старых людзей у іх дома. І няблага на гэтым зарабляюць.

У беларускіх умовах такую дзейнасьць безь дзяржаўнай падтрымкі ўявіць цяжка. Мясцовыя пэнсіянэры ня здольныя плаціць за гэтыя паслугі столькі, колькі яны насамрэч каштуюць. Верагодна, дзяржава магла б стварыць канкурэнцыю ў гэтай сфэры, калі б пагадзілася фінансаваць падобныя прыватныя сацыяльныя цэнтры нароўні зь дзяржаўнымі. У іншым выпадку прыватны капітал у гэтую сфэру проста ня пойдзе.

Як заўсёды, шмат у нашай пошце лістоў на геапалітычныя тэмы, і асабліва — пра імклівыя зьмены ў Расеі, пра ўсё больш відавочную ізаляцыю Масквы ў сьвеце. Наш слухач Міхаіл Каліноўскі зь Віцебску піша:

«2014 год увойдзе ў гісторыю як момант перарастаньня эканамічнага крызісу, які пачаўся яшчэ ў 2008 годзе, у глябальнае палітычнае і ваеннае супрацьстаяньне. Сьвет, па сутнасьці, апынуўся на мяжы новай сусьветнай вайны. Невыпадкова многія публіцысты праводзяць паралелі з 1914-м годам. Хоць асабіста я схільны бачыць аналёгіі з пазьнейшым пэрыядам. Згадайма: у 1929 годзе пачынаецца найвастрэйшы эканамічны крызіс, а ў 1933-м да ўлады ў Нямеччыне прыходзіць Гітлер.

А як цяпер? У 2008-м пачынаецца крызіс, а ў 2012-м Пуцін вяртае сабе прэзыдэнцкае крэсла. Зрэшты, ён ад яго далёка і не адыходзіў.

Дзярждума ператвараецца ў ашалелы прынтэр: штампуе любыя законы дзеля так званай „велічы Расеі“.

Што было ў Эўропе пасьля 1933 году? Грамадзянская вайна ў Гішпаніі. Гэта была спроба сіл і для нямецкага, і для савецкага бакоў. Дасылаліся ваенныя дарадцы, узоры тэхнікі, каманды дывэрсантаў, разнастайныя так званыя „добраахвотнікі“.

Эўрамайдан зблытаў карты Пуціну. Верагодна, на 2015 год мог плянавацца канчатковы захоп Беларусі. А тут давялося разьбірацца з Крымам, з Данбасам. Для Пуціна гэта — толькі чарговая спроба сіл, таму ён не пайшоў на маштабнае ўварваньне...

Захад у адказ увёў санкцыі і пачаў абвальваць нафтавыя кошты. Пуцін вымушаны скарачаць сацыяльныя выдаткі і падвышаць фінансаваньне арміі. Захад спадзяецца, што агульны эканамічны спад у Расеі затармозіць расейскую агрэсію і стане штуршком да перавароту ў Маскве. Але ці апраўданыя гэтыя разьлікі?»

Ня думаю, спадар Міхаіл, што сур’ёзныя палітычныя сілы на Захадзе, уводзячы супраць Масквы санкцыі, разьлічваюць на пераварот ці рыхтуюць яго. У розныя гістарычныя пэрыяды на прыкладзе розных аўтарытарных і дыктатарскіх рэжымаў шматкроць апрабавана і праверана: санкцыі ва ўмовах узьнятых у такіх краінах хваляў вялікадзяржаўнага шавінізму яшчэ больш умацоўваюць аднаасобных валадароў, згуртоўваюць вакол іх насельніцтва. Як бачым, рэйтынг таго ж Пуціна за апошнія месяцы вырас да неверагоднай велічыні.

Іншае пытаньне: як доўга гэты ўра-патрыятычны чад можа ўзьдзейнічаць на грамадзтва? Зусім відавочна: санкцыі ўведзеныя дзеля таго, каб аслабіць расейскую эканоміку, каб пазбавіць магчымасьці праводзіць агрэсіўную палітыку, каб расейская ўлада асэнсавала і прызнала памылковасьць і згубнасьць абранага шляху.

Бо які яшчэ ёсьць спосаб узьдзейнічаць на гэты рэжым, калі ніякія ўгаворы і перамовы, апэляцыі да міжнароднага права і прынцыпаў справядлівасьці — уплыву ня маюць?

У аглядзе пошты 29 кастрычніка прагучаў ліст ад Анатоля Адаменкі з Гомеля. Уражаны ўкраінскай рэвалюцыяй і яе наступствамі, слухач пісаў: «Цяпер будучыня Беларусі цьмяная, цалкам прывязаная да непрадказальнай і агрэсіўнай Расеі. Мы то неяк дажывём. А дзеці, унукі? Якімі словамі яны пра нас успомняць? Вось што непакоіць і турбуе больш за ўсё».

Адказваючы спадару Адаменку, я зьвярнуў увагу на тое, якімі словамі згадваем сваіх дзядоў і бацькоў мы. Найчасьцей — добрымі, словамі ўдзячнасьці і смутку. Ці іхная віна, што давялося жыць у жорсткім 20-м стагодзьдзі — падчас крывавых рэвалюцыяў і войнаў, нялюдзкіх дыктатарскіх рэжымаў, палітычных рэпрэсіяў і зьдзекаў з іншадумцаў... Час, у які выпала жыць, не выбіраюць. Наступныя пакаленьні ўсьведамляюць і разумеюць гэта ня горш за папярэднія. Таму не выпадае надта непакоіцца за тое, што нашы нашчадкі прад’явяць нам, калі мы ўжо адыдзем і спачнем, нейкія асабліва строгія рахункі за нашы памылкі і пралікі...

З гэтымі маімі высновамі катэгарычна не пагаджаецца іншы наш сталы слухач — Валеры Грыцук зь Менску. Ён піша:

«Слухаю „Пошту“ і падтрымліваю вашы мудрыя камэнтары. Я згодзен з вамі, але толькі на 90%. Вось, напрыклад, ваш камэнтар адносна ліста Анатоля Адаменкі з Гомеля мяне нават абурыў. Чаму? Бо занадта ён „беларускі“, талерантны, то бок — погляд раба, прыстасаванца. Чаму гэта не адпавядае сутнасьці?

Па-першае, рэвалюцыі робіць частка насельніцтва. Астатняя частка грамадзтва альбо маўкліва пагаджаецца, альбо змагаецца з рэвалюцыянэрамі. То бок — „іхняя віна“ ёсьць, бо маўкліва пагадзіліся. І атрымалася як у той прыпавесьці: „...забралі аднаго суседа — я маўчаў, забралі другога — маўчаў. А потым прыйшлі па мяне“.

Па-другое, адносна сьцьвярджэньня пра тое, што „час, у які выпала жыць, не выбіраюць“. Так, не выбіраюць, але ставяць Час, гэтаксама як ставяць час у гадзіньніку, таксама людзі. І ідзе адлік Часу ад таго, як паставілі гадзіньнік Гісторыі: 1917, 1938–41, 1991, 2014 (пуцінскі)...

Таму выпадае непакоіцца адносна думкі нашчадкаў, калі мы — сапраўды ЛЮДЗІ. Бо ГЭТА МЫ ЦЯПЕР РОБІМ (ставім) ЧАС ДЛЯ ІХ!

Вось гэта і ёсьць наша бяда, беларусаў, што няма рахункаў адносна катаў НКВД, адносна КПСС і нават адносна акупантаў пэрыяду Другой сусьветнай вайны ... Няма рахункаў — і таму гэта дае ДАЗВОЛ НА НОВЫЯ ЗЛАЧЫНСТВЫ, што мы і бачым сёньня. Паслугачы дыктатуры, злачынцы якраз і спадзяюцца, што „не выпадае надта непакоіцца“. Вось таму ваш камэнтар вельмі шкодны».

Калі ідзе размова пра грамадзтва, дзяржаву, палітычных дзеячаў — так, спадар Валер, з вамі можна пагадзіцца: на іх кладзецца вялікі цяжар адказнасьці, у тым ліку за дзеяньні іхных папярэднікаў. Для прыкладу, злачынствы, учыненыя сталінскім рэжымам, на дзяржаўным узроўні так і не былі асуджаныя. І ці ня ў гэтым адна з галоўных прычынаў таго, што амаль усе постсавецкія краіны пасьля крушэньня СССР паступова зноў скаціліся да аўтарытарных рэжымаў?

Але ў камэнтары да рэплікі Анатоля Адаменкі ішла размова не пра гэта (не пра палітычную і маральную адказнасьць розных пакаленьняў палітыкаў), а пра наша стаўленьне да канкрэтных лёсаў нашых канкрэтных сваякоў — бацькоў, дзядоў, бабуль. Наўрад ці нехта з нас атаясамлівае іх з тымі палітычнымі рэжымамі, ва ўмовах якіх ім выпала жыць.

Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на Свабоду. З вамі быў Валянцін Жданко. Пішыце нам, адрас ранейшы: Менск-5, паштовая скрынка 111.

Праграма «Паштовая скрынка 111» выходзіць у эфір кожную сераду.

Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG