Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«На наступныя выбары трэба выставіць якога-небудзь палітычнага клоўна з эпатажнымі паводзінамі...»


Валянцін Жданко
Валянцін Жданко

Апошнім часам усё часьцей у пошце гучыць тэма блізкіх прэзыдэнцкіх выбараў, якія маюць адбыцца ў наступным годзе

У допісах, якія мы атрымліваем у гэтыя лістападаўскія дні, слухачы Свабоды, як заўсёды, адгукаюцца на апошнія найбольш значныя палітычныя падзеі, выказваюцца пра тое, што іх турбуе, цікавіць, непакоіць. Апошнім часам усё часьцей у пошце гучыць тэма блізкіх прэзыдэнцкіх выбараў, якія маюць адбыцца ў наступным годзе. Праўда, вялікіх спадзяваньняў на зьмены ў гэтай сувязі практычна ніхто з аўтараў лістоў на Свабоду не выказвае.

Пачну сёньняшнюю размову з допісу Мікалая Барысенкі з Наваполацку:

«За апошні год сьвет вельмі зьмяніўся. Толькі нашы змагары ня могуць (ці ня хочуць) зразумець гэта.

З апошніх выступаў Лукашэнкі многія робяць выснову, што ён запалоханы расейска-ўкраінскай вайной. А што, калі ён толькі робіць выгляд, што запалоханы?

Наконт выбараў. Ня варта аддаваць шмат увагі таму, чаго няма. Можна было б выставіць на гэтыя выбары якога-небудзь палітычнага клоўна з эпатажнымі паводзінамі. Усё роўна нічога з гэтага не атрымаецца — дык хоць пасьмяёмся.

Што да традыцыйнай пасьлявыбарнай Плошчы, то яна на гэты момант ня мае асаблівага сэнсу. У выпадку, калі падчас выбарчай кампаніі Лукашэнка пачне сынхранізаваць сваю палітыку з Пуціным, тады Плошча можа стаць увэртурай да ўвядзеньня санкцыяў супраць „лукакратыі“.

...І ў любым выпадку ніколі ня трэба забываць, што сытуацыя можа рэзка і хутка зьмяніцца».

Далей Мікалай Барысенка зьмяняе тэму размовы і разважае пра зьяву, якая апошнім часам набыла значную папулярнасьць сярод моладзі — распаўсюджанасьць вышыванак і ўвогуле рэчаў, аздобленых беларускім нацыянальным арнамэнтам. Яшчэ адна цытата зь ліста:

«Улада цяпер ня можа даць рады гэтым вышыванкам. Як іх забароніш, калі гэты арнамэнт — фактычна частка таго сьцяга, які ўсталяваў Лукашэнка і да якога за 20 гадоў многія пад узьдзеяньнем прапаганды прызвычаіліся? А тут яшчэ і гэты страх перад Пуціным, перад агрэсіўным наступам „русского мира“...

Папярэджу, аднак, „вышываначнікаў“: ім трэба быць асьцярожнымі і пільнымі. Паводле маіх назіраньняў, чым бліжэй горад да заходняй мяжы — тым больш лютыя там „мянты“ ды ідэолягі. Зрэшты, Менск у гэтым сэнсе выключэньне: там яны асабліва лютыя».

Ня ведаю, спадар Мікалай, як вы вызначылі ступень лютасьці і палітычнай пільнасьці міліцыянтаў у залежнасьці ад геаграфічнага напрамку. Здаецца, іхныя паводзіны ня надта адрозьніваюцца — што ў Горадні, што ў Гомелі... Камандзіры ж у іх адны і тыя ж (як, зрэшты, і ідэалягічныя ўстаноўкі).

Цяпер ужо цяжка сказаць, якім чынам нацыянальны арнамэнт у 1951 годзе трапіў на новы дзяржаўны сьцяг БССР. Даволі дзіўна, што тагачасныя крамлёўскія ідэолягі гэта дазволілі

А вось зьява з «вышыванкамі», сапраўды, адметная. Цяпер ужо цяжка сказаць, якім чынам нацыянальны арнамэнт у 1951 годзе трапіў на новы дзяржаўны сьцяг БССР. Даволі дзіўна, што тагачасныя крамлёўскія ідэолягі гэта дазволілі. Новыя сьцягі 14 іншых рэспублік СССР былі абсалютна пазбаўленыя якіх-небудзь нацыянальных адметнасьцяў ці гістарычных паралеляў. І ў гэтым сэнсе сьцяг савецкай Беларусі быў выключэньнем.

Калі Лукашэнка ў 1995 годзе мяняў дзяржаўныя сымбалі, то, хоць і ўзяў за аснову савецкія герб і сьцяг, але істотна падкарэктаваў іх. У прыватнасьці, са сьцяга ён ня толькі прыбраў серп, молат і зорку, але і перайначыў колеры арнамэнту. На сьцягу БССР узор быў белага колеру на чырвоным полі, на Лукашэнкавым сьцягу — чырвонага на белым. Што, зрэшты, зусім апраўдана, калі зыходзіць з колераў нацыянальнага сьцягу і традыцыйнай беларускай вышыўкі.

А вось для ідэолягаў гэта ў далейшым стварыла праблему. Спалучэньня белага і чырвонага яны баяцца як агню. Паназірайце, якімі колерамі ўпрыгожаныя перад дзяржаўнымі сьвятамі вуліцы беларускіх гарадоў: як правіла, чырвоным і зялёным. Хоць, калі строга зыходзіць з выгляду афіцыйнага сьцяга, гэтых колераў павінна быць тры.

✉ ✉ ✉

Аўтар наступнага ліста Алесь Марціновіч з Баранавічаў спрабуе спрагназаваць, якім будзе чарговае, ужо трэцяе па ліку дзесяцігодзьдзе прэзыдэнцтва Аляксандра Лукашэнкі:

«Пэрыядычна Лукашэнка будзе фліртаваць з Захадам — пасылаць туды прэм’ер-міністра і міністра замежных спраў, шчабятаць пра карані ды мову, глыбакадумна разважаць пра вялікую геапалітычную вось „Менск — Масква — Пэкін“. Аднак жыцьцё будзе браць сваё. Нерэфармаваная і калярынкавая эканоміка Беларусі, цалкам залежная ад Расеі, а таксама масквацэнтрычнае насельніцтва і поўная адсутнасьць эўрапейскага ўплыву будуць усё больш ператвараць Беларусь у гэткі заходнерасейскі прыдатак да Расеі Вялікай... У Эўразійскім саюзе Лукашэнка ня зможа выконваць колькі-небудзь самастойнай ролі. І як бы час ад часу ні спрабаваў паказваць уласны нораў гэты „праваслаўны савецкі атэіст“ і славянскі антызаходнік — урэшце ён непазьбежна вымушаны будзе вяртацца на сваё месца ля расейскага бота. Ёсьць прыхамаць індывіда, а ёсьць — геапалітычная лявіна непазьбежнасьці».

Сцэнары гэтага трэцяга дзесяцігодзьдзя Лукашэнкавай улады могуць быць вельмі розныя, спадар Алесь. Вы зыходзіце з таго, што ніякія істотныя зьмены тут не адбудуцца. Але якраз апошнім часам наша частка Эўропы зьмяняецца вельмі імкліва. Вядома, Лукашэнка робіць усё магчымае, каб час у Беларусі застыў, каб для ягонай улады, якую ён, без сумневу, плянуе як пажыцьцёвую і вельмі працяглую, ніякія новыя пагрозы не ўзьнікалі. Але тут вельмі многае ад яго не залежыць. У паласу заўважнай эканамічнай нестабільнасьці ўсё больш заглыбляецца Расея — галоўная і адзіная крыніца фінансавага падмацунку, а часта і выратаваньня так званага «беларускага эканамічнага цуду». Ці застанецца рэжым Лукашэнкі ўстойлівым без штогадовых расейскіх мільярдаў — пытаньне рытарычнае.

✉ ✉ ✉

Мікола Канаховіч з Пружанаў напісаў нам пад уражаньнем ад нядаўняй сустрэчы беларускіх пісьменьнікаў з Аляксандрам Лукашэнкам. Тое, як паводзілі сябе там незалежныя літаратары, слухача катэгарычна не задавальняе:

«Гэта не паддаецца ніякаму здароваму асэнсаваньню. Яны ж сядзелі на той сустрэчы, як двоечнікі перад строгім настаўнікам. А гэта ж быў той рэдкі шанец, калі можна было паставіць пытаньне рубам — і запатрабаваць, каб Лукашэнка неадкладна скасаваў вынікі так званага рэфэрэндуму 1995 году як незаконнага і антыбеларускага. Але мэтры беларускай літаратуры сарамліва прамаўчалі. Дык што гэта было? Бездакорнае халуйства? Здрада свайму ўласнаму сумленьню і беларускаму народу?

Чаму было не растлумачыць Лукашэнку, што Беларусь — унітарная дзяржава, і ня можа быць тут ніякага дзьвюхмоўя?

Чаму было не растлумачыць Лукашэнку, што Беларусь — унітарная дзяржава, і ня можа быць тут ніякага дзьвюхмоўя? Дзяржаўнасьць расейскай мовы ў нашых умовах — гэта павольная пагібель усяго беларускага.

Так што пісьменьнікі заслугоўваюць ганьбы. Праўда, цяпер яны, каб неяк апраўдацца, пачалі даваць падказкі чыноўнікам — як папулярызаваць беларускую мову. Але ўсе гэтыя падказкі — марныя і бескарысныя. Сёньня нават малое дзіця ведае: без афіцыйнай адмены таго злачыннага рэфэрэндуму 95-га году ніякія падказкі дзейнічаць ня будуць».

Уявім, спадар Мікола, што пісьменьнікі паступілі дакладна гэтак, як вы ім раіце: з парогу запатрабавалі, каб Лукашэнка тут жа ануляваў вынікі рэфэрэндуму 20-гадовай даўніны. І чым бы ўсё скончылася? Сустрэча б перапынілася, не пачаўшыся. Пісьменьнікам паказалі б на дзьверы. І ніякага заўважнага розгаласу такі дэмарш таксама ня меў бы: жывой трансьляцыі гэтай размовы, як вядома, не было.

Беларускія рэаліі такія, што пад лёзунгамі барацьбы за нацыянальную мову шматтысячныя натоўпы на вуліцы не зьбярэш. І з гэтым вымушаны лічыцца і пісьменьнікі, і грамадзкія дзеячы, і палітыкі.

Апошнім часам на тле ўкраінскіх падзеяў і агрэсіўнай палітыкі Масквы да кіраўнікоў беларускай дзяржавы пачало даходзіць, наколькі важны чыньнік нацыянальнай бясьпекі — беларуская мова. Пісьменьнікі спрабуюць выкарыстаць гэтае прасьвятленьне. Што ў тым заганнага?

✉ ✉ ✉

І на заканчэньне — некалькі кароткіх лістоў-падзяк ад нашых даўніх слухачоў, удзельнікаў Клюбу сяброў Свабоды, якія нядаўна ў якасьці падарунка атрымалі выдадзеныя да юбілею нашага радыё кнігі «Лісты на Свабоду» і «Лісты пра Свабоду».

Аляксей Мартысюк зь Менску піша:

«Вялікі дзякуй за выдатныя кнігі — гэта своеасаблівы летапіс нашага жыцьця за апошнія паўтара дзесяцігодзьдзя. Няхай бароніць і беражэ вас Бог! Посьпехаў у працы на карысьць Беларусі».

✉ ✉ ✉

І яшчэ адзін кароткі допіс — ад Анатоля Чачоткі зь Менску.

«Шчыра ўдзячны за двухтомнік. Гэта выдатны падарунак да юбілею. У ім — смутак, боль за нашы няспраўджаныя мары і вера ў лепшую будучыню роднай Беларусі. Вось толькі калі гэтая сьветлая будучыня настане?

Буду вельмі рады, калі радыё і надалей будзе знаходзіць магчымасьць дасылаць новыя кнігі са сваёй выдатнай сэрыі „Бібліятэка Свабоды. 21-е стагодзьдзе“».

Дзякуй вам, шаноўныя слухачы, за добрыя словы і за прыхільнасьць да нашага радыё. Новыя кнігі ў «Бібліятэцы Свабоды» па-ранейшаму выходзяць, і мы, без сумневу, будзем дарыць іх усім найбольш актыўным аўтарам цікавых допісаў.

Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на Свабоду.
Пішыце нам, адрас ранейшы: Менск-5, паштовая скрынка 111.

Праграма «Паштовая скрынка 111» выходзіць у эфір кожную сераду.
Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG