Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Раніцай молімся ў царкве, а вечарам палім язычніцкія вогнішчы...»


Валянцін Жданко
Валянцін Жданко

Увесь апошні год амаль у кожным допісе, адрасаваным на Свабоду, у той ці іншай форме гучыць украінская тэма. Многія слухачы, спрабуючы асэнсаваць падзеі ў Кіеве і на Данбасе, шукаюць глыбінныя прычыны канфлікту ў супольнай савецкай гісторыі, і найперш — у пэрыядзе, калі Савецкі Саюз слабеў і распадаўся.

Пачну сёньняшнюю размову з аднаго такога ліста. Алесь Радзевіч з Горадні піша:

«Пасьля развалу СССР шпрынгераўска-мэрдакаўскія «свабодныя» СМІ ўвесь час трубілі: Расея — гэта ўжо не Савецкі Саюз, не звышдзяржава; цяпер Расея — гэта сыравінны прыдатак Захаду...

Калі гэта сапраўды так, дык чаму ж імпэрыялістычны зьвяз гэтак баіцца таго „прыдатку“? Чаму Расею не паставілі на месца яшчэ на самым пачатку сёлетняй крымскай кампаніі? Замест таго каб цьвёрда сказаць Маскве «Рукі прэч ад Украіны!», прымаюцца нейкія пустапарожнія заявы. І ўвогуле, абрана тактыка ўлагоджваньня бандыта.

Выявілася, што магутны Захад пры ўсёй вялізнай моцы сваёй эканомікі панічна, жывёльна баіцца гэтага „прыдатку“.

Не, панове, тут яшчэ трэба разабрацца, хто ў каго «прыдатак». Насамрэч вы маеце перад сабой магутнага ядзернага імпэрыялістычнага драпежніка сусьветнага ўзроўню.

І што мы ў выніку маем? Кіраўнікі-мэнэджэры ў імпэрскіх сталіцах ня ведаюць, што рабіць. Уводзіць сур’ёзныя эканамічныя санкцыі не дазваляюць лялькаводы з карпарацыяў, якія і кіруюць усёй гэтай алігархічнай дэмакратыяй. А даць зброю ўкраінцам — дык боязна расейскага мядзьведзя.

Вось вам і ўся эўраатлянтычная еднасьць. Упэўнены, што ўсе размовы пра разьмяшчэньне амэрыканскіх вайсковых базаў ва Ўсходняй Эўропе і Прыбалтыцы — пустая гаварыльня. Нават калі яны там і зьявяцца, то ці стануць засьцярогай ад Расеі? Калі запахне смажаным і Злучаныя Штаты апынуцца перад пагрозай ядзернага ўдару адкуль-небудзь з Курылаў — дык яны імгненна кінуць сваіх усходнеэўрапейскіх хаўрусьнікаў. Гэтак жа, як зараз кінулі разам з Эўразьвязам Украіну. Яшчэ не пасьпелі як сьлед увесьці так званыя санкцыі, а ўжо трызьняць пра іх скасаваньне. Няма ў іх ні сораму, ні гонару. Кінуць таму, што сучасны імпэрыялістычны сьвет, які паўстаў са сьвету каляніяльнага, здатны ваяваць толькі са слабымі. Як у той расейскай прымаўцы: „Маладзец сярод авец, а супраць малайца і сам аўца“».

Супярэчнасьці, пра якія вы, спадар Алесь, пішаце ў сваім лісьце — у многім уяўныя. Расея, сапраўды, была эканамічна і палітычна вельмі слабая на пачатку і ў сярэдзіне 90-х гадоў. Часова яна вымушана была забыць пра ўсе свае імпэрскія амбіцыі — было не да іх, калі ўсё развальвалася ўнутры краіны, калі не было чым карміць нават уласны народ, а ня тое што колішнія імпэрскія ўскраіны. Гэты момант вельмі ўдала скарысталі ўсходнеэўрапейскія краіны, якія 40 год вымушана заставаліся ў так званым «сацыялістычным лягеры».

Але за апошнія два дзесяцігодзьдзі сытуацыя зьмянілася. Высокія цэны на нафту і газ зрабілі сваю справу: Расея перастала быць беднай. І тут жа ўспомніла пра сваю былую імпэрскую веліч, пра гістарычныя крыўды і абразы, пра адбудову «Русского мира»....

Украіна страціла Крым, бо без супраціву пусьціла туды ўзброеныя сілы чужой дзяржавы

Што да вашых, спадар Алесь, папрокаў на адрас Захаду ў справе ўкраінскага крызісу. Відавочна, заходнія краіны вымушаныя лічыцца зь ядзерным статусам і ўвогуле з ваенным патэнцыялам Расеі. Якой бы вялікай каштоўнасьцю ні была тэрытарыяльная цэласнасьць Украіны, але на тле пагрозы Трэцяй сусьветнай вайны заходнія грамадзтвы гатовыя ахвяраваць дзеля яе далёка ня ўсім. У пэўным сэнсе гэта ўрок для многіх невялікіх і сярэдніх краін. Асабліва для тых, якія мяжуюць зь непрадказальнымі суседзямі. Ня варта разьлічваць на тое, што нейкі іншы народ, іншая краіна будзе абараняць вашу незалежнасьць і тэрытарыяльную цэласнасьць — калі вы самі ня будзеце прыкладаць дзеля гэтага належных уласных намаганьняў. Украіна страціла Крым, бо без супраціву пусьціла туды ўзброеныя сілы чужой дзяржавы. Некаторыя кажуць: «Супраціў быў бессэнсоўны». Я ў такіх выпадках прыводжу прыклад маленькай, непараўнальнай з Украінай ні паводле насельніцтва, ні паводле ваеннай магутнасьці Фінляндыі. Яе рашучы супраціў зімой 1940 году супраць агрэсіі сталінскага Савецкага Саюзу таксама здаваўся бессэнсоўным і марным. Але яна выстаяла — і захавала сваю незалежнасьць, хоць абаранялася практычна ў поўнай адзіноце.

✉ ✉ ✉

Аўтар наступнага допісу — наш даўні сябар Кастусь Сырэль з Вушачаў — гэтым разам разважае пра спэцыфічнае стаўленьне многіх беларусаў да хрысьціянскіх каштоўнасьцяў і да зьяў і тэндэнцый, якія гэтым каштоўнасьцям супярэчаць.

«Як вядома, афіцыйны гімн пачынаецца словамі „Мы, беларусы, мірныя людзі“. Не аспрэчваючы гэтую аксіёму, якую мог бы прыляпіць да свайго гімну, бадай, кожны народ, мне часам карціць крыху перайначыць першы радок. Менавіта вось так:

„Мы, беларусы, дзіўныя людзі“.

Паспрабую патлумачыць. На нашай кніжнай паліцы Біблія стаіць побач з дапаможнікам па чорнай і белай магіі. Зь першай мы не адолелі нават кнігу „Быцьцё“, другую — зачыталі да дзір і кіруемся дадзенымі ў ёй парадамі.

Мы ня верым адукаваным дактарам, але верым нашэптваньням і замовам неадукаваных бабулек і розных шарлятанаў.

Большасьць з нас ня верыць у Бога, але верыць у астралягічныя прагнозы, чортаў тузін, жанчыну з парожнім вядром і чорнага ката, які перабег дарогу. Крыху заспакойвае тое, што на гэтую хваробу пакутуе, бадай, увесь хрысьціянскі (а значыцца, цывілізаваны?) сьвет.

Мы лічым сваю краіну хрысьціянскай, але нашы паводзіны маюць больш агульнага з паганствам, чым з хрысьціянствам. Я зусім не хачу сказаць, што паганская або язычніцкая вера нашых далёкіх продкаў была дрэннай, але цалкам лягічна прытрымлівацца якой адной. А мы раніцай молімся ў царкве, а вечарам палім вогнішчы і сьвяткуем язычніцкае сьвята Купальле. І ніколькі не зьдзіўляемся, і кажам, што гэтак павялося ў нас здавён.​

Памятаю, больш як паўстагодзьдзя таму мая бабуля прыгражала мне, што калі я на Сёмуху (хрысьціянскае сьвята) буду выразаць сьцізорыкам зь ліпавай галінкі сьвісток, то мяне за гэта заб’е маланкай Пярун (язычніцкі бог). Цяжка, ой, цяжка знайсьці кампраміс паміж хрысьціянствам і паганствам, але тут яны паўсталі супраць мяне, маленькага хлопчыка, супольна.

Мы ладзім сапраўдныя фэсты з выпіўкай і закускай на могілках ня толькі на Дзяды, але й на Вялікдзень, Сёмуху і Спас. Мы танчым, пяём песьні і расказваем непрыстойныя анэкдоты сярод кладоў — падобным чынам рабілі, здаецца, фінікійцы. Мы адзначаем выпіўкай і закускай усё — нараджэньне, сьмерць, вясельле, улазіны, набыцьцё аўтамабіля, аванс, палучку, дзень Перамогі, дзень узяцьця Бастыліі...

Нашы гарады ўзятыя ў аблогу так званымі „царскімі сёламі“, насельнікі якіх старанна наведваюць адмыслова пабудаваныя хрысьціянскія храмы і ў той жа час цынічна ігнаруюць хрысьціянскія прынцыпы, адзін зь якіх дэкляруе: „Не зьбірай сабе скарбаў на зямлі“.

Падчас хрысьціянскіх пастоў мы аб’ядаемся і напіваемся, а паміж пастамі ладзім „разгрузачныя дні“ і прытрымліваемся дыеты.

Мы лічым сваю краіну хрысьціянскай, але галоўныя вуліцы і плошчы нашых гарадоў носяць імёны самых зацятых змагароў з хрысьціянствам. Таму нікога ўжо не зьдзіўляе, што наш прэзыдэнт-атэіст сёлета з задавальненьнем атрымаў чарговую, ажно сёмую па ліку канфэсійную ўзнагароду — ордэн Сэрбскай праваслаўнай царквы.

...Дзіўная наша краіна і дзіўны народ, які яе насяляе! Усё цалкам мне нагадвае кляштар і яго насельнікаў зь вядомага рамана Ўмбэрта Эка: велічныя муры, багатая бібліятэка, малітвы ад цямна да цямна, строгае беднае адзеньне манахаў... Але гэта толькі зьнешні выгляд. Шырма, за якой хаваецца чорт ведае што. Дабро, намяшанае са злом».

Гэтыя назіраньні цяжка аспрэчваць, спадар Кастусь. Суцяшае хіба думка пра тое, што не адны беларусы такія. Увогуле, хрысьціянства ў эўрапейскіх краінах перажывае няпростыя часы. Амаль у любой заходняй краіне можна назіраць бязьлюдныя храмы — нават у нядзелі і ў дні хрысьціянскіх сьвятаў. Хрысьціянскія канфэсіі адна за адной адыходзяць ад колішніх строгіх маральна-этычных пастулятаў і абмежаваньняў, імкнучыся прыстасавацца да зьменлівага сучаснага сьвету.

Дарэчы, Лукашэнка ў свой час зусім не выпадкова назваўся праваслаўным атэістам. Заўважце, ніякага прыкметнага пратэсту і абурэньня сярод беларускага грамадзтва гэта ня выклікала. Чаму? Бо і большасьць насельніцтва Беларусі магла б сказаць пра сябе дакладна гэтак жа.

✉ ✉ ✉

На заканчэньне — кароткі ліст ад Мікалая Волчыка зь вёскі Зіновічы Пружанскага раёну — удзельніка нашага Клюбу сяброў Свабоды.

«Атрымаў „Лісты на Свабоду“ з сэрыі „Бібліятэка Свабоды“. Шчыра дзякую, што не забываеце сталага прыхільніка і слухача. Чытаюць вашы выданьні і іншыя заўзятары з ваколіцаў Пружанаў, і таксама ўдзячныя вам.

Нагадваю пра тое, пра што пісаў і ў ранейшых сваіх рэдкіх лістах: застаюся штодзённым слухачом Свабоды. А паўсядзённае наша жыцьцё выклікае трывогу за будучыню. Грамадзтва, па сутнасьці, адзінае ў адмоўнай ацэнцы нашай сыстэмы кіраваньня. Асабліва гэта датычыць амаральных паводзінаў мясцовых кіраўнікоў. А нам толькі вешаюць локшыну на вушы. Так, абываталь усё больш стамляецца ад гэтага тэатру абсурду».

Цяжка меркаваць, спадар Мікалай, ці сапраўды ў беларускім грамадзтве адбываюцца нейкія глыбінныя зрухі сьвядомасьці. Калі меркаваць па сацыялягічных зьвестках, дык пазыцыі ўлады на тле ўкраінскіх падзеяў толькі ўмацоўваюцца. Хоць ва ўмовах аўтарытарных рэжымаў аб’ектыўную карціну грамадзкіх настрояў цяжка атрымаць і сацыёлягам: людзі, гаворачы пра палітыку, рэдка бываюць шчырымі зь незнаёмымі асобамі — нават калі тыя абяцаюць поўную ананімнасьць.

Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на Свабоду.

Пішыце нам, адрас ранейшы: Менск-5, паштовая скрынка 111.

Праграма «Паштовая скрынка 111» выходзіць у эфір кожную сераду.

Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG