Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Антон Астаповіч: «Гэта — тэст для праваслаўнай царквы»


Старшыня Беларускага добраахвотнага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры Антон Астаповіч зьвярнуўся да мітрапаліта Менскага і Слуцкага Паўла з прапановай правесьці круглы стол і пачаць дыялёг па праблемах архітэктурнай царкоўнай спадчыны Беларусі.

Антон Астаповіч заклікае праваслаўную царкву не руйнаваць беларускую гісторыка-культурную спадчыну. У царкве з гэтымі абвінавачваньнямі не пагаджаюцца.

У сваім лісьце Антон Астаповіч зьвяртае ўвагу мітрапаліта Паўла на небясьпеку, у якой апынуліся праваслаўныя культавыя будынкі, што маюць статус гісторыка-культурных каштоўнасьцяў і знаходзяцца ў распараджэньні Беларускай праваслаўнай царквы. Пры рамонтных і рэстаўрацыйных працах не выконваюцца адпаведныя іх статусу нарматывы. У выніку неабгрунтавана зьмяняюцца як самі будынкі, так і ў цэлым культурныя ляндшафты, ідзе навязваньне чужых для Беларусі архітэктурных і мастацкіх формаў. Гэты працэс доўжыцца ўжо не адно дзесяцігодзьдзе, і яго неабходна спыніць, кажа Антон Астаповіч:

Антон Астаповіч
Антон Астаповіч

«Ідуць неабгрунтаваныя зьмены і неабгрунтаваныя рамонты. Губляецца аўтэнтычнасьць цэркваў: вось гэтая экспансія „залатых“ купалаў, чаго ў Беларусі ніколі не было. На свае вочы бачыў у некалькіх цэрквах на Палесьсі, што інтэр’еры цэркваў абшываюцца шалёўкай — нібыта ў парылку заходзіш. Шмат ёсьць тэорыяў, чаму так адбываецца — ці то гэта адмыслова навязваецца, каб наблізіць наш культурны ляндшафт да расейскага і ў гэтым ёсьць антынацыянальная палітыка праваслаўнай царквы? Не хацелася б так думаць. Але калі аб’ект мае статус гісторыка-культурнай каштоўнасьці, то ўсе працы павінны праводзіцца выключна ў межах дзейнага заканадаўства. І тут таксама ёсьць пэўная нэгатыўная роля Міністэрства культуры, бо цэлы шэраг такіх зьменаў міністэрства ўзгадняе. Мы акрэсьлілі праблему, мы нікога не абвінавачваем, а прапануем супрацу ў вырашэньні гэтай праблемы праз круглыя сталы з прыцягненьнем усіх зацікаўленых бакоў. Гэта тэст: ці ёсьць воля ў вышэйшага кіраўніцтва Рускай праваслаўнай царквы ў Беларусі да зьмены сытуацыі ў лепшы бок?»

Прэсавы сакратар праваслаўнай царквы ў Беларусі айцец Сяргей Лепін кажа, што праваслаўная царква ахвотна бярэ ўдзел у супольных абмеркаваньнях любых праблемных тэмаў і працэсаў, якія адбываюцца ў грамадзтве. Не выключэньне — і тэма захаваньня беларускай гісторыка-культурнай спадчыны, увасобленай у будынках цэркваў у Беларусі. Аднак айцец Сяргей Лепін зьняпраўджвае закіды пра тое, што служыцелі праваслаўнай царквы несьвядома альбо наўмысна зьнішчаюць нацыянальныя каштоўнасьці. Гаворыць айцец Сяргей Лепін:

«Усе неабходныя зьмены і пераўтварэньні ў прыходзе адбываюцца толькі ў кантакце зь Міністэрствам культуры. Я таксама настаяцель прыхода ў царкве, якая зьяўляецца помнікам культуры. Каб нешта зрабіць, я зьвяртаюся ў Міністэрства культуры, падрыхтоўваюцца адпаведныя праекты, мне прызначаюць навуковага кіраўніка будоўлі ці рэстаўрацыі – гэта першае.

Па-другое, ёсьць такая рэч, як густ. І спрэчкі пра тое, як прыгажэй і лепш, можна весьці да бясконцасьці. Калі нават рэстаўрацыя замкаў і палацаў, на якую выдаткаваныя велізарныя сродкі, выклікае спрэчкі, то я ня думаю, што магчымая такая рэстаўрацыя царквы, якая б задаволіла ўсіх.

Варта ўлічваць і тое, што ўзровень рэстаўрацыі цэркваў вызначаецца ня толькі магчымасьцямі рэстаўратарскага мастацтва ў нас у краіне, але і матэрыяльнымі магчымасьцямі прыходаў.

Просты прыклад: некалькі гадоў таму тэлефанавала жанчына і скардзілася, што ў нейкай вёсцы ў царкве была драўляная падлога, сьвятар яе замяніў на «навадзел»: раней была старадаўняя бяроза, а цяпер сасна, помнік драўлянага дойлідзтва зьнішчаны і ўсё такое. Мы паспрабавалі разабрацца, бо гэта сур'ёзнае абвінавачаньне, бо мы таксама разумеем, што такое гісторыка-культурная спадчына, стараемся, каб сьвятары гэта таксама разумелі.

І што высьветлілася: падлога гэтак прагніла, што на ёй стаяць было нельга – людзі правальваліся. А для нас царква – ня толькі помнік архітэктуры, але яшчэ і функцыянальны будынак, дзе мы, сярод іншага, адказваем за бясьпеку людзей. Бедны сьвятар служыць у царкве на могілках, у вёсцы, якая вымірае, у яго, на жаль, не было магчымасьці замовіць вэнэцыянскіх майстроў, каб тыя ўсё зрабілі лепш: набылі высакародную драўніну, зрабілі рустыкальную апрацоўку, затанавалі, завінтажылі, каб нельга было адрозьніць ад таго, што было… Міністэрства культуры звычайна нам таксама грошай не выдзяляе (акрамя адзінкавых выпадкаў) – кантралюе і калі-нікалі піша розныя прадпісаньні, але грошай нам не дае. І калі падлога правальваецца, калі людзі правальваюцца, то няхай гэтая падлога пабудзе такой, правільна?

Помнікі культуры мы захоўваем, і, спадзяюся, у лепшыя часы, пры лепшых матэрыяльных магчымасьцях шмат што можа быць зроблена інакш.

Як тут ня ўспомніць словы вядомага пэрсанажа: "Не вучыце мяне жыць! Лепей дапамажыце матэрыяльна". Мы ўдзячныя за любую рэальную дапамогу ў рэстаўрацыі помнікаў культуры, але пад дапамогай мы ня маем на ўвазе адно голае крытыканства».

Беларускі культуроляг Сяргей Харэўскі, нястомны вандроўнік і дасьледчык архітэктурнай і гісторыка-культурнай спадчыны Беларусі, да пытаньня яе захаваньня падыходзіць з пункту гледжаньня навуковага і практычнага: галоўным арбітрам у гэтай спрэчцы павінна стаць дзяржава, мяркуе Сяргей Харэўскі:

Сяргей Харэўскі
Сяргей Харэўскі

«Што тычыцца закідаў у бок Рускай праваслаўнай царквы, то тут мы сапраўды маем шмат праблемаў і брутальных выпадкаў. Да прыкладу — зьнішчэньне Малога гасьцінага двара ў Верхнім горадзе. Гэта не тлумачыцца ніякім фінансавым станам, гэта проста шкодніцтва. Проста зруйнавалі аб’ект першай катэгорыі, гісторыка-культурную каштоўнасьць на плошчы Свабоды. І такіх выпадкаў шмат.

Хітруюць, калі кажуць, што зьвяртаюцца ў Мінкульт. У якіх-небудзь Вярбевічах Нараўлянскага раёну на барочную царкву насадзілі проста несувымерныя і недарэчныя цыбуліны, ні з кім не параіўшыся, — такіх прыкладаў таксама шмат.

Што тычыцца браку грошай — таксама крыху хітруюць. Бо калі кажуць пра беднасьць праваслаўнай царквы, то ў мяне гэта выклікае іранічную ўсьмешку. Калі ўзяць пад увагу маштаб будаўніцтва па краіне і пазалоту купалоў — усё гэта выглядае наадварот.

Мы ня можам крытыкаваць усіх праваслаўных сьвятароў і ўсю царкву агулам. Ёсьць вельмі шмат прыкладаў вельмі тактоўнага абыходжаньня, калі за нішчымныя сродкі і малымі людзкімі рэсурсамі робяцца вельмі добрыя справы. Але калі глядзець на карціну агулам, то я лічу, што лепшым арбітрам паводле закону тут павінна быць дзяржава. Маецца на ўвазе Міністэрства культуры, пракуратура і іншыя зацікаўленыя органы. І калі помнік зруйнаваны і ніхто не наглядае за гэтымі фактамі, то дзяржава павінна тут быць прынцыповай і пасьлядоўнай».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG