Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Апытаньне ў Магілёве: «Падтрымліваю імпэрыялістаў. Украінскі народ для мяне ніколі не існаваў»


Апытаньне «Свабоды»: «Ці зьмянілася Ваша стаўленьне да Расеі ў выніку ўзброенага канфлікту на ўсходзе Ўкраіны? Калі зьмянілася, то як». Адказвалі жыхары Магілёва.

Юнак: «Расея не павінна была ўдзельнічаць ва ўнутраных справах Украіны, бо Ўкраіна самастойная дзяржава. Раней я адчуваў сябе абароненым. Я жыву ў сваёй краіне і „закалоты“, якія адбываюцца тут — гэта справа выключна наша. Але калі сусед можа такім нахабным чынам умяшацца, то пачуцьцё абароненасьці зьнікла».

Спадар сталага веку: «У мяне больш сымпатыі зьявілася да Расеі. Калі паглядзець гісторыю Расеі, то расейскія добраахвотнікі заўжды дапамагалі. Тым жа балканскім народам вызваляцца ад турэцкага ярма ды й ад фашызму таксама. Там жа расейскамойнае насельніцтва».

Юначка: «Цяпер у мяне больш уяўленьня, якую ролю Расея адыгрывае ў палітыцы суседніх дзяржаваў той жа Ўкраіны ці Беларусі. Яны паводзяць сябе як паны з халопамі».

Спадар сталага веку: «Не зьмянілася. Брыдкае стаўленьне. Адхапілі Крым. Гэта ж анэксія чыстай вады, як бы гэта не хавалі. Там прафэсіяналы ваявалі. І пскоўская дывізія цяпер ваюе. Я не сумняваюся, што там ваююць сапраўдныя прафэсіяналы».

Спадар: «Нічога не зьмянілася. Пазытыўнае. Падтрымліваю Расею. Яны браты-славяне нашы».

Карэспандэнт: «Але кажуць, што яны ўдзельнічаюць у канфлікце на ўсходзе Ўкраіны?»

Спадар: «Ну, і няхай ўдзельнічаюць».

Спадар: «Нават ня ведаю, што вам і адказаць. Шчыра кажу. І там і там бардак. І ў Маскве і ў Кіеве. Таму нічога сказаць не магу».

Малады спадар: «Падтрымліваю дзеяньні імпэрыялістаў. Украінцы як народ для мяне ніколі не існаваў. Украіна яна ж сама па сабе цяп-ляп і атрымалася». Карэспандэнт: «Таму Расея з гэтым народам робіць, што хоча?» Малады спадар: «Не, ня ў тым сэнсе. Проста Ўкраіне больш праблемаў стварае не Расея, а сама Ўкраіна».

Малады спадар: «Я так далёкі ад гэтага, бо мяне гэта ня тычыцца. У маёй галаве зусім іншыя думкі, і я не задумваюся, што адбываецца ў суседніх дзяржавах. Вядома ж вайна гэта кепска, але калі гэта ня тычыцца цябе — так прасьцей жыць».

Спадар: «Такое ж як было. Сяброўскае стаўленьне. Наўрад ці мы павінны баяцца Расею. Тым ня менш, застаўся асадак пасьля падзеяў ў Крыме ды іншых месцах».

Малады спадар: «Яно нэўтральнае, але я б нават сказаў, што больш нэгатыву, чым пазытыву. Праблема ўплыву Расеі падштурхоўвае да нэгатыву».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG