Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Новы год беларусы і ізраільцяне сустрэнуць бязь візаў


Сёньня міністар замежных спраў Рэспублікі Беларусь Уладзімер Макей і міністар абсорбцыі Дзяржавы Ізраіль Софа Ландвэр падпісалі ў Менску міждзяржаўнае пагадненьне аб адмене візаў для ўладальнікаў нацыянальных пашпартоў.

Гэта азначае, што грамадзяне Беларусі і Ізраіля, верагодна, ужо ў сьнежні 2014 году, пасьля завяршэньня шэрагу дыпляматычных працэдур, змогуць наведваць адны адных без афармленьня ўязных візаў.

Выступаючы перад журналістамі пасьля падпісаньня пагадненьня, абодва міністры назвалі яго гістарычным дакумэнтам. У прыватнасьці, міністар Софа Ландвэр адзначыла:

«У нас жыве велізарная беларуская грамада. Яна трымае ў памяці ўсё, што было пройдзена і перажыта. На зямлі Беларусі загінулі 850 тысяч беларускіх габрэяў. Таму гэтая зямля сьвятая для нас. І, як сказаў наш міністар замежных спраў Лібэрман, для такой велізарнай грамады былых беларусаў, а сёньня ізраільцян, вельмі важна прывезьці сюды сваіх дзяцей і ўнукаў і сказаць: тут я нарадзіўся, тут я жыў, тут я прайшоў частку свайго жыцьця».

Новае пагадненьне дазваляе грамадзянам абедзьвюх краін знаходзіцца на тэрыторыі адпаведна Ізраіля або Беларусі тэрмінам да 90 дзён за паўгода без афармленьня візы. Візавы рэжым скасоўваецца паводле той жа схемы, паводле якой Ізраіль адмяніў візы з Расеяй і Ўкраінай. Грамадзяне Расеі яшчэ зь верасьня 2008 году, а Ўкраіны — зь лютага 2011-га карыстаюцца бязьвізавым рэжымам.

А вось выхадцы зь Беларусі і іх сваякі, якія засталіся ў Беларусі, адчувалі сябе ў дыскрымінаваным становішчы параўнальна з расейцамі і ўкраінцамі. Горшую сытуацыю для беларусаў міжнародны аглядальнік Раман Якаўлеўскі тлумачыць так:

Раман Якаўлеўскі
Раман Якаўлеўскі

«Афіцыйныя тлумачэньні зводзіліся да таго, што адмене візавага рэжыму перашкаджалі пэўныя тэхнічныя пытаньні. А на маю думку, нэгатыўны ўплыў на рашэньне гэтай праблемы аказвалі вельмі шчыльныя дачыненьні Менску з Тэгеранам. Мы памятаем нядаўні кавалак сучаснай гісторыі, калі сяброўства Лукашэнкі з Ахмадзінэджадам было на стратэгічным узроўні. Цяпер гэтага няма. Галоўнай перашкодай было сяброўства Беларусі з Іранам, які пры Ахмадзінэджаду наагул адмаўляў права на існаваньне Дзяржавы Ізраіль».

Раман Якаўлеўскі кажа, што адмену візаў стрымлівалі і фінансавыя праблемы. МЗС Беларусі мусіць напаўняць бюджэт краіны валютай. А галоўная крыніца атрыманьня валюты для міністэрства — беларускія візы, за якія замежнікі мусяць плаціць. Ізраільцянам беларуская віза дагэтуль каштуе ў некалькі разоў даражэй, чым беларусам — ізраільская.

Калі беларус плаціць за візу любога тыпу 26 даляраў, то грамадзянін Ізраіля — ад 60 да 150 эўра ў залежнасьці ад тыпу візы. Гэтыя дадзеныя ўзятыя сёньня з афіцыйных сайтаў абедзьвюх амбасадаў.

Сёлетнім летам Беларусь адмовілася ад візаў з трыма краінамі: Эквадорам, Турэччынай і Манголіяй. Перамовы пра скасаваньне візавага рэжыму вядуцца з 15 краінамі. Сярод іх — Аб’яднаныя Арабскія Эміраты, Сынгапур, Інданэзія, Катар, Аман ды іншыя. Эўрапейскіх дзяржаў у пераліку няма.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG