Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Алег Хаменка: У нас галоўнае — абарона ўлады, а не дзяржавы


Алег Хаменка
Алег Хаменка

Да 500-х угодкаў Аршанскай бітвы лідар гурту «Палац» Алег Хаменка зрабіў музычную рэканструкцыю падзей на Крапівенскім полі. «Вайна», «Піва перамогі» — кампазыцыі з такімі назовамі прагучалі на нядаўняй прэзэнтацыі праекту ў адным зь менскіх клюбаў.

Пра сваё разуменьне айчыннай гісторыі і прычыны знаходжаньня «Палацу» ў «чорных сьпісах» музыка расказаў у «Вольнай студыі».

— Алег, як вы пачуваліся ў ролі дыджэя? Як успрыняла ваш праект моладзь?

— Выдатна. Я вельмі хацеў адзначыць гэтую дату нейкай імпрэзай і даўно зьбіраўся зрабіць дыджэйскі сэт, зьвязаны зь перамогай пад Воршай. Урэшце я прадставіў сваю працу на публіку і вельмі гэтаму рады.

— Стаўленьне да Аршанскай бітвы ў Беларусі неадназначнае. Улада яе замоўчвае, хтосьці імкнецца прыпісаць перамогу нашым суседзям...

— Калі ідзе фальсыфікацыя гісторыі, то гэта проста падман. А калі гісторыя замоўчваецца, то гэта відавочная здрада і злачынства. Злачынства перадусім ня перад памяцьцю герояў альбо загінулых. Гэта злачынства перад нашымі нашчадкамі, перад дзецьмі і ўнукамі. Калі нешта замоўчваецца, яно рана ці позна стане вядомым і зробіцца прадметам для спрэчак, крыўдаў ці нават агрэсіі. Вядома ж, мы павінны ведаць гісторыю, вядома ж, мы павінны сьвяткаваць перамогу пад Воршай! Бо калі мы яе замоўчваем, то перакідаем гэтую бомбу кудысьці наперад, каб вырашалі праблему нашы дзеці. Каб ня зьдзейсьнілася гэтае злачынства, людзі і адзначалі 8 верасьня, нагадвалі пра гэта, арганізоўвалі сьвяткаваньні. Прычым усе гэтыя імпрэзы — станоўчыя. Яны не нясуць ніякай варожасьці да краіны, зь якой мы некалі змагаліся.

— Пісьменьнік Леанід Дайнека ў мінулай «Вольнай студыі» сказаў, што Аршанская бітва працягваецца і сёньня, маючы на ўвазе падзеі на паўднёвым усходзе Ўкраіны. На вашу думку, такая гістарычная паралель апраўданая?

— На мой погляд, яна ўсё ж трошкі штучная. Справа ў тым, што ў Расеі, як і ў Беларусі, людзі мала ведаюць пра гісторыю нашага змаганьня.

У Расеі, як і ў Беларусі, людзі мала ведаюць пра гісторыю нашага змаганьня

Менавіта гэтае няведаньне і стварае падставы для таго, каб падобныя падзеі зноў і зноў паўтараліся і працягваліся. Я разумею, што меў на ўвазе знакаміты пісьменьнік. Ён казаў пра тое, што і сёньня адбываецца восьмы ці дзявяты падзел Рэчы Паспалітай... Гэта, паўтаруся, трошкі штучна і нацягнута. Адсутнасьць ведаў у сёньняшніх беларусаў і расейцаў пра тыя войны, якія былі паміж намі, і прыводзіць да таго, што цяпер адбываецца ва Ўкраіне. Гэта і ёсьць здрада, гэта і ёсьць злачынства перад нашчадкамі.

— Як выглядае, імпэрскія памкненьні Масквы не зьмяніліся за стагодзьдзі. А ці зьмяніліся мы? Беларусы сёньня гатовыя абараняць сваю краіну, сваю зямлю?

— Безумоўна, мы зьмяніліся. Мы зусім не такія, як нашы продкі з ВКЛ. Увогуле, кожныя 20-30 гадоў грамадзтва зьмяняецца. Мы абсалютна іншыя. Але гэтая іншасьць заўсёды павінна грунтавацца на спадчыне, а калі гэтага не адбываецца, то мы ўвогуле не разумеем, хто мы. Тады

мы становімся людзьмі сьвету — пашпарт толькі сіні, а ўсё астатняе...

мы становімся людзьмі сьвету — пашпарт толькі сіні, а ўсё астатняе... Ці мы эўрапейцы, ці расейцы, ці грамадзяне сьвету... Гэткія сабе Іваны, што не памятаюць сваіх дзядоў. Вось гэта самае страшнае. З тае прычыны і наша абарона сёньня не на тым узроўні, на якім павінна быць. У нашай краіне галоўнае — абарона ўлады, а не абарона дзяржавы. Таму дзяржава наша неабароненая, і мы маем тут вельмі шмат праблемаў.

— Тыдзень таму вы ладзілі яшчэ адно сьвята — фэстываль «Камяніца», ён прайшоў у Строчыцах пад Менскам. Вы там сабралі 7-8 тысячаў чалавек. Што трэба рабіць, каб людзі ў суботні дзень не паехалі ў Заслаўе на Дзень пісьменства, не паехалі ў грыбы, не пайшлі бульбу капаць, а прыехалі да вас у Строчыцы?

— Вядома ж, і бульбу трэба капаць, і Дзень пісьменства адзначаць. Трэба працаваць, але трэба і адпачываць — гэта абавязковая рэч. Фэстываль «Камяніца» робіцца не маімі высілкамі ці высілкамі маіх паплечнікаў, каб падрыхтаваць добрую музычную праграму, каб хапіла ежы ці прыбіральняў. Фэстываль робяць людзі, якія туды прыяжджаюць. А ў нас вельмі шмат людзей, якія паважаюць традыцыі, любяць фальклёр, разумеюць, што фальклёрная музыка спрыяе ўзаемаразуменьню паміж народамі. Зразумеўшы адзін аднаго, мы не баімся іншых народаў, а яны перастаюць баяцца нас. Паразуменьне адбываецца таму, што мы можам дзяліцца перадусім фальклёрам, а не сучаснымі наднацыянальнымі тэхналёгіямі.

— Адметнасьць «Камяніцы» — павага да нацыянальных строяў. Людзі ў вышыванках дапускаюцца на фэстываль бясплатна. Шмат такіх было сёлета?

— Вельмі шмат, але мне хацелася б яшчэ больш. З гэтай адметнасьці нашага фэстывалю дзівяцца нашы замежныя сябры. Адразу прызнаюся, што гэта насамрэч наша стратэгія. Калі мы толькі пачыналі, і я сказаў, што будзем рухацца да таго, каб у фэстывалю быў свой дрэс-код, мне запярэчылі — гэта немагчыма. Я не пагадзіўся, прапанаваў выпрацаваць суцэльную стратэгію. І мы рухаемся да таго, каб у «Камяніцы» зьявіўся дрэс-код. Хай кожны — беларус, расеец ці паляк — прыходзіць у сваім строі. Гэта будзе цікавая рэч, якую мы прапануем сьвету, і з усяго сьвету паедуць людзі прадставіць свае нацыянальныя строі.

— Яшчэ гадоў пяць таму ў «Палацу» была надзвычай актыўная канцэртная дзейнасьць — да 20 канцэртаў за месяц. А дзе і як часта вы выступаеце цяпер?

— Мы і цяпер актыўна выступаем. Іншая справа, што канцэрты па квітках адбываюцца адносна рэдка. У Беларусі мы граем два-тры сольныя канцэрты за год, што насамрэч для эўрапейскай каманды абсалютна нармальна. У нас ёсьць і замежныя гастролі, якія адлюстраваць у нашых сродках масавай інфармацыі не заўсёды выпадае. Безумоўна, мы адгукаемся на прапановы выступіць на прыватных вечарынах, гэта нармальная зьява для каманды любога ўзроўню ў сьвеце. Калі раней гаварылі, што, напрыклад, гурт «Guns and roses» ня можа выступіць на дні народзінаў у Арабскіх Эміратах, то цяпер гэта ня так. Людзі завуць — трэба ехаць.

— У Беларусі працягваюць дзейнічаць «чорныя сьпісы», забароны на выступы для некаторых музыкаў. Вам даводзілася з гэтым сутыкацца?

— Безумоўна. Цягам нашай дзейнасьці былі хіба тры вялікія кампаніі, калі

забароны і ўціск вельмі балюча адбіліся на нашай працаздольнасьці, на колькасьці праграмаў, якія мы выпускаем

нашы выступы адмяняліся. Але праходзіў час, прыходзіла ўмоўная «адліга», і мы зноў выступалі. Вядома ж, усе гэтыя забароны — вельмі дрэнныя рэчы. Гэта справа рук чыноўнікаў, і яна азначае толькі адно — чыноўнікі бездапаможныя. Яны нічога свайго стварыць ня могуць, яны могуць толькі забараніць. Гэта з аднаго боку сьмешна, а з другога — забароны і ўціск вельмі балюча адбіліся на нашай працаздольнасьці, на колькасьці праграмаў, якія мы выпускаем. Гэта, вядома ж, і незаробленыя грошы, і дрэнны настрой, і адчуваньне таго, што гэты ўціск — бясконцы.

— Не разумею, за што можна забараняць «Палац» і Хаменку? Вы ж не займаецеся палітычнай сатырай, як, прыкладам, займаліся «ляпісы».

— Думаю, калі чыноўнікі вырашаюць, якія яшчэ гурты «дадаць да касы», то патрапляе «Палац». Бо чыноўнікі добра ведаюць наш гурт. Забараняюць, каб крый Божа чаго не адбылося. Толькі з-за гэтага, з-за перастрахоўкі. Хоць, прызнацца, я час ад часу называю рэчы сваімі імёнамі, і гэта, безумоўна, адсочваецца. Але забараніць мне выказвацца — немагчыма. Так што час ад часу нас будуць забараняць. Альбо — за кампанію, альбо — за слова.

— Некаторыя беларускія гурты вымушаныя ладзіць свае выступы за мяжой — у Вільні, на Беласточчыне. Але «Палац» павінен выступаць у палацах! Калі б вам прапанавалі для канцэрту палац Сапегаў у Ружанах, Палац Рэспублікі ў цэнтры Менску ці новазбудаваны Палац Незалежнасьці, якую пляцоўку вы выбралі б?

— Безумоўна, Сапегаўскі палац у Ружанах! На жаль, яго сёньня аднавіць ужо немагчыма. Таму трэба закансэрваваць і ператварыць у арт-пляцоўку. Хай бы ружанскі палац заўсёды быў у трафіку музыкаў, сьпевакоў, рокераў, паэтаў. Упэўнены — ім там было б утульна, бо месца — незвычайнае.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG