Людзі, якія жывуць побач з шахтамі, што належаць кітайцам ў Сэрбіі і Таджыкістане, сутыкаюцца з аднолькавай пагрозай: атручанае паветра, дэградацыя сельскагаспадарчых палеткаў і брак сродкаў праўнай абароны. У той жа час іхныя ўрады паглыбляюць сувязі з Пэкінам, пішуць Балканская і Таджыцкая службы Радыё Свабода.
Паколькі абедзьве краіны прымаюць кітайскія інвэстыцыі ў рамках пэкінскай ініцыятывы «Адзін пояс, адзін шлях», сяляне кажуць, што яны плацяць экалягічную цану, але кампанія «Цзыцзінь» адкідае гэтыя абвінавачваньні.
«Гэты пах б’е ў нос, галава круціцца. Гэта атрута», — кажа Асадула Рахмонаў з Хумгарону, што ў Таджыкістане.
«З такім пылам немагчыма вырасьціць нешта здаровае», — дадае Мілаш Божыч з Крывэлю ў Сэрбіі.
Кампанія «Цзыцзінь» кіруе меднай рудняй у Сэрбіі і залатой рудняй у Таджыкістане. На абодва абʼекты скардзяцца жыхары прылеглых раёнаў, якія сьцьвярджаюць, што абяцаных перасяленьнящ і ачысткі так і не было.
«Прадаць сваю маёмасьць? Што я мушу рабіць — прадаць сваю годнасьць?» — пытаецца Драгаслаў Станкулавіч, кіраўнік мясцовай рады ў Крывэлі, Сэрбія, адкуль большасьць людзей, што мелі там гаспадаркі, ужо выехалі.
У 2018 годзе кампанія «Цзыцзінь» набыла былы дзяржаўны горназдабыўны басэйн у Сэрбіі, а ў 2021 годзе пачала працу на новай, цалкам кітайскай шахце Čukaru Peki. З таго часу мясцовыя жыхары і экспэрты папярэджваюць аб усё горшым забруджваньні. Кампанія заяўляе, што выдаткавала $259 млн на паляпшэньне стану навакольнага асяродзьдзя, у тым ліку на зьмяншэньне выкідаў дыяксыду серкі. Але таксычныя часьцінкі застаюцца.
«Цьвёрдыя часьцінкі і аршэнік усё яшчэ ёсьць, — кажа Снэжана Шэрбула, прафэсарка тэхнічнага факультэту ў горадзе Бор. — Жыхары Бору дыхаюць імі штодня».
Маніторынгі якасьці паветра паказваюць, што праблема ня зьнікла.
«Раней вы бачылі дым, — кажа Віялета, жыхарка Бору. — Цяпер яго не відаць, але пахне жудасна».
Нягледзячы на грамадзкі розгалас, сэрбскі ўрад абараняе «Цзыцзінь». Да 2024 году кітайскія фірмы сталі найбуйнейшымі экспартэрамі Сэрбіі, зарабіўшы больш за 1 мільярд даляраў.
«Якая карысьць ад грошай, калі ты траціш здароўе?» — пытаецца жыхарка Бору Ўлада.
Актывіст Дэян Лазар называе «агрэсіўнай здабычай» сытуацыю, калі думка мясцовых жыхароў застаецца па-за ўвагай.
«Горад быў пабудаваны вакол шахты. Ніхто ня супраць здабычы карысных выкапняў. Але гэта нерацыянальна», — адзначае ён.
Іншыя, як Міодраг Жыўкавіч, кажуць, што іх выціснулі зь іхнай зямлі, не пакінуўшы ім ніякіх сродкаў праўнай абароны.
«Гэтая зямля была маім сродкам для існаваньня, — заўважае ён. — Цяпер я жыву на пэнсію ў 200 эўра. Вы скажыце мне, як».
«Цзыцзінь» сьцьвярджае, што 98% зямлі ў гэтым раёне было набыта на добраахвотнай аснове, а рэшта экспрапрыяваная паводле законных працэдураў. Кампанія настойвае на тым, што распрацоўвае першую ў Сэрбіі «зялёную шахту» з захаваньнем прыродаахоўнага заканадаўства.
У Таджыкістане «Цзыцзінь» валодае 70% залатаруднага радовішча Зарафшон.
«Уранку вёску накрывае густы дым, — расказвае Абуталіб Мухтораў з Шынгу. — Дыхаць немагчыма».
«Цзыцзінь» ня раз штрафавалі, але кампанію падтрымліваюць таджыцкія ўлады, якія падкрэсьліваюць, што кампанія плаціць вялікія падаткі ў бюджэт. Тым часам крытыкі паведамляюць пра застрашваньні, сачэньне і затрыманьні актывістаў паліцыяй.
Людзі, якія не баяцца выказвацца, рызыкуюць свабодай. У 2023 годзе затрымалі групу жанчын, якія прыехалі ў Панджакент на пратэст.
«Мы пыталіся, якое злачынства мы ўчынілі. Яны зьдзекаваліся з нас, — успамінае Фіруза Кагорава. — Калі я страціла прытомнасьць, яны сказалі: „Не давайце ёй вады, дайце ёй гразі“».
«Цзыцзінь» сьцьвярджае, што працуе легальна і плянуе здабываць карысныя выкапні ў Таджыкістане яшчэ 20 гадоў.
У абедзьвюх краінах улады вітаюць кітайскую кампанію як рухавік эканамічнага росту, нават нягледзячы на тое, што выдаткі на ахову навакольнага асяродзьдзя растуць.
«Пэрсікі не растуць. Агуркі ападаюць. Рака атручаная», — кажа Асадула Рахмонаў.
Тым, хто жыве ў «цені» кампаніі, экспансія «Цзыцзіню» нясе ня росквіт, а пыл і неабходнасьць змагацца за сваю будучыню.
Форум