«Ой, гэта мой сшытак!» — радуесься, як даўно страчанай і зноў знойдзенай рэчы, кнізе «Раньнія вершы» Тацяны Сапач.
Кніга выдадзеная ў той самай форме, у якой і была створаная — сшытка рукапісных вершаў (Тетрадь для заметок, Цена 30 коп.) з захаваньнем нават арыгінальных колераў пярэстых атрамантаў. І, чытаючы яе, шчыра думаеш, што гэта вось маглі б быць і твае вершы. Во дзесьці тут яшчэ была вольная старонка, дзе можна штосьці запісаць, занатваць. На добры ўспамін...
Такі сшытак заўжды знойдзецца пад падушкай у кожнай дзяўчыны. І трымаць гэтую кнігу абавязкова тамсама, пад падушкай.
З той агаворкай, што не пад кожнай дзіцячай падушкай знойдуцца сапраўдныя майстэрскія творы. Цалкам шчырыя, дзявочыя першыя вопыты кранальна распавядаюць пра школьнае жыцьцё і перажываньні дзяцінства. Але ў гэтым і ёсьць іх найвышэйшая вартасьць! Такую цёплую, пазбаўленую грамадзянскай грувасткасьці лірыку мы ведаем хіба толькі ў Маскіма Багдановіча.
На дзень народзінаў Тацяны 26 жніўня сёлета, як і ў мінулыя гады, сабраліся ў яе роднай вёсцы Маркава сябры. У Менску адбываюцца перамовы пра Ўкраіну. Мы ж, сябры ды паплечнікі, свае людзі, у гэты ймжысты дзень абралі пабыць удалечыні ад падзей сусьветнага маштабу. Як добра было б, калі б можна было заплюшчыць вочы і слухаць тыя раньнія вершы! Каб хоць на хвілінку зрабіць так, каб не было ні чужых перамоваў ў Менску, ні чужое вайны.
Але заплюшчваць вочы — гэта ну зусім не па-Тацянінаму. Яна навучыла нас глядзець праўдзе ў вочы і безаглядна дзялілася сваім журналісцкім досьведам і паэтычным дарам з цэлым пакаленьнем маладых журналістаў, якія пад яе кіраўніцтвам рыхтаваліся рабіць незалежную перадачу навінаў «Акцэнты» на Восьмым канале), а пазьней – і ў яе любай Вільні. Шмат хто зь іх працуе журналістамі да сёньня і робяць важныя рэчы. Тацяна ўмела быць ня толькі настаўнікам, але і сябрам, пра якога марыць кожны з нас. І якога цяпер не стае…
Яе «Раньнія вершы»– гэта сустрэча зь ёй «не на канечным прыпынку майго нецярплівага поезда», на адным зь першых яго прыпынкаў. Дарогі, цягнікі і самалёты хвалявалі яе ўяўленьне і на ўзьлёце дарослага жыцьця. І здаецца што дзесьці сярэбранай ніткай Таня сочыць з намі, як у яе радках са сшытка:
Павуціньнем срабрыстым
Палячу і павісну
На антонаўцы голай пад вокнамі…