Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Згоды для вашай гасподы»: беларускамоўныя вясельлі робяцца папулярнымі


Юры Неплах-Шыпіла
Юры Неплах-Шыпіла

Беларуская вясельная традыцыя, закладзеная пакаленьнямі, перажывае рэінкарнацыю ў сучасных гарадах.

Гэтым летам беларускамоўных вясельляў у Менску шмат як ніколі — сьведчыць Свабодзе Юры Неплах-Шыпіла, гісторык паводле адукацыі, а паводле віду дзейнасьці — тамада, сцэнарыст, час ад часу каскадэр. Ужо сем гадоў ён займаецца тэматычнымі, у тым ліку беларускамоўнымі, вясельлямі.

— Адзін раз я нават паспрабаваў кіроўцам маршрутнага таксі — цікава асвойваць нешта новае. Быў і будаўніком-чорнарабочым, — расказвае Юры, сьветлавалосы мужчына сярэдняга веку. — Ніколі ня думаў, што гэтым буду займацца — у дзяцінстве быў вельмі сьціплы і сарамлівы.

Але жыцьцё штурхала да гэтага, і цяпер ад 6 да 15 разоў на месяц даводзіцца нешта праводзіць: вясельлі, карпаратывы, дні народзінаў і тэматычныя вечары. А пачыналася са звычайных вясельляў: трэба былі грошы, і іх можна было зарабіць менавіта так.

Па кавалачках складаўся досьвед, як правесьці вясельле на беларускай мове, традыцыйнае са сваёй абрадавасьцю, рыцарскае, шляхецкае — якіх толькі не было.

Звычайных вясельляў цяпер меншасьць, у асноўным неардынарныя — рок-н-рольнае, гангстэрскае, вясельле лясных жыхароў.

Беларускамоўнае вясельле ў музэі ў Заслаўі
Беларускамоўнае вясельле ў музэі ў Заслаўі

— Як прыдумалася беларускае вясельле?

— Не яно прыдумалася, а зьяўляліся тыя, каму гэта трэба. Цяпер адчуваю, што такіх вядоўцаў ужо багата — толькі я ведаю чатырох-пяцёх, якія могуць зрабіць шыкоўнае беларускамоўнае сьвята.

— Чаго нестае звычайным застольным вясельлям?

— Весялосьці. Людзям заўсёды хочацца павесяліцца, а шмат якім вясельлям нестае душэўнасьці.

— Чым беларускія вясельлі адрозьніваюцца ад іншых?

— Іх абіраюць людзі, якія ўжо да нечага сасьпелі і па жыцьці думаюць. Яны альбо самі карыстаюцца беларускай мовай, альбо ім гэта цікава. Ёсьць адсотак тых, каму трэба нейкая разыначка, што б адрозьнівала іхняе вясельле ад іншых.

Там практычна ня будзе гучаць «О боже, какой мужчина!» і «Ах, какая женщина!» За гады ў мяне назьбіралася каля двух дзясяткаў калярытных беларускіх тостаў, віншаваньняў — зьмястоўных, ёмістых, просьценькіх і душэўных. І самае цікавае: калі іх перакладаць на расейскую мову, гэта ўжо зусім ня тое: «Згоды для вашай гаспОды!», «Будзьце здаровенькія, як грыбочкі баровенькія!» ці «Каб у вас было столькі дачушак, колькі ў доме падушак!», «Каб у вас было столькі сыноў, колькі ў вашым доме вуглоў!».

— Што ёсьць на беларускамоўным вясельлі такое, чаго няма на звычайным?

— Там гучыць, у маім разуменьні, больш кляснай музыкі: больш рок-н-ролу, будзе месца блюзу і джазу, па мінімуме расейскай папсы, вельмі шмат беларускай музыкі («Ляпісы», «Крамбамбуля», «Крама», «Стары Ольса»).

Капэля Алеся Лася (другі зьлева) на беларускамоўным вясельлі ў Менску
Капэля Алеся Лася (другі зьлева) на беларускамоўным вясельлі ў Менску

Часта беларускамоўныя вясельлі — сярэднявечныя, а гэта ўжо рыцарская праграма, сярэднявечныя забавы і танцы. Там людзі выпіваюць, адрываюцца, але ня падаюць мордай у салату. Чаму? Таму што гэта людзі, якія сасьпелі...

...Бывае, даводзіцца праводзіць вясельлі і на раёнах, і ў кожнай мясцовасьці ёсьць свае адметнасьці. Калі загадзя не пагаворыш, як павінны праходзіць абрады, скажуць: «А ты, тамада, ня так робіш, таму што дрэнны тамада!» З аднаго боку, цяжка, а зь іншага — мне падабаецца, бо можна дадаць народнага.

— Чаму такія адметнасьці ня зьніклі пад штампамі звычайнага вясельля?

— Таму што народная культура — жывучая, яна праіснавала стагодзьдзямі. Сёньня шмат чаго страчана, але яна жывучая, хоць у наш век і вельмі моцна разбураецца, калі людзі масава пераяжджаюць зь вёскі ў горад.

— Як быць, калі маладыя захацелі беларускага вясельля, але ёсьць процьма сваякоў, якія ня ў тэме?

— Такое здараецца. Бывае, баяцца, як яно будзе, але ўсё праходзіць нармальна. Госьці з Расеі, ня кажучы ўжо пра ўкраінцаў, успрымаюць на ўра.

Як ні дзіўна, найчасьцей баяцца, што хтосьці не зразумее, менавіта беларусы. А расейцы ўспрымаюць гэта як клясную, калярытную дзею.

— Але не разумеюць беларускай?

— На 85–90 адсоткаў яны разумеюць мову, за выняткам асобных словаў — гэта я перадаю выказваньні расіянаў.

Я праводжу карпаратывы з расейскімі і беларускімі групамі, і «говорите, пожалуйста, по-русски, мы не понимаем» найчасцей кажуць свае, мясцовыя, а ня людзі з Падмаскоўя. Ня раз расейцы самі прасілі, каб было на мове, і дзякавалі за гэта.

— Ці патрабуюць беларускамоўныя вясельлі дадатковых выдаткаў часу, сілаў ці грошай?

— У кожнага па-свойму. Я на беларускамоўнае вясельле раблю зьніжку ад 50 да 100 даляраў.

— Ты кажаш, апошнім часам такія вясельлі — гэта трэнд?

— Тэндэнцыя ўжо гады два. Год 4–5 таму гэта былі рэдкія выпадкі, апошнія два гады зрабілася ўсё больш, а гэты год — вельмі шмат.

— А аўдыторыя зьмянілася, ад якой паходзіць попыт?

— Ды не. Гэта людзі маладыя, з добрай адукацыяй. Так адбылося, што, нягледзячы на дзяржаўную палітыку, сярод моладзі папулярнасьць беларускай мовы і культуры пашыраецца. Але, можа, я аптыміст.

Для параўнаньня: у канцы 80-х — пачатку 90-х людзі, якія размаўлялі на беларускай, адзін аднаго ведалі па ўсёй краіне. Цяпер мне неверагодна прыемна, калі іду па горадзе, чую беларускую мову і ня ведаю гэтых людзей.

— Ня кажуць, што вы з БНФ?

— Калі ты размаўляў на беларускай гадоў 10 таму — казалі, а цяпер — не. У транспарце, калі адказваў на тэлефон, былі і погляды, і пару момантаў, калі даводзілася адстойваць сваю пазыцыю. Цяпер я сустракаю больш станоўчых поглядаў. І, вяртаючыся да пытаньня: цяпер пасьля вясельля дзякуюць менавіта за мову.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG