Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пазьняк: Размаўляйце хоць па-кітайску


Зянон Пазьняк, травень 1994 году, Пінск
Зянон Пазьняк, травень 1994 году, Пінск

Найбольш устойлівыя міты ўзьнікаюць ня самі сабой – іх адмыслова прыдумляюць, а потым старанна культывуюць. Міты пра БНФ і яго лідэра Пазьняка – менавіта з такой катэгорыі.

Вельмі ўстойлівы міт – «Пазьняк пагражаў павесіць камуністаў». Яго любіць паўтараць Вячаслаў Кебіч, прычым – рэгулярна і ў розных варыяцыях. «Многія дэпутаты баяліся, як бы які прыйшоў да ўлады Пазьняк не павесіў іх на першым слупе. У мяне захавалася кінастужка з выступам лідэра БНФ, дзе ён заклікае выпусьціць з турмаў усіх злачынцаў, каб пасадзіць туды ўрад і актыўных камуністаў» («Белорусские новости», 12 чэрвеня 2006 г.). Бясспрэчна, што калі б лідэр БНФ сапраўды сказаў нешта падобнае і такая стужка існавала – у часы прэм'ерства Кебіча запіс бясконца пракручваўся б на экранах дзяржаўнага тэлебачаньня (не адмовіліся б ад яго і лукашэнкаўскія прапагандысты). Але нічога падобнага Пазьняк, натуральна, не казаў. «Пасадзіць» Кебіча, як вядома, пагражаў зусім іншы кандыдат у прэзыдэнты (але, зрабіўшыся прэзыдэнтам, даў яму месца не ў турме, а ў «сэнаце»).

Шмат разоў – можа быць, дзясяткі, я чуў ад равесьнікаў: «Мае бацькі галасавалі б за Пазьняка, але іх напужалі ягоныя словы, што пазбавіць старых пэнсіяў і дзеці самі будуць утрымліваць бацькоў!»

Я ўважліва прачытаў стэнаграмы ўсіх выступаў – нічога падобнага Пазьняк не казаў ні ў часе выбарчай кампаніі, ні да яе, ні пасьля. Наадварот – Апазыцыя БНФ уносіла заканадаўчыя прапановы аб сацыяльных гарантыях пэнсіянэрам і найменш забясьпечаным. Тым ня менш, пагалоска пра тое, што Пазьняк нібыта жадаў пазбавіць старых пэнсіяў, аказалася ўстойлівай.

Прыкметна тое, што, у адрозьненьне ад стэрэатыпаў, якія распаўсюджваліся прэсай («Пазьняк – крайні радыкал»), гэтая, пра пэнсіі, хадзіла ў народзе. Яна была створаная імгненна, літаральна за некалькі дзён перад галасаваньнем – я, напрыклад, даведаўся пра яе ўжо пасьля выбарчай кампаніі. Адрэагаваць на яе мы не пасьпелі.

Затое потым усплылі цікавыя акалічнасьці – такія, пра якія напісаў у сваім лісьце чытач «Народнай волі»:

«Падчас кампаніі па выбарах прэзыдэнта пачуў такую размову. Кабеціна, ужо ў гадах, казала: «А вы слыхали, что сказал Позняк? Пенсионеров должны содержать их дети. А у кого нет детей, тех – в дом престарелых». Я тады падумаў, якую толькі лухту не плятуць людзі. Але ж якім было маё зьдзіўленьне, калі праз два дні я ізноў сустрэў тую ж кабеціну, якая вымаўляла ўсё тыя ж словы. На гэты раз я апынуўся побач зь ёй і паназіраў, як яна гэта робіць. Трэба сказаць, што агітацыя супраць Пазьняка ёй удавалася. І рабіла яна гэта ўмела. Я ехаў да кальца, на апошнім прыпынку ўсе выйшлі, засталася толькі агітатарка, якая паехала далей. Трэба думаць, што яна паехала на другі круг агітацыі.

Усе яе прамовы былі толькі супраць Пазьняка і беларускай мовы. У аўтобусе нейкі хлопец гэтай кабеціне сказаў: «Бабуля, ты пэнсію, напэўна, атрымліваеш у КГБ?». Але нейкі дзядзюк на яе адразу накінуўся сварыцца, і ён хуценька выйшаў.

Цікава вось яшчэ што. Пасьля Новага году на пошце я пачуў ад адной старой: «Лукашэнка хоць якую пэнсію, але ж плаціць, а гэты Пазьняк дык і зусім хацеў, каб нас ўтрымлівалі дзеці».

Ці трэба камэнтаваць усе факты, якія я прывёў? Праўда, адзначу: калі тая кабеціна не была платнай агітатаркай, то мне яе проста шкада як неадукаванага, забітага чалавека.

Мікалай Завадскі, пэнсіянэр. Г. Орша

P.S. Я не хачу сказаць, што гэтая кабета была штатнай правакатаркай, можа, яна гэта рабіла і па сваёй ініцыятыве, але наўрад ці» («Народная воля», 28 сакавіка 1997 г.).

За грошы распаўсюджвала плёткі жанчына, якую сустрэў у аршанскім аўтобусе Мікалай Завадскі, альбо за «проста так» – ня мае асаблівага значэньня. Істотна, што прыдумала гэтую плётку – не яна. А значыць – выконвала даручэньне. А лепей сказаць – заданьне. І паколькі гэтая плётка была распаўсюджаная імгненна і ў маштабе ўсёй краіны, зразумела, што такіх «пасажырак аўтобусаў» (альбо «кабет у чэргах», ці «мужыкоў у піўнушках») было ня дзесяць і ня сто, а значна болей. У Беларусі існавала толькі адна структура, здольная мабілізаваць (прычым без асаблівага розгаласу) такую колькасьць агітатараў – КДБ.

Калі прыгадаць, што з падачы прэсавага сакратара Кебіча Ўладзімера Замяталіна ў друку зьявіўся паклёпніцкі артыкул пра Станіслава Шушкевіча (нібыта перадрук з галяндзкай газэты, якой на самой справе не існавала), і што ён вызначаўся нянавісьцю да беларускай мовы, дык зусім верагодна, што плётку пра пэнсіянэраў запусьціла каманда Вячаслава Кебіча.

Але нельга выключаць, што сыходзіла плётка і ад каманды Аляксандра Лукашэнкі. Праз гады адзін з тагачасных членаў каманды, будучы «пад шафэ», пахваліўся журналістам, што менавіта яго ідэяй было запусьціць плётку, што «бацька Пазьняка – паліцай». Многім паплечнікам Лукашэнкі была таксама ўласьцівая агрэсіўная, я сказаў бы, папросту жывёльная нянавісьць да беларускай мовы. Было каму і распаўсюдзіць плётку: на Лукашэнку працавалі кадравыя афіцэры КДБ, як ў форме, гэтак і «пад прыкрыцьцём».

Але былі і іншыя міты такога ж прымітыўнага кшталту, якія патрабавалася абвергнуць – «Пазьняк ліквідуе калгасы», «Пазьняк прымусіць усіх гаварыць па-беларуску»...

Увогуле, маючы канцэпцыі дзяржаўнага, эканамічнага і культурнага разьвіцьця Беларусі (фактычна, праграму Адраджэньня), і моцную каманду прафэсіяналаў для яе рэалізацыі – Пазьняк, як ніхто іншы, быў вымушаны фактычна ўсе свае выступы па тэлебачаньні і радыё (а таксама і ў аўдыторыях) будаваць з улікам наварочанай вакол яго хлусьні.

Парадаксальна, але з 1988 па 1994 год у беларускай прэсе было толькі чатыры публікацыі, у якіх распавядалася пра Пазьняка як пра чалавека. Пазьней некаторыя тагачасныя рэдактары будуць закідваць Пазьняку, што ня здолеў давесьці да народа сваю пазыцыю. Але ў тыя гады, рэдагуючы газэты з паўмільённым, а то і мільённым накладам – ніхто зь іх не прапанаваў Пазьняку падрабязна патлумачыць сутнасьць праграмы Народнага Фронту. Дарэчы, праграма БНФ так ніколі і не была надрукаваная ў дзяржаўнай прэсе. Можна толькі здагадвацца, якім было б стаўленьне да БНФ, калі б годзе ў 1989-м «Знамя юности», якая мела амаль мільённы наклад, зьмясьціла б на сваіх палосах праграму БНФ, як зрабіла гэта з праграмай Народнага фронту Латвіі рыская «Советская молодёжь». Але – не надрукавала, не зьмясьцілі яе і іншыя выданьні, і грамадзяне складалі меркаваньне пра новаўтвораны палітычны рух з публікацый, у якіх пазыцыя БНФ падавалася ў скажоным выглядзе.

Канечне, са зьяўленьнем у Вярхоўным Савеце дэпутацкай фракцыі Народны Фронт атрымаў магчымасьць данесьці асноўныя палажэньні сваёй праграмы – і праз выступы дэпутатаў, і праз тэлевізійны эфір, якога нам раз на паўгода ўдавалася дамагчыся. Аднак прамая трансьляцыя з Авальнай залі спынілася ўжо на першай сэсіі, а на адзін выступ дэпутатаў Апазыцыі прыходзіліся сотні прапагандысцкіх перадачаў на карысьць спачатку пракамуністычных, а потым – пракебічаўскіх уладаў.

Пазьняк лічыў, што не павінен марнаваць час на фармаваньне прывабнасьці ўласнага іміджу – ягоны клопат быў пра агульную справу. Такі падыход быў рацыянальны ў тым сэнсе, што перамагчы дзяржаўную прапагандысцкую машыну было сапраўды праблематычна: была рызыка ўвязацца ў бясконцае абвяржэньне паклёпу (хаця на найбольш сур’ёзныя абвінавачваньні Пазьняк адказваў). Займацца гэтым, бясспрэчна, павінны былі мы, ягоныя паплечнікі і ў меру магчымасьцяў (і нават па-за межамі магчымасьцяў) я, як прафэсійны журналіст, гэта рабіў. Аб’ектыўныя публікацыі выходзілі ў «Свабодзе», якую рэдагаваў Ігар Гермянчук. Вельмі важнай была падтрымка Васіля Ўладзімеравіча Быкава – ягоная ацэнка Пазьняка як нацыянальнага лідэра і дзейнасьці Апазыцыі БНФ была вельмі высокай.

Але ў часе выбарчай кампаніі мы вырашылі сканцэнтравацца на найбольш устойлівых мітах.

Тут варта сказаць некалькі слоў пра «іміджавую палітыку» кандыдата ад БНФ, тым больш што гэтую тэму ўжо закрануў у сваіх мэмуарах тагачасны міністар замежных спраў Пётра Краўчанка:

«Тэарэтычна ён (Пазьняк – С.Н.) мог сабраць на тых выбарах да траціны галасоў. Але на пачатку выбарчай кампаніі ў яго штабе раптам зьявіліся нейкія новыя паліттэхнолягі, якія, насуперак меркаваньню бліжэйшага атачэньня лідэра апазыцыі, пераканалі яго рэзка зьмяніць усталяваны імідж. У зьнятым імі рэклямным фільме «Невядомы Пазьняк» лідэр БНФ паўставаў у зусім іншым абліччы. Яго паспрабавалі зрабіць больш мяккім, больш прыземленым, і, па-мойму, згулялі тым самым злы жарт. Зь міталягізаванага сімвала барацьбы ён раптам стаў звычайным чалавекам, пасрэдным, «як усе». (Пётра Краўчанка, «Беларусь на раздарожжы»).

Палітычная стратэгія, як і раней, распрацоўвалася дэпутатамі Апазыцыі БНФ і сябрамі Сойму. Прычым у 1994 годзе ўжо была відавочнай розьніца ў палітычным прафэсіяналізьме паміж дэпутатамі і тымі членамі Сойму, якія дэпутатамі не былі. Прычына простая: за чатыры гады дэпутаты набылі вопыт парлямэнцкай працы, ім даводзілася распрацоўваць законы, удзельнічаць у вострых дэбатах у Авальнай залі, сустракацца з выбаршчыкамі ў сваіх акругах, дамагацца вырашэньня іх праблем у начальства, часам – у міністраў ці нават у прэм’ер-міністра. Дэпутаты сумаўляліся і з членамі ўраду, і з дыпляматамі, і з журналістамі. Члены Сойму такога досьведу ня мелі. У той час з боку Сойму на Пазьняка імкнулася ўплываць група Хадыкі – Анцулевіча – Чуйко (праз год, летам 1995-га, гэтая група запатрабуе зьмены лідэра БНФ). Яны і пераканалі Пазьняка, што яму трэба скарэктаваць імідж, а займацца гэтым павінны прафэсіяналы. Так зьявіліся тыя, каго пазьней назавуць паліттэхнолягамі, і сярод іх вылучаўся кандыдат філязофскіх навук Уладзімер Падгол.

Прычым парады тычыліся ня толькі зьнешняга іміджу, але і сэнсавых рэчаў – напрыклад, якія тэмы ў выступе трэба прыглушыць, а на якіх – сканцэнтраваць увагу. Пры гэтым Падгол часта ужываў слова «ідэялягемы» – раней бы сказалі «лёзунгі». «Народны Фронт ратуе, бароніць, дапамагае» – гэта быў прапанаваны Падголам лейтматыў кампаніі, я лічу, вельмі ўдалы.

Краўчанка піша пра адзін фільм, ён павінен быў быць часткай цыклю, дзе пасьля «зьмякчэньня» вобразу героя (што было, я лічу, апраўдана з улікам міту пра Пазьняка-радыкала) ўзьнік бы вобраз моцнага лідэра. Аднак іншыя сэрыі на тэлеэкран ня выйшлі. І тут ужо Пазьняк паставіў пад сумнеў парады «прафэсіяналаў», зрабіўшы вельмі ўдалыя, на мой погляд, выступы па тэлебачаньні.

Знаёмыя пыталіся, чаму прамыя эфіры з Пазьняком вёў ня я – бо ў папярэднія гады якраз мне даводзілася весьці гэтыя эфіры з дэпутатамі БНФ (перад гэтым мне ж прыходзілася і дамагацца іх ад кіраўніцтва Дзяржтэлерадыё).

У часе аднаго з абмеркаваньняў на Варвашэні Падгол раптам сказаў:

– Я супраць, каб Навумчык вёў эфіры. Я ўвогуле супраць таго, каб ён зьяўляўся на тэлеэкране. Ён зь ягонымі рэзкімі выступамі вельмі нэгатыўна успрымаецца людзьмі. (Магчыма, Падгол меў на ўвазе мой імідж, як пісала афіцыйная прэса, «зацятага антыкамуніста»).

Усе прамаўчалі. Я ніколі не пазьбягаю канфліктаў па прынцыповых пытаньнях, нават, магчыма, празьмерна энэргічна ў іх увязваюся, але калі ідзецца пра другаснае – заўсёды аддам перавагу кампрамісу, ці нават саступлю, каб пазьбегнуць канфлікту. У гэтым выпадку спрачацца не было ніякага сэнсу.

Я сказаў, што прафэсіяналу, канечне, лепей бачна. Але тады і я выкажу сваю думку: я супраць, каб прамыя эфіры вёў Падгол (у канцы 80-х Падгол вёў дыскусійныя тэлеперадачы). Хай гэта таксама будзе прафэсіянал, прафэсійны журналіст, і лепей, калі гэта будзе жанчына. Напрыклад – Алена Радкевіч, якая вяла нядаўна забароненую Кебічам праграму «Беларуская маладзёжная». Кандыдатура Алены пярэчаньняў ня выклікала – яна была ў Фронце ад пачатку, нарэшце, яе ведалі і як жонку Віктара Івашкевіча. Да эфіру заставалася няшмат, я паехаў у будынак радыё (некалькі кварталаў ад Варвашэні). Радкевіч з калегамі нешта абмяркоўвалі (у эфір іх не пускалі. Між іншым, удзел Алены ў прамым эфіры быў і актам падтрымкі апальных журналістаў). Размова была кароткая. «Паехалі» – «Куды?» – «У студыю на Макаёнка, эфір праз тры гадзіны». Праўда, Алена запатрабавала заехаць да яе на кватэру, каб пераапрануцца і навесьці макіяж – хаця і без таго выглядала эфэктна, але я разумеў, што гэта якраз той выпадак, калі жанчыне нешта даказваць бессэнсоўна. На эфіры, які вяла Алена Радкевіч, Пазьняк быў адзін, а вось прамы эфір з удзелам каманды вёў Вінцук Вячорка. Магчыма, манера зачытваньня Вінцуком пытаньняў падавалася акадэмічнай і празьмерна павольнай (я б гэта, канечне, рабіў бы дынамічна) – але, пэўна, у гэтым выпадку менавіта такая танальнасьць і была найбольш аптымальнай.

Як і варта было чакаць, у часе прамога тэлеэфіру Пазьняка запыталіся і пра рускую мову, і пра калгасы.

З прамога тэлеэфіру 20 чэрвеня 1994 году:

Вячорка: (зачытвае пытаньні тэлегледачоў) Што будзе з калгасамі, калі прэзыдэнтам Беларусі стане Зянон Пазьняк? Мікола Бусел, вёска Дуброва, Сьветлагорскі раён.

Пазьняк: Шаноўны Мікола, я скажу самае галоўнае. Прэзыдэнт Пазьняк ня будзе разганяць калгасы. І ўвогуле, у нас у Беларусі ніхто ня ставіць такога пытаньня. Акрамя прапаганды... Спадар Мікола Бусел павінен зразумець, што калі ён вырасьціў бульбу, дык ён можа яе прадаць, куды ён хоча, і па той цане, якой ён хоча. Яму ня будзе ўказваць чыноўнік, яму ня трэба ліцэнзіі, ён будзе свабодны. Ён будзе валодаць сродкамі вытворчасьці, ён будзе валодаць зямлёй, і можа свабодна вынікі сваёй працы скарыстаць, так як ён захоча.

Вячорка: Зенон Станиславович, готова голосовать за Вас. Но смущает одно: я русская, я не знаю белорусского языка, и сомневаюсь, что смогу его выучить. А Вы ведь будете этого требовать? Город Слуцк.

Пазьняк: Ну што ж, калі пытаньне ананімнае, дык відаць, многія так думаюць, як гэтая жанчына са Слуцку. Справа ў тым, што ніхто нікога (і ў тым ліку я) ня будзе прымушаць размаўляць па-беларуску. Размаўляйце хоць па-кітайску. Будзе праводзіцца дзяржаўная палітыка па выкананьню існуючага заканадаўства. Будзе выконвацца закон, і кожнаму грамадзяніну Беларусі будзе прадастаўленая магчымасьць вывучыць дзяржаўную мову. А што датычыць, як яны будуць размаўляць, тут поўная свабода. Дзяржаўныя служачыя – так, яны павінны будуць ведаць мову. Дзяржаўнае справаводзтва будзе. Ніякіх рэпрэсій па гэтаму поваду быць ня можа. Я гэта гарантую. Ніхто нікога ня будзе звальняць за тое, што чалавек, скажам, ня ведае беларускай мовы. Гэта наша агульная бяда, бяда ўсёй нашай нацыі, і мы павінны з гэтай бяды выйсьці разам з усімі людзьмі, з усімі грамадзянамі, якія насяляюць нашу рэспубліку».

Зараз ужо не магу прыгадаць, каму прыйшла ідэя зрабіць улётку на расейскай мове, якая наўпрост абвяргала ўстойлівыя стэрэатыпы – але, лічу, задума была ўдалай.

Гэтая ўлётка была надрукаваная па-расейску, ва ўсіх шасьці тэзісах «ня будзе» было набрана вялікімі літарамі.

«Чаго Зянон ня будзе рабіць

Зянон ня будзе нікога сілай прымушаць размаўляць па беларуску.

Зрабіць дзяржаўную мову паважанай – нармальны шлях нармальнага грамадзтва. Але прымус – гэта бальшавіцкі мэтад. А Зянон – не бальшавік і ніколі ім ня быў.

Зянон ня будзе перасьледаваць былых камуністаў.

Адхіліць ад улады камуністычную вярхушку – гэта адно. Зусім іншае – адносіны да простых партыйцаў. Ад таталітарнага рэжыму яны цярпелі разам з усімі. Рэпрэсіі – сродак бальшавікоў. А Зянон – веруючы хрысьціянін і ён супраць рэпрэсіяў.

Зянон ня будзе разганяць калгасы.

Усялякая форма гаспадараньня добрая, калі людзі ахвотна працуюць і заможна жывуць. А вясковае жыцьцё Зянон ведае не па чужым досьведзе.

Зянон ня будзе нікога высяляць зь Беларусі. Беларусь – агульны дом для ўсіх нас: беларусаў, рускіх, палякаў, габрэяў. Мы – грамадзяне Беларусі, і дзяржава служыць усім сваім грамадзянам, незалежна ад нацыянальнасьці, веры альбо мовы.

Зянон ня будзе разрываць эканамічныя сувязі з Расеяй.

Расея – гэта буйнейшы партнэр Беларусі, важны пастаўшчык і вялізны рынак збыту. Пры раўнапраўных адносінах, якіх і дамагаецца Зянон, гандаль з Расеяй выгодны для Беларусі.

Зянон ня будзе ваяваць з суседзямі.

Нашай Беларусі, як і сям’і Пазьняка, хапіла незаменных ваенных стратаў. Беларусь ёсьць і будзе міралюбівай дзяржавай».

Праз гады я думаю, што нашыя намаганьні, накіраваныя найперш на ўспрыманьне этнічна расейскай часткай насельніцтва, наўрад ці маглі даць істотны вынік. І прычына ня ў тым, што мы былі недастаткова пераканаўчымі. Менавіта Апазыцыя БНФ распрацавала ўвосень 1991 году закон аб грамадзянстве, які быў прыняты і які прадугледжваў «нулявы варыянт» – грамадзянства атрымлівалі аўтаматычна ўсе, хто на пэўны момант жыў на тэрыторыі Беларусі. Як вядома, мэханізм атрыманьня права на грамадзянства – гэта найважнейшы крытэр талерантнасьці дзяржавы да іншаземцаў альбо тых, хто прыехаў нядаўна, і менавіта Беларускі Народны Фронт дамогся самага лібэральнага варыянту. Гэтак лібэральна ненавісьнікі іншых нацыяў ня робяць. Але потым я шмат разоў пераконваўся, што для крытыкаў БНФ «за нацыяналізм» гэта ня мела ніякага значэньня. Увогуле ня браліся пад увагу ніякія прыклады і аргумэнты. Баюся, прычына ня толькі ў тым, што значнай частцы гэтых людзей не хацелася вывучаць беларускую мову. Галоўная прычына – яны ня могуць прыняць існаваньне якой-небудзь іншай мовы, акрамя расейскай на тэрыторыі былога СССР.

Іміджавай мэтай каманды Пазьняка на выбарах 1994 году было давесьці як да мага больш шырокага кола праўду пра свайго кандыдата. Праўду, больш нічога. І супрацьлеглая мэта была ў паплечнікаў Лукашэнкі – стварыць зь яго «народнага заступніка» з дапамогай сумнеўных прыёмаў кшталту «стрэлу пад Лёзнам», і схаваць пра свайго фаварыта праўду.

Але справа нават ня ў танных выкрутасах лукашэнкаўскай каманды. На Лукашэнку працавала дзяржаўная прапаганда. Гэтае маё сьцьвярджэньне можа паказацца дзіўным – у часе выбарчай кампаніі супраць Лукашэнкі ў дзяржаўных СМІ вялася агітацыя – але гэта менавіта так. Агітацыя супраць яго ішла толькі ў апошнія два месяцы, да гэтага ён меў такія магчымасьці доступу да дзяржаўных СМІ, якія Пазьняку і ня сьніліся.

Аднак галоўнае было ў тым, што і ў часе выбараў, і ўсе папярэднія гады прапагандысцкі апарат працаваў на ідэю, якую Лукашэнка зрабіў лейтматывам сваёй выбарчай кампаніі: незалежнасьць – зло, распад СССР – зло, выратаваньне – у аб’яднаньні з Расеяй. І ў гэтым Лукашэнка і Кебіч былі саюзьнікамі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG