У апошні час згадваецца ці то апокрыф, ці то сапраўдная гісторыя. Калі ў 1968 годзе савецкія войскі ўвайшлі ў Прагу, кухар аднаго з рэстаранчыкаў, гатуючы ежу расейцам, пляваў ва ўжо гатовыя да падачы стравы. Пляваць у ежу — ня вельмі прыгожа, але для яго гэта быў адзіна магчымы шлях выказаць нянавісьць, адчай і пратэст, якія ў ім булькаталі. Але наступіў момант — і кухар перастаў гэта рабіць. Чаму? Ён проста прачытаў газэту. У ёй была кароткая нататка аб маленькай дэманстрацыі на Краснай плошчы. 25 жніўня 1968 году восем савецкіх грамадзян выйшлі да Лобнага месца з самаробнымі плякатамі: «Мы страчваем найлепшых сяброў», «Ať žije svobodné a nezávislé Československo!», «Ганьба акупантам!», «За вашу і нашу свабоду!», «Свабоду Дубчэку!».
Іх узялі за лічаныя хвіліны. Пасьля, у камэры папярэдняга зьняволеньня, сямёра дэманстрантаў угаварылі самую маладую, Тацяну Баеву, сказаць, што яна апынулася побач зь імі выпадкова. Таму акцыя пратэсту, у якой удзельнічалі восем чалавек, увайшла ў гісторыю як «дэманстрацыя семярых». Нагадаю іх імёны. Канстанцін Бабіцкі, Ларыса Багараз, Натальля Гарбанеўская, Вадзім Дэланэ, Уладзімір Драмлюга, Павел Літвінаў і Віктар Файнбэрг. «Можаш выйсьці на плошчу, сьмееш выйсьці на плошчу ў той прызначаны час?» — пісаў пра іх Аляксандар Галіч. Далейшы лёс гэтых семярых вядомы. Каму турма, каму лягер, каму турэмны псыхіятрычны шпіталь.
«Калі хоць адзін з расейцаў, якім я сёньня згатаваў ежу, думае так сама, як гэтыя сямёра, — сказаў кухар, — ён мой брат». Кухар ня ведаў, хто з наведнікаў вораг, а хто — аднадумец, і, нягледзячы на перажытыя жах і адчай, адмовіўся вінаваціць усіх бяз вынятку. Усяго з-за тых семярых.
А на самай справе, іх — і тады, і цяпер — не сямёра. Ахеджакава і Шаўчук, Юрскі і Грабеншчыкоў, Міхаіл Яфрэмаў і Дзьмітры Быкаў, Камбурава і Ўліцкая, Акунін і Гафт... І сотні тысяч, не ўвянчаных вядомасьцю, якія думаюць гэтаксама. Проста рык масы заўсёды гучнейшы за горкі роздум. «Крымнаш» чуваць выразьней, чым парафразу «намкрыш»... Таму мы не заўважаем, што ўжо шмат гадоў менавіта «жыцьцё і лёс» Расеі, яе памылкі і грахі, яе надзеі і злачынствы — тэма найлепшых расейскіх кніг, многія зь якіх мы не чыталі.
Сёньня я прадстаўлю некалькі кніг апошняга дзесяцігодзьдзя, асноўная тэма якіх — Расея.
Дзьмітры Быкаў, раман «ЖД»
У Расеі недалёкай будучыні ідзе грамадзянская вайна паміж двума кланамі — ваярамі-варагамі і хазарамі, якія прысмакталіся да народнага цела і спрабуюць — спачатку потайкам, а потым і адкрыта — захапіць «вялікую вотчыну варагаў»: менавіта ў такой тэрміналёгіі думаюць варагі. Хазары адказваюць, што Расея — іх спрадвечная зямля: менавіта тут разьмяшчаўся магутны Хазарскі каганат. Алюзія зразумелая. Варагі — гэта апалягеты ідэі: «Расея для рускіх!». А хазары — лібэралы заходняга кшталту. Варагі агрэсіўныя і мэнтальна ўбогія. Культ вайны ў спалучэньні з культам праваслаўя спараджае жахлівую сумесь невуцтва, жорсткасьці і пабожнасьці. Гэта людзі, мэта якіх — гібель свайго народу ў імя Расеі, і яны пасьлядоўна ідуць да гэтага ідэалу. Ну, як ня ўспомніць сёньняшняе «намкрыш»... Хазары — інтэлектуалы, якія напышліва скінулі зь сябе ношу адказнасьці за лёс краіны, а значыць — за людзей. Аднак ні хазары, ні варагі — не гаспадары зямлі, якую ўяўляюць сваёй. Ёсьць сапраўднае, хоць і затоенае «карэннае насельніцтва». Для гэтых зрослых зь зямлёю шаманаў зьмена раўназначная сьмерці. Яны могуць існаваць, толькі калі ўсё — і дрэннае, і добрае — ідзе па спрадвечным коле, а гэтае адвечнае кола — вайна. І хазарамі, і варагамі падспудна кіруюць міты і таямніцы; яны праклінаюць і просяць божага гневу на тых, каго не прымаюць у разьлік. Каго пагардліва называюць «масай» ці напышліва «простым народам».
Таму хазары і варагі асуджаныя на бязмэтнае змаганьне. І таму як фатальную падзею ўспрымае карэннае насельніцтва каханьне «Мантэкі і Капулеці» з варожых лягераў, якое можа парушыць гэтае кола...
«Расея перахварэе вірусам агрэсіўнага нацыяналізму і працягне нармальнае эўрапейскае разьвіцьцё. І будзе ўспамінаць эпоху Пуціна як ганебны падлеткавы сон», — сказаў у нядаўнім інтэрвію Дзьмітрый Быкаў. Аднак, калі меркаваць паводле ягонага раману, гэты працэс будзе зацяжным. Сёньня, у час невыноснай, непадуладнай разуменьню вайны, ясна: уладу ў Расеі на гэтым этапе займелі «варагі». Калі прытрымлівацца думкі Быкава, наперадзе «хазарскі» пэрыяд: час балбатні і татальнай аноміі, страхотныя ваганьні. Але ці не страшнейшым будзе імгненьне, калі скажа сваё слова «карэннае насельніцтва» — не хазарскае, не вараскае, але значна больш магутнае і непрадказальнае? Словам, усё тое самае гогалеўскае пытаньне: «Русь, куды ж нясесься ты? Дай адказ. Не дае адказу».
Аляксей Слапоўскі, раман «Сындром Фэнікса»
Гэты раман якраз пра тых, каго Быкаў назваў «карэнным насельніцтвам». Вечная гераіня Слапоўскага — расейская правінцыя. Напрошваецца нешта зьбітае пра вечна-жаночае ў расейскай душы. Звычайна ў гэтым кантэксьце кажуць пра бязьмежную цярплівасьць і забываюць пра схільнасць да «бабскага бунту», успамінаюць пра ціхую пяшчоту, але замоўчваюць пра магутны кулак, дзякуючы якому і каня спыніць, і ў хату ўвойдзе... У спалучэньні неспалучальнага — і найгоршае, і найлепшае ў Расеі.
Дзеяньне раману Слапоўскага адбываецца ў маленькім гарадку Чыхаве, дзе жыве простая жанчына, прадавачка Таня, Тацяна Лаўрына, амаль Ларына. Абедзьве Тацяны — квінтэсэнцыя расейскай жанчыны: якой яна была — і якой стала. Чаму ня іншай — ня вытанчанай, не рафінаванай? Ды таму, што правінцыя, і алькаголік-муж, які зваліў на «вольную волю», і двое сыноў, і жабрацкі заробак, і адвечны паратунак — зямелька, сад-агарод... Неяк раз у краму, дзе працуе Таня, заходзіць валацуга, як цяпер прынята казаць, «бомж», які ня памятае ні хто ён, ні адкуль. Чульлівая Тацяна пасяляе небараку ў хляве, ён прыжываецца, гуляе зь яе дзеткамі, рупіцца на градах — і раптам, пры рэзкай успышцы агню госьць (якому далі імя Гоша) зноў страчвае памяць. І нараджаецца другі раз — ужо іншым — буянам, якія п’е і гуляе, і аказваецца нячыстым на руку. І так да новай сустрэчы з агнём, калі «фэнікс» Гоша страчвае нажыты досьвед і зьяўляецца ў вобразе ціхага, ветлівага, задуменнага эрудыта. А потым зноў памірае і зноў уваскрасае — дзейным, падкаваным ў бізнэсе і фінансах, які ведае сабе кошт, упэўненым мужчынам...
Што гэта — узроставыя стадыі, мужчынскія расейскія тыпы? А побач зь ім усё тая ж Таня, арганічная ў сваёй адзінай іпастасі — жанчыны: добрай маці, цярплівай жонкі, вернага сябра. Мужчына ў Расеі — пераменная, кажа Слапоўскі. Жанчына — канстанта. Мужчына забудзе сябе, жанчына — нагадае, наставіць на розум, уратуе. Уся надзея расейскай правінцыі, расейскага сьвету — у гэтай жаночай спагадлівай чалавечнасьці.
У процівагу кнізе Слапоўскага раман Леаніда Юзэфовіча «Жураўлі і карлікі» — кніга пра «мужчынскую» Расею.
Пра вайну жураўлёў і карлікаў упершыню распавёў Гамэр у «Іліядзе»: «Людзі б’юцца да страты жыцьця зь іншымі людзьмі і ня ведаюць, што імі, беднымі, журавель спрабуе зваяваць карліка альбо карлік жураўля». Вайна гэтая бясконцая, бо карлікі і жураўлі роўныя сіламі, а часовай перамогі можна дамагчыся толькі ў адным выпадку — калі ў лягер карлікаў прарвецца журавель і стане ваяваць на іх баку, альбо наадварот: «Адны і другія таму толькі здатныя адолець ворага, што ўтрымліваюць у сабе частку яго сілы». То бок гаворка ідзе пра тых, хто ўмее мімікраваць, дзякуючы гэтаму выжываць і, нават ня ведаючы пра тое, дапамагаць выжыць войску. Словам, пра самазванцаў.
Дзеяньне раману адбываецца то ў нашы дні, то ў 1993 годзе, то ў XVII стагодзьдзі; у Маскве, у Манголіі, дый па ўсім сьвеце. Цэнтральных пэрсанажаў тры: гісторык Шубін; былы геоляг, авантурыст Жохаў; а таксама Цімошка Анкудзінаў, які жыў у XVII стагодзьдзі: ён выдаваў сябе за сына цара Васіля Шуйскага, пакінуў свае сьляды па ўсім сьвеце, «бываў каталіком, пратэстантам, мусульманінам, юдэем». Што ж гэта за людзі?
Шубін — звычайны інтэлігент, які спрабуе сумленна выжыць у дзікім сьвеце. У сьвеце, дзе слоічак пратэрмінаванага дзіцячага пюрэ яны з жонкаю дзеляць на дзьве вячэры; дзе ў кожным пераходзе граюць згаладалыя музыкі, а з кожнага скрыжаваньня плыве сытны пах шашлыкоў; у сьвеце бедных настаўнікаў і багатых жабракоў, бандытаў і авантурыстаў. Шубіна засмоктвае ганебнае балота безграшоўя і пустэчы... А вось Жохаў бачыць у ім не балота, а скарбніцу магчымасьцяў. Ён фантануе экзатычнымі ідэямі (продаж дыска з рэдкага мэталю, гандаль лістамі палітычных дзеячаў, яйкамі дыназаўраў або ўсходнімі халатамі), але ў бізнэсе, хутчэй, ён ня мае посьпеху. Яго — як і Анкудзінава — шанцаваньне накіраванае ў першую чаргу на тое, каб выжыць ужо ня шляхам інтэлігенцкага гібеньня, а зусім фантастычнымі сродкамі. Што гэта, рэінкарнацыі? Бо ж самазванцаў не бывае шмат. Непаражальнасьць — адзінкавы тавар...
Раман Юзэфовіча прыпісваюць да жанру «авантурніцкага», але і гэтым ён не вычэрпваецца. Ён і сацыяльны, і іранічны, і экзатычны. А галоўнае, ён уяўляе дзьве філязофіі жыцьця ў Расеі, краіне пэрманэнтнай смуты — паслухмянасьць або пераварот... Дзьве крайнасьці, паміж якімі Расея ўвесь час шукае свой шлях — і не знаходзіць.
І нарэшце, яшчэ адна Расея. Тая, у якой жаночы твар. Не ідэалізаваны Слапоўскім. З усімі маршчынамі, зь сінякамі пад вачыма, зь сьціснутымі па-пакутніцку вуснамі. Людміла Петрушэўская, «Гісторыі з майго ўласнага жыцьця».
Самае распаўсюджанае вызначэньне прозы Петрушэўской — «чарнуха». Колькі разоў мы чулі і чыталі, што яна ўвесь час «ачарняе» штосьці ці кагосьці. Спачатку вялікі і магутны Савецкі Саюз, потым — вялікую і магутную Расею. У сьвеце яе герояў адбываюцца жорсткія баі за кватэру, кавалак струхлелай дачы, за каморку з ложкам — за месца. Месца ў Петрушэўскай не канстатацыя — мэтафара. Яе героям няма месца ў сьвеце: ня проста ў Расеі — на плянэце Зямля. Чалавек без прытулку, без гарантый, без упэўненасьці ў заўтрашнім дні... Чалавек за крок ад прорвы. Такому лёгка стаць зьверам. І Петрушэўская піша пра тое, як лёгка людзі становяцца нелюдзямі. Пра тое, як гэтаму спрыяе зьнешняе, побытавае жыцьцё пры адсутнасьці ўнутранага.
Краіна Петрушэўскай — асяродак нябачных пакутаў і нячутных скаргаў. Чаму ня бачаць? Чаму ня чуюць? Ды ўсё проста. Заразіцца баяцца. Пашкадаваць, зьвярнуць увагу, падаць міласьціну. Кожнага грызе жах: а раптам няўдача закране і мяне? Ніхто, ніводзін чалавек на сьвеце ня ўпэўнены ў тым, што яго дабрабыт законны, легальны, правамерны. Што ён ня скончыцца ў адно імгненьне. Гэта і ёсьць корань бяздушнасьці — зрэшты, ці толькі ў Расеі? Расея зь яе крайнасьцямі — толькі прыклад. Чалавек, які не навучыўся шкадаваць чалавека — вось ён, нэрв прозы Петрушэўскай.
Вось канва аднаго з апавяданьняў. СССР. Дзьве жанчыны сустракаюцца на вуліцы Вільні. Прыежджая і мясцовая. Расейка і літоўка. У расейкі грошы строга разьлічаны — рубель на дзень. У літоўкі — жытло, дзе за рубель можна пераначаваць. Кватэрка бедная, мэбля ўбогая, але за той самы няшчасны рубель маўклівая літоўка Ядвіга яшчэ і падкормлівае кватарантку небагатай ежай. А на разьвітаньне раптам распавядае, як некалькі гадоў таму ў яе згарэў дом. У доме былі муж, дачка, зяць і ўнук. Усе, акрамя яе. Паціху і проста Ядвіга апавядае пра тое, што з тых часоў суседзі шарахаюцца ад яе, як ад хворай. Каму хочацца дакранацца да чужой болькі? А расейская кватарантка распавядае пра васьмігадовага сына-астматыка, якога няма на што лячыць, пра мужа, які «памёр, пайшоў, пакінуў нас. Яму было 32 гады. Шэсьць апошніх гадоў ён быў паралізаваны». І таксама ўсе шарахаюцца. Дарэчы, гэтая вось, другая — сама Петрушэўская.
Жанчыны абдымаюцца і расстаюцца назаўжды. Яны далі адна адной значна больш, чым рубель або прытулак — сілу цяпла. Кіньце, пра якую сацыяльную або нацыянальную непрыязь можна гаварыць побач з пакутамі і спагадай, якія аб’ядноўваюць людзей усяго сьвету?
Чатыры розныя Расеі. Парадаксальная сацыяльная прыпавесьць Дзьмітрыя Быкава і хітраваты сказ Аляксея Слапоўскага. Авантурная гісторыя Юзэфовіча і «міласьць да няшчасных» у кнігах Петрушэўскай. Магчыма, нейкая зь іх акажацца не чужой і беларускаму чытачу. Можа быць, нагадае нам, што Расея і Пуцін — не сынанімічныя, як не сынанімічныя былі Нямеччына і Гітлер... І мы зразумеем тое, што зразумеў мудры чэскі кухар. Якому асабіста я паставіла б помнік.