Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вяскоўцаў не пусьцілі на цырымонію закладаньня каменя пад кітайскі парк

абноўлена

Сёньня ў Смалявіцкім раёне заклалі памятны камень на месцы будоўлі Беларуска-кітайскага індустрыяльнага парку.

Сёньня ў Смалявіцкім раёне заклалі памятны камень на месцы будоўлі Беларуска-кітайскага індустрыяльнага парку.

Мяркуецца, што праз колькі гадоў на месцы старога сасновага бору паўстануць карпусы заводаў і фабрык, а на гародах жыхароў бліжэйшых вёсак вырастуць шматпавярховыя дамы, куды паселяць будучых працаўнікоў.

Ужо ад раніцы ўпрыгожаная балёнікамі і плякатамі пляцоўка, дзе неўзабаве пачнецца першая чарга будаўніцтва, поўнілася народам. Адны рэпэціравалі цырымонію адкрыцьця, старанна вымаўляючы няпростыя імёны кітайскіх чыноўнікаў, іншыя ўсталёўвалі стэнды з датамі станаўленьня парку — ад ідэі да парафіраваньня міждзяржаўнага пагадненьня.
Да цырымоніі падрыхтавалі імправізаваную пляцоўку
Да цырымоніі падрыхтавалі імправізаваную пляцоўку


Заднікам сцэны служыла вялізнае чырвонае палотнішча зь вітальнымі надпісамі па-кітайску і па-расейску, наперадзе шыхтом выстраіліся зь дзясятак рыдлёвак, перавязаных чырвонымі стужкамі — беларускія ды кітайскія функцыянэры мусілі зрабіць некалькі сымбалічных шуфляваньняў, каб умацаваць пэрспэктыўнае супрацоўніцтва. У чаканьні сьвята стаялі бульдозэр ды экскаватар, на чыіх кіроўцах ляжала адказная місія ўсталяваць памятны знак як мае быць.
Ранішняя рэпэтыцыя, камень – на пярэднім пляне
Ранішняя рэпэтыцыя, камень – на пярэднім пляне

Этапы станаўленьня парку
Этапы станаўленьня парку

Упрыгожаньне пляцдарму
Упрыгожаньне пляцдарму




А літаральна за 300 мэтраў адгэтуль панавалі зусім іншыя настроі: насельнікі паўсотні дамоў вёскі Быкачына трывожна паглядалі на лес, адкуль даносіліся гукі карнавалу. Людзі не хаваюць абурэньня: за прамінулыя гады ніводзін голас супраць будоўлі сумеснага індустрыяльнага парку ў запаведнай зоне так і ня быў пачуты. У мясцовых баліць сэрца, што так па-варварску нішчацца цэлыя гектары сасновага ды бярозавага лесу, куды па грыбы і ягады хадзілі іх дзяды і бацькі, што з-за пачатых працаў зьнікае артэзіянская вада і ад скачкоў электраэнэргіі псуецца тэхніка, што пры самых іхніх падворках уціснуць прадпрыемствы хімічнай прамысловасьці.
Быкачына непасрэдна мяжуе з паркам
Быкачына непасрэдна мяжуе з паркам


З быкачынцам Мікалаем Герасімчыкам знаёмлюся на краі неагляднага поля, якое, мяркуючы па ўсім, дажывае ў такім стане апошнія месяцы. Спадар Мікалай больш за два дзясяткі гадоў адпрацаваў у Нацыянальным аэрапорце, да якога ад вёскі літаральна 5 кілямэтраў, цяпер на пэнсіі:
Мікалай Герасімчык на полі, дзе будзе будаўніцтва
Мікалай Герасімчык на полі, дзе будзе будаўніцтва
«Вось гэтае поле каля нашай вёсачкі Быкачына, дзе крыху больш за 45 двароў, раскінулася на 120 гектараў. Як было сказана, гэта якраз стартавая пляцоўка. Усё ўрэшце павернецца менавіта на гэтае поле, потым за Смольніцы і амаль што да Пятровіч, дзе цякуць тутэйшыя рэчкі. Дарэчы, учора езьдзіў у той бок у грыбы, дык практычна ўсюды вядуцца нівэлірныя, тэадалічныя здымкі ўсіх дарог, усёй мясцовасьці. Карацей, будзе ўсё, напэўна, вельмі сур’ёзна. І калі ўжо так моцна разгорнуцца, то, канечне, ня мёд нам тут будзе. У нас заўсёды было вельмі ціха, утульна. А цяпер практычна ўсе лясы, якія былі магутныя, даваенныя, падчыстую павыразалі. Пры гэтым чыноўнікі па тэлевізары кажуць, што выразаецца... кустарнік. Якія кусты, калі ідуць вялікія лесавозы з прычэпамі, па 20–24 кубы, цягнуць і цягнуць гэты лес?»

Сястра Мікалая Барысавіча — Людміла Герасімчык кажа, што наступствы для жыхароў вёскі ад прыходу кітайскага індустрыяльнага парку, безь перабольшваньня, сьмяротныя, але ніводнага чыноўніка гэткая пэрспэктыва не хвалюе:
Людміла Герасімчык
Людміла Герасімчык
«Няўжо на нас нехта зьвяртае ўвагу? Колькі ўжо было сказана: вады няма, сьвятла няма, дарогі няма. Нікому няма справы. Затое там паклалі бэтонку і выклалі пліткай. Што, ня так? Не хапае напругі — усяго 180 вольт — тэлевізары перагараюць, лядоўні перагараюць. Каму якая справа? Вёска была хоць маленькая, але квітнеючая, самі газ правялі, ніхто рубля ня даў. А зараз чаго цырымоніцца? Няхай кітайцы будуць, калі захацелі. 50 гадоў спрабавалі нешта ўдасканаліць, а дажыліся, што зараз і вады ня будзе. Бо як пачнуць будаваць дамы, глыбей праб’юць сьвідравіны, вада да нас адназначна ня дойдзе. Вёска — на выміраньне. Суцяшаюць: ня будуць зносіць. Дык навошта? Людзі самі пазьбягаюць. Хто ж тут застанецца безь сьвятла, без вады? Пра што казаць? Людзей ніхто не запытвае, ня слухае. На вышэйшым узроўні ўсё робіцца. Або людзі маюць нейкае слова? Ніякага!»

Жыхары вёскі ў адзін голас заяўляюць, што найперш шкадуюць аб прыродзе, якую дагэтуль шанавалі цэлымі пакаленьнямі, а цяпер аддаюць на водкуп прамысловаму праекту. Гаворыць спадарыня Сьвятлана:

«Задаволеных у вёсцы няма, ніводнага чалавека. Усё ж гэта бацькоўская памяць, мы тут нарадзіліся, вырасьлі, а цяпер наша будучыня ўвогуле пад пытаньнем. Найперш, канечне, шкада лесу. Высякаюць цалкам здаровыя дрэвы, а гэта ж такая прыгажосьць! А выражуць, дык нічога ж ня будзе — ні ягад, ні грыбоў. Зрэшты, даўнейшай ідыліі ўжо і так няма — ад моманту, як пачалі ўсё вакол руйнаваць. Да нас людзі сюды раней прыяжджалі і ў адзін голас казалі: божа, якая ў вас прыгажосьць — вёска ж у лесе стаіць. Зразумела, што такога ўжо ня будзе. Усе пытаюцца: чаму выбралі менавіта нас? Хто яго ведае. Мабыць, аэрапорт блізка, Менск пад бокам. Зноў жа, траса Масква — Берасьце».

Да абмеркаваньня далучаецца яшчэ адзін нараджэнец Быкачына — Уладзімер Бакуновіч. На яго перакананьне, усё, што задумана з індустрыяльным паркам, памылкова і патрабуе неадкладнага перагляду:
Уладзімер Бакуновіч
Уладзімер Бакуновіч
«Ну што сказаць? Вялікую памылку ён зрабіў, наш паважаны прэзыдэнт. Трэба было, канечне, ня тут гэта ўсё будаваць. Вы паглядзіце: зараз тры ці чатыры брыгады працуюць, выразаюць лес. Каму гэта трэба? Вакол Менску такая была прырода, чаго толькі тут не было — і ягады, і грыбы. А зараз што? Паехаў учора — адны пні стаяць, зьнішчаюць прыроду. Вазьміце Гомельскую вобласьць — там столькі месца! Чаму туды не паехаць, чаму там не зрабіць, калі кажуць, што ў чарнобыльскай зоне цяпер усё добра? Тым больш, побач добры, міжнароднага клясу аэрапорт. Таксама побач і самалёты, і чыгунка. Пастаўце там! А то пад Менскам зьяўляецца яшчэ адзін вялізны горад. Тут жа такая вада, рэчка, возера; чыстая крынічная вада, дзіцячыя лягеры адпачынку. Проста шкада, што ўсё гэта з часам зьнішчыцца і будзе як у горадзе. Дарэмна Лукашэнка робіць такую памылку. Дакладней, зрабіў, пра нешта разважаць ужо позна. Яны ўсё роўна лічаць, што ім лепш відаць».

Паказальна, што спробы мясцовых жыхароў «праціснуцца» на ўрачыстую цырымонію закладаньня каменя на месцы будучага тэхнапарку плёну так і ня мелі. Ахова адназначна дала зразумець, што праект будоўлі ўзгоднены і прэтэнзіі «абарыгенаў» да ўлады нікчэмныя. Любоў Перагудава эмацыйна пракамэнтавала нежаданьне прэм’ер-міністра Міхаіла Мясьніковіча выслухаць насельнікаў сумежных вёсак:
Любоў Перагудава
Любоў Перагудава
«Паклікалі самага галоўнага, які тут камандуе. Мы пачалі гаварыць, што таксама хочам папрысутнічаць. Адказ кароткі — нельга, мясцовым на гэтым сьвяце няма чаго рабіць. Я кажу — як так? Мы ж жыхары, павінны выказаць сваё меркаваньне. Той кажа: ад грамадзкасьці будуць прадстаўнікі са Смалявічаў, з Драчкава старшыня. Карацей, адны падсадныя. А мы такі ж народ, як і яны, і якраз мясцовых жыхароў мусілі сюды запрасіць, каб усе разам гаварылі, не баючыся ўздымаць праблемныя пытаньні. А так яны старшыняў нейкіх панапускалі, гагэкаюць там па тэлефонах. Чаму не паклікаць быкачынскіх, жыхароў, якія тут жывуць? Павагі ніякай няма, мы ніхто для іх. Хоць мы ўжо зараз рэальна пацярпелыя, а што яшчэ будзе? За нашы мазалі, падаткі халяўшчыкі свае справы вырашаць. Усе багатыя — чыноўнікі, дырэктары — во гэтыя нажаруцца, а вы, жабракі, „сасіце і губой трасіце“. Кішэні панабіваюць і будуць у ладкі пляскаць. Добра-добра, весяліцеся. Трэба браць бомбу і ўзрываць усё...»
«Дарэмна Лукашэнка робіць такую памылку»
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:01:18 0:00


Тым часам у працэсе закладкі першага каменя пад індустрыяльны парк старшыня ўраду Міхаіл Мясьніковіч заявіў, што ўсе задачы па рэалізацыі раней акрэсьленых праектаў будуць выкананыя. Паводле чыноўніка, у ваколіцах Быкачына будуць створаныя самыя камфортныя ўмовы для працы. Было ўдакладнена, што аб’ём інвэстыцыяў з удзелам кітайскіх партнэраў ацэньваецца ў 15 мільярдаў даляраў, а на тэрыторыі амаль 9 тысяч гектараў у будучым будуць працаваць больш за 120 тысяч чалавек. Прыярытэтныя кірункі дзейнасьці — тонкая хімія, біямэдыцына, электронная прамысловасьць, машынабудаваньне. Першая прадукцыя павінна сысьці з канвэера ўжо ў наступным годзе.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG