Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дзьве гадзіны «на дне»


Валеры Каліноўскі
Валеры Каліноўскі

9 траўня ў Менску запомнілася мне не пампэзным афіцыйным шэсьцем да Плошчы перамогі, не рознакаляровымі натоўпамі хакейных заўзятараў з розных краін, зь якімі я пагутарыў, не вылізаным да іх прыезду вуліцамі і фан-зонамі, а «экскурсіяй» на сацыяльнае дно, якую арганізаваў адзін з камандзіраў менскага АМАПу.



Пасьля трохгадзіннага відэаэфіру на сайце Свабоды, які я правёў 9 траўня са сьвяточных вуліц і плошчаў Менска, у мяне складалася ўражаньне нейкага іншага, невядомага горада: паўсюль вялікія натоўпы — і ніякіх табе кардонаў міліцыі, увогуле міліцыі ў форме амаль не было бачна, ніякіх табе мэталічных загародак з праверкай торбаў і мэталадэтэктарамі, як гэта бывае на ўсіх акцыях апазыцыі і народных гуляньнях. Пры гэтым на вуліцах людзі вольна п’юць піва і гарэлку, пакідаючы пустыя бутэлькі... Але я хутка адчуў, што гэтая паказная вольніца стасуецца, відаць, толькі хакейных турыстаў.

Убачыўшы аднаго з начальнікаў менскага палка міліцыі спэцыяльнага прызначэньня (па-ранейшаму АМАП), візуальна мне знаёмага з разгонаў акцыяў апазыцыі (ён, як і іншыя апэратыўнікі быў у цывільным), я спытаў яго, чаму ля выхаду з падземнага перахода, які вядзе ў «Менск-арэну» стаяць парожнія бутэлькі ад гарэлкі і піва, чаму людзі п’юць у грамадзкіх месцах, а міліцыя не рэагуе.

Той пачаў мне даводзіць, што ніякіх бутэлек ад гарэлкі там няма, а потым «запрасіў» мяне ў госьці. Я адмовіўся, але два амонаўцы адрэагавалі хутка і мяне пасадзілі ў цывільны мінівэн і адвезьлі ў міліцэйскі пастарунак Цэнтральнага раёна Менска.

Затрыманьне адбылося ў жывым эфіры і адзін з тых, хто яго глядзеў праз YouTube, слушна пракамэнтаваў раптоўнае спыненьне трансьляцыі:

«Ну вось і ўсё, а то неяк залішне добра выглядала».

У мяне не было ніякага жаданьня неяк супраціўляцца ці нешта даводзіць амапаўцам альбо супрацоўнікам міліцыі Цэнтральнага раёна, вырашыў паглядзець, што будзе далей, не выключаючы і арышту, бо на той момант у Беларусі ўжо было каля 30 палітвязьняў хакейнага чэмпіянату, прэвэнтыўна асуджаных ні за што апазыцыйных актывістаў.

Але мой уласны досьвед паказваў, што журналістаў у такіх выпадках усё ж часьцей адпускаюць без складаньня пратаколу.

Так яно ўрэшце і сталася. У пастарунак прыехаў прэсавы сакратар Менскай управы міліцыі Аляксандар Ластоўскі, распытаў падрабязнасьці нашага затрыманьня, пагутарыў з «тым бокам», тымі, хто затрымліваў, і вярнуў нашыя акрэдытацыйныя пасьведчаньні. Пасьля чаго нас адпусьцілі. Затрыманьне доўжылася ў рамках дазволенага законам тэрміну — меней за тры гадзіны.

Выглядала, што нас проста хацелі напалохаць. І, мабыць, спэцыяльна для гэтага завялі не ў адзін з кабінэтаў управы міліцыі, як гэта бывала пад час маіх папярэдніх затрыманьняў на акцыях апазыцыі, а ў так званы «абязьяньнік», адмысловы пакой з клеткай, які знаходзіцца адразу за пастом дзяжурнага па РУУС Цэнтральнага раёна Менска.

Як толькі за намі зачыніліся мэталічныя дзьверы, прайшоўшы калідорчык, мы прыпыніліся — у дзьвярным праёме «абязьяньніка» ляжаў мужчына з цалкам аголеным задам і моцна храпеў. Побач ляжаў ягоны абутак без шнуркоў. Насупраць яго сядзелі дзьве п’янаватыя кабеты, як высьветлілася пазьней, маці і дачка, давалі тлумачэньні. Міліцыянт запісваў іх паказаньні, потым зьвярнуў увагу і на нас, пачаў капіяваць нашыя дакумэнты.

У пакойчык гэты ўвесь час нехта заходзіў і выходзіў, мы ж стаялі прытуліўшыся да клеткі, сесьці не было дзе, ніхто асабліва не цікавіўся намі, але амапавец, які нас затрымаў, увесь час быў побач.

Тым часам прывялі нейкага грамадзяніна Расеі з Калініградзкай вобласьці, мы так зразумелі, што з-за наркотыкаў, у яго сапраўды былі нейкія шкляныя вочы. Ішло доўгае высьвятленьне ягонай асобы, бо дакумэнтаў пры сабе ў яго не было.

Хвілін праз 20 увялі маладога чалавека з няголеным і не зусім цьвярозым бацькам. Хлопцу праз месяц будзе 18, выглядала, што ён быў у стадыі наркатычнай ломкі, гучна крычаў, абражаў і міліцыянтаў і бацьку, абяцаў пераламаць ім рукі, чапляўся. Міліцыянты запіхнулі яго ў клетку, тады ён пачаў біць рукамі і нагамі ў краты, крычаць і абражаць яшчэ галасьней. Ён так моцна біў у кратаваныя дзьверы, што стукаў імі ў галаву распранутага п’янага мужчыны, які храпеў на падлозе, нягледзячы на вэрхал. П’яны прачнуўся, крыкнуў на хлопца ў клетцы, і той пераключыў сваю агрэсію на яго.

Амапавец зжаліўся і вывеў журналістаў у калідорчык. Пазьней мы маглі толькі
Мужчына ў цывільным завёў дзяцей у «абязьяньнік», сказаў: «Глядзіце, гэта бандыты і наркаманы», і вывеў назад
чуць, што там адбывалася далей.

Каб супакоіць хлопца за кратамі, ягоную руку кайданкамі прычапілі да верху клеткі. Ягоны бацька, які да таго сварыўся на сына і тлумачыў міліцыянтам, што нічога зь ім зрабіць ужо ня можа, што той ужо два гады наркаман, пад крымінальнай справай, тут рэзка зьмяніў сваё стаўленьне. "Ну, а так нельга, так нельга, нельга«,— прычытаў ён...

Хвілін праз 15 хлопец пачаў плакаць, прасіў адчапіць ягоную руку, казаў, што моцна баліць. Міліцыянт у адказ запалохваў: «Нічога, хутка рука анямее, і ты некалькі разоў страціш прытомнасьць».

Раптам з-за жалезных дзьвярэй увялі двух хлопчыкаў гадоў па 10. Няўжо і такіх тут затрымліваюць, спалохаліся мы. Але мужчына ў цывільным завёў дзяцей у «абязьяньнік», сказаў: «Глядзіце, гэта бандыты і наркаманы», і вывеў назад. «Ага, такая вось прафіляктыка»,— здагадаліся мы.

«Пакуль, журналісьцікі!"— сказалі нам жанчыны, якіх міма нас выводзілі на волю, за жалезныя дзьверы. Вывелі і п’янага, які голым храпеў на падлозе, і наркамана з Калінінградзкай вобласьці, і бацьку хлопца, які знаходзіўся ў клетцы... Калі мы выходзілі на волю, у пакоі-абязьяньніку заставаўся толькі гэты хлопец, які ўжо не крычаў, ня плакаў, а панура стаяў і хлюпаў носам, прыкаваны кайданкамі да бакавой сьценкі клеткі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG