Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Што яны думаюць: сказалі „цыц“, а я пабег?» — у Бабруйску звольнілі за галадоўку пратэсту


З Бабруйскага заводу трактарных дэталяў і агрэгатаў звольнены актывіст Свабоднага прафсаюзу Беларускага Віктар Осіпаў.

Фармальная прычына — сканчэньне тэрміну працоўнага кантракту. Актывіст жа лічыць, што кантракт зь ім не падоўжылі з прычыны ягонага сяброўства ў незалежным прафсаюзе. У сакавіку ён разам зь дзевяцьцю паплечнікамі ўдзельнічаў у галадоўцы супраць дыскрымінацыі працоўных, якія на заводзе ўваходзяць у суполку свабоднага прафсаюзу. Галадоўнікі не выключаюць, што іх пакрысе пазвальняюць гэтаксама, як і Осіпава.

Віктар Осіпаў кажа, што адпрацаваў на заводзе дзесяць гадоў на розных вытворчых участках. Сур’ёзных нараканьняў на ягоную працу не было. Не хавае, што спадзяваўся на іншае рашэньне адміністрацыі, бо калектыў прасіў не звальняць яго.


«Мой непасрэдны начальнік ня быў супраць маёй працы. І ўвесь калектыў, які са мной працаваў, зьвярнуўся з калектыўным лістом да адміністрацыі, — даводзіць Віктар Осіпаў. — Са мной не падоўжыў кантракту, груба кажучы, намесьнік дырэктара па ідэалягічнай частцы. Паколькі я ўдзельнічаў у галадоўцы і сябра Свабоднага прафсаюзу, то былі праігнараваныя ўсе хадайніцтвы калектыву і характарыстыкі, паводле якіх я не парушаю дысцыпліны і наагул нармальны працаўнік. Меркаваў, аднак, што хадайніцтвы паўплываюць на нешта».


Суразмоўнік пагаджаецца: калі б выйшаў зь незалежнага прафсаюзу, то застаўся б на заводзе. На такі крок, кажа актывіст, наважыцца ня меў права:



«Як я выйду з прафсаюзу? Навошта тады ў яго я ўступаў? Што яны думаюць: прыйшлі сказаць „цыц“, я спалохаўся і адразу пабег? — даводзіць Віктар Осіпаў. — Ім прасьцей кіраваць бязвольным „народцам“. А мы такія людзі, што патрабуем справядлівасьці».


У працоўным калектыве пацьвярджаюць, што зьвярталіся да кіраўніцтва заводу, каб Віктара Осіпава не звальнялі. Зварот, аднак быў праігнараваны. А якою была рэакцыя калектыву на рашэньне адміністрацыі, пытаюся ў аднаго з працаўнікоў, які паставіў подпіс пад зваротам:


«Незадавальненьне і абурэньне, вядома ж, былі. Але зрабіць жа мы нічога ня можам. Мы што, павінны былі стачку ўзьняць? Свабодны ж прафсаюз, наколькі я разумею, — арганізацыя, дазволеная дзяржавай. Дык чаму з боку кіраўніцтва ідзе ганьбаваньне гэтага прафсаюзу? Калі шчыра, то абурэньне ёсьць, але што нам рабіць далей, скажыце?»


Суразмоўнік цьвердзіць, што трохдзённая галадоўка сяброў Свабоднага прафсаюзу не была дзейснай. На пазыцыю адміністрацыі прадпрыемства яна не паўплывала.

Паплечнікі Віктара Осіпава, якія ўдзельнічалі ў галадоўцы, кажуць, што перасьледу за яе пакуль ня мелі. Адзін зь іх, Генадзь Лабачоў, мяркуе:


«Пакуль у нас ціха ў гэтым пытаньні. Але, можа, і астатніх па заканчэньні кантракту гэтак жа пазвальняюць».


На ягоную думку, засьцерагчыся ад звальненьня пры цяперашняй кантрактнай сыстэме немагчыма.

Аксана Кернажыцкая таксама галадала. У яе кантракт сканчаецца ў жніўні 2015 году. Працаўніца спадзяецца, што яго працягнуць. Хоць і не выключае, што можа паўтарыць лёс таго ж Осіпава. Пакуль жа перасьледу за акцыю пратэсту не адзначала:


«У мяне дзіця непаўналетняе, дык як яны са мной будуць паступаць я ня ведаю. Толькі такім чынам яны будуць з намі распраўляцца», — падсумоўвае працаўніца.


Старшыня заводзкай суполкі Свабоднага прафсаюзу Беларускага Міхаіл Кавалькоў спадзяваўся, што рэакцыя калектыву на звальненьне Осіпава паўплывае на пазыцыю адміністрацыі прадпрыемства. Але, як ён прызнае, чаканьні ня спраўдзіліся. Закон на баку наймальніка. Як зьбіраецца прафсаюз рэагаваць на звальненьне чарговага актывіста, Кавалькоў пакуль канкрэтна адказаць не гатовы.


«Ну, толькі калі яшчэ раз галадоўку абвяшчаць больш масавую. Падтрымка каб была ня толькі з заводу, але і зь іншых прадпрыемстваў гораду і нават краіны», — разважае Міхаіл Кавалькоў.


Галадоўку дванаццаць працаўнікоў заводу трымалі тры дні. Удзельнікі акцыі пратэсту патрабавалі ад адміністрацыі спыніць перасьлед працаўнікоў за прыналежнасьць да Свабоднага прафсаюзу, пачаць перамовы з суполкай у справе выпрацоўкі і заключэньня працоўнай дамовы, а таксама скасаваць дыскрымінацыйныя пункты калектыўнай дамовы. Сярод патрабаваньняў значыцца і выкананьне пастановы суду аб допуску старшыні суполкі Кавалькова на тэрыторыю прадпрыемства. Таксама галадоўнікі патрабавалі выдзеліць пад сядзібу суполкі памяшканьне на тэрыторыі заводу.

Адміністрацыя прадпрыемства ня выканала патрабаваньняў галадоўнікаў. У кіраўніцтве заводу заяўлялі, што акцыі пратэсту наагул не было. Міхаіл жа Кавалькоў лічыць, што галадоўка прыцягнула ўвагу грамадзкасьці да самаўпраўства на заводзе. Некалькі міжнародных прафсаюзных арганізацыяў запатрабавалі ад адміністрацыі заводу спыніць перасьлед сяброў Свабоднага прафсаюзу Беларускага, якія працуюць на прадпрыемстве.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG