Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Слуцкі пас — на абраз?


Звычайна, прымаючы падарункі, Аляксандар Лукашэнка тут жа перанакіроўвае іх у музэй, што месьціцца ў тыльнай частцы ягонай рэзыдэнцыі. Людзі дасьведчаныя кажуць, што тыя дарункі сапраўды хутка ператвараюцца ў музэйныя экспанаты — пад хакейныя клюшкі, тэнісныя ракеткі, макеты самалётаў, карціны, кнігі і г.д. ледзь пасьпяваюць рабіць экспазыцыйныя стэнды. Відаць, у тым музэі ўжо было падрыхтавана месца і для чарговага дарунка, які плянавалася прывезьці ў прэзыдэнцкім картэжы са Слуцка. Ну так, слуцкі пояс. Але здарылася непрадбачанае. Прыняўшы пояс з рук самай галоўнай ткачыхі, Лукашэнка раптам... пацалаваў яго. Цагліну ад Чавэса не цалаваў, ракетку ад Азаранкі — таксама, а тут — прыклаўся. І як было той пацалаваны пояс пакласьці ў агульную экспазыцыю? Калі ён вунь для каго — сьвятое штосьці? Поруч з цаглінай нябожчыка Чавэса сьвятыні ляжаць аніяк не выпадала. І паклалі той пояс зусім асобна — у новазбудаваным Палацы Незалежнасьці, у адмысловай зашклёнай вітрыне. Што ж, там месца сапраўды куды больш ганаровае.

Яшчэ ў Слуцку, узважваючы той пояс у руках, Аляксандар Лукашэнка сурова дапытаў дырэктарку фабрыкі: ці адпавядае даўжыня і шырыня гістарычным аналягам? Пачуўшы станоўчы адказ, пацікавіўся попытам. Тут дырэктарка трохі разгубілася і няўпэўнена далажыла, што тавар расходзіцца някепска. Гэтае няўпэўненае «някепска» відавочна не спадабалася Лукашэнку, і ён выклаў сваё бачаньне ўжытковасьці слуцкіх паясоў. Маўляў, у кожнай хаце ёсьць абразы, і паясам пры іх — самае месца.

Зразумела, ніхто са сьвіты не асьмеліўся ўдакладніць, што абразы ў Беларусі спрадвеку ахіналіся ручнікамі-набожнікамі, а не паясамі. Паясамі падпярэзваліся. Часам, праўда, зь іх шылі сьвятарскае ўбраньне — арнаты, але каб на абразы вешаць... У ручніка і пояса ўсё ж абсалютна рознае практычнае і сакральнае прызначэньне. Ахінаць абраз у зьняты з паясьніцы пас, хай сабе і з уласнай слуцкай ці нясьвіскай персіярні, не дадумаўся ў свой час нават самы эксцэнтрычны з Радзівілаў — Пане Каханку. Гэта выглядала б адназначным блюзьнерствам.

Увогуле, канвэерны выпуск слуцкіх паясоў у ХХІ стагодзьдзі — праект, мякка кажучы, сумнеўны. Каму іх зьбіраецца збываць слуцкая фабрыка? Ну добра, сотні дзьве-тры беларускія амбасадары расьпіхаюць на дыпляматычных прыёмах. Пакуль дыпляматы разьбяруцца. А разабраўшыся, прымаць, вядома ж, і надалей будуць (падараванаму каню ў зубы не заглядаюць), але ставіцца да падробак, да таго ж непрыдатных у практычным ужытку, будуць адпаведна.

Чаму я кажу пра падробкі? Ды таму, што на выраб аднаго сапраўднага слуцкага пояса Радзівілы выдаткоўвалі са сваёй скарбніцы ад 60 да 200 грамаў золата. «Ткаць залатыя паясы» — гэта не паэтычная прыдумка Максіма Багдановіча. Яны насамрэч былі залатыя. На слуцкай персіярні выкарыстоўваліся адмысловыя залатыя ніткі. Я магу прыпусьціць, што пояс, падараваны Лукашэнку, маглі трохі пазалаціць. Але залаціць пры канвэернай вытворчасьці — тут аніякага залатога запасу ня хопіць.
Слуцкія паясы
Слуцкія паясы

Таму рэклямаваныя ў дзяржаўных СМІ вырабы насьпех запушчанай фабрыкі «Слуцкія паясы» належыць разглядаць усё ж як падробкі. Гэта як сувэнірныя стодаляравыя купюры ці альбомныя рэпрадукцыі космавізіяў Язэпа Драздовіча. Зрэшты, кожнаму сувэніру свой ужытак знойдзецца. А дзе будуць ужывацца тыя паясы? Паўтараю — імі падпярэзваліся. Падпярэзвалася шляхта паўзьверх кунтуша. Выйсьці ў слуцкім поясе — гэта быў своеасаблівы рытуал. Як гэты рытуал упішаш у сучаснасьць? Аніяк.

Выкарыстоўваць паясы як пано? Тады навошта іх рабіць трохмэтровымі? Ці ня лепш адразу на закупленым у Нямеччыне дарагім абсталяваньні вырабляць пано і насьценныя дываны? А на тых дыванах і пано вытыкаць, як тое даўно практыкуецца на ўсходзе, розныя патрэбныя абліччы. Прылятае ў Менск які-небудзь шэйх ці султан — а прыміце, панок, ад нас дыванок. Глядзіш, і перамовы пайшлі б больш жвава і зацікаўлена. У іх так прынята.

У нас гэтая ўсходняя традыцыя чамусьці не прыжылася. Кажуць, габэлен веку Аляксандра Кішчанкі ўжо даеў моль. Шкада, вядома ж, працы мастака і ткачыхаў. Але ж габэлен той ад пачатку выглядаў парадыйна — хто з палітыкаў на ім ніжэй, хто вышэй, хто — зь німбам, хто — без... Як парадыйна ў пачатку 90-х гучаў і перароблены кімсьці з дасьціпнікаў багдановічаўскі хрэстаматыйны верш «Слуцкія ткачыхі»: «Цямнее край зубчаты бору, / і тчэ, забыўшыся, рука / заміж пэрсідзкага узору / партрэт Зянона Пазьняка».

Творы мастацтва падрабляюцца хіба столькі часу, колькі існуе само мастацтва. І слуцкія паясы — не вынятак. Яшчэ дзьвесьце гадоў таму францускія шахраі на мануфактуры ў Ліёне капіявалі вырабы слуцкай персіярні і нават вышывалі на іх фірмовы знак: Me fecit Sluciae (мяне зрабіў Слуцак). Зьяўляліся падробкі і ў іншых месцах. Паводле падлікаў мастацтвазнаўцы Маі Яніцкай, у сьвеце існуе каля тысячы (!) несапраўдных слуцкіх паясоў. І адрозьніць іх часам бывае няпроста. Падробкі трапілі нават у рыхтаваны спэцыялістамі альбом зь няўдалай назвай «Слуцкие пояса в граде Слуцке» (2006). Са зьмешчаных там 57 выяваў 17 — гэта падробкі, што, безумоўна, зьніжае вартасьць згаданага альбому ў вачах калекцыянэраў.

Кошты арыгінальных слуцкіх паясоў на замежных аўкцыёнах даходзяць да 300 000 даляраў. Колькі каштавацьмуць падробкі? Ці хоць акупіць сябе слуцкая фабрыка? І ўвогуле, як выглядацьме ў сьвеце дзяржава, якая будзе пастаўляць на экспарт загадзя сумнеўны тавар? Не наладзіла ж масавы выпуск напалеонаўскіх трохвуголак Францыя ці каралеўскіх батфортаў Вялікабрытанія. А пояс — гэткі ж самы элемэнт адзеньня, як і трохвуголка. Трохвуголку пад кардэнаўскі гарнітур не надзенеш. І слуцкі пояс на фуфайку ці палітончык аршанскага вырабу не завяжаш. Дык каму і навошта патрэбная гэтая авантура са слуцкімі паясамі?

Ці ня лепей было б бюджэтныя сродкі, пушчаныя на фабрыку ў Слуцку, дзе ўсё нібыта па-людзку, патраціць на набыцьцё арыгінальных паясоў, якіх у розных краінах зьбераглося нямала? Хай бы беларуская дзяржава ня дзейнічала па-шахрайску, а ўзяла прыклад са сьветлай памяці гісторыка Генадзя Каханоўскага. Будучы дырэктарам Менскага абласнога музэю (знаходзіцца ў Маладэчне), ён у свой час паехаў у Маскву, знайшоў там кіраўніка Расейскага дзяржаўнага музэю Васіля Вярбіцкага (беларуса з паходжаньня) і выменяў у яго слуцкі пояс. Думаецца, падобны абмен магчымы і сёньня, і за які-небудзь парадны партрэт расейскай імпэратрыцы ў Маскве ці Пецярбургу далі б не адзін пояс. А ў нашым Мастацкім музэі заадно і месца ў сталай экспазыцыі вызвалілася б — для сваіх шэдэўраў.

Павязаныя паўзьверх кунтушоў слуцкія залататканыя паясы сымбалізавалі гонар, годнасьць і нябедны статус беларускіх шляхцічаў. Трапляліся паясы і з Пагоняй, што ўвогуле выглядала пэўным выклікам з гледзішча Расейскай імпэрыі. Нездарма ўлады тае самае імпэрыі, далучыўшы «под сень двуглавого орла» беларускія землі, забаранілі і шляхту, і кунтушы, і паясы.

Сумняваюся я, што Пагоня трапіць на сучасныя паясы. Застанецца на іх хіба бяскрыўдны кветкавы арнамэнт. Як там у народзе спрадвеку гаварылася? Няма цьвяточка над васілёчка...

У 1944-м, пасьля савецкай нацыяналізацыі віленскага Музэю імя Івана Луцкевіча, жонкі менскіх партбосаў са слуцкіх паясоў шылі сабе... тапачкі. Расказваў мне пра гэта Максім Лужанін — чалавек у музэйных справах дужа дасьведчаны. А расказаўшы, прачытаў, памятаю, адзін са сваіх вершаў, зь якога засеў у маёй памяці радок: «І падасца радзіма дзіўнóю Турэччынай».

Тапачкі са слуцкіх паясоў... Баюся, падобнае абясцэньваньне чакае і паясы сучасныя, калі запрацуе на поўную магутнасьць канвэер слуцкай фабрыкі. Масавага попыту на іх быць ня можа, калі, вядома, не чапляць тыя пасы на абразы, як заманулася аднаму праваслаўнаму атэісту.
  • 16x9 Image

    Міхась Скобла

    Міхась Скобла нарадзіўся ў 1966 годзе на Гарадзеншчыне. Скончыў філфак БДУ, працаваў у Міністэрстве культуры і друку, у рэдакцыі часопіса «Роднае слова», у выдавецтве «Беларускі кнігазбор». Сябра СБП і БАЖ.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG