Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На будаўніцтве Беларускай АЭС — аўрал


Працы на будаўніцтве другога блёку Беларускай АЭС вядуцца з апярэджаньнем графіку на 6—8 месяцаў.

Пра гэта заявіў галоўны інжынэр прадстаўніцтва ЗАТ «НІАЭП» (генэральнага праекціроўшчыка БелАЭС) Юры Нярэцін на канфэрэнцыі «Атамэкс—Беларусь». Галоўны інжынэр паведаміў, што зараз укладзена каля 54 тысяч кубамэтраў бэтону і 13 тысяч тон мэталаканструкцыяў. А намесьнік міністра энэргетыкі Беларусі Міхаіл Міхадзюк адзначыў, што датэрміновы запуск атамнай станцыі будзе мець станоўчы эфэкт для эканомікі краіны.

Фізык, сябра ініцыятывы «Навукоўцы — за бязьядзерную Беларусь» Юры Варонежцаў кажа, што ў яго ёсьць сумневы адносна паскораных тэмпаў будаўніцтва Астравецкай АЭС:
Юры Варонежцаў
Юры Варонежцаў
«Таму што гісторыя разьвіцьця атамнай энэргетыкі ня ведае такіх хуткіх тэмпаў. Як правіла, атамныя станцыі насамрэч будуюцца на год-два даўжэй, а то і ў два разы даўжэй, чым заплянавана. Нават фіны, якія славяцца сваёй пунктуальнасьцю і дакладным выкананьнем тэхналёгіі будаўніцтва, ужо зацягнулі практычна будаўніцтва сваёй атамнай станцыі. І ў два разы вырасьлі выдаткі. Таму, магчыма, у Астравецкую АЭС ўклалі ўдвая больш бэтону, чым плянавалася. Але гэта ня можа быць зьвязана з сур’ёзнымі высокатэхналягічнымі этапамі будаўніцтва.

Літоўцы і расейцы адмаўляюцца ад будаўніцтва атамных станцыяў у паўночна-заходнім рэгіёне. І зразумела, чаму адмовіліся — тая ж плянаваная АЭС пад Калінінградам ня будзе мець збыту сваёй прадукцыі анідзе, акрамя вось гэтага анкляву. Таксама і Беларуская АЭС, якая загадзя плянавалася як экспартна арыентаваная, ня будзе мець збыту сваёй прадукцыі. Тым больш, ужо вядома, што літоўцы зьбіраюцца дэцэнтралізаваць сваю энэргетычную сыстэму і сынхранізаваць яе з сыстэмай Эўразьвязу».
Георгій Лепін
Георгій Лепін
Фізык, доктар тэхнічных навук, прафэсар, ліквідатар Георгій Лепін узгадаў, што Чарнобыльскую АЭС таксама будавалі ўдарнымі тэмпамі і датэрмінова здалі ў эксплюатацыю... На яго думку, такое высокатэхналягічнае, складанае збудаваньне небясьпечна ўзводзіць такімі хуткімі тэмпамі:

«Гэта будаўніцтва наагул трэба спыніць, як замарозілі будаўніцтва Балтыйскай АЭС пад Калінінградам. Беларуская АЭС згубіла ўсялякі сэнс. Яна непатрэбная і зробіць вялікую шкоду ня толькі навакольнаму асяродзьдзю, але і энэргетыцы. Усе суседнія краіны адмовіліся купляць яе электраэнэргію».

У 2013 годзе на праект Беларускай АЭС было патрачана 420 мільёнаў даляраў. У 2014 годзе на будаўніцтве АЭС плянуецца засвоіць 470 мільёнаў даляраў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG