Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Замест чыстай вады — мэтадычныя дапаможнікі


Дэпартамэнт па ліквідацыі наступстваў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС Міністэрства надзвычайных сытуацыяў выдаткоўвае мільярды рублёў на мэтадычныя дапаможнікі ды сувэніры. Тым часам у жыхароў чарнобыльскіх рэгіёнаў адабралі льготы, бракуе грошай на гаспадарчыя патрэбы, чыстую ваду, добрую пашу для жывёлы.

У Брагіне, які асабліва моцна пацярпеў ад Чарнобылю, людзі дагэтуль пакутуюць ад няякаснай вады. Станцыю абезжалезьваньня вады тут пабудавалі, а водаправодная сыстэма засталася ранейшая.

Гаворыць жыхар Брагіна, працаўнік мясцовай камунальнай гаспадаркі спадар Уладзімер:

«У нас дзьве сьвідравіны, і вада зь іх цячэ сьмярдзючая. Усе трубы па Брагіну гнілыя. Вада чорная ідзе, і то зь перабоямі, бо ледзь ня кожны дзень капаюць.

Увесь Брагін гнілы. Са станцыі падаецца чыстая вада — праз крэмній ачышчаецца і абезжалезьніваецца. А далей пайшла брудная, бо трубы свой тэрмін адслужылі. Ад таго й брудная. Штодня прывозяць нават з райвыканкаму і паказваюць: вось бачыце, вада брудная, чарвякі плаваюць... А ім мэтадычкі патрэбныя».

Каб прабіць адну сьвідравіну, трэба мільярд рублёў, ня кажучы пра замену трубаў састарэлага вадаводу. Як лічыць суразмоўца, не мэтадычкі патрэбныя людзям, а чыстая вада:

«Трэба пусьціць у Брагіне людзям чыстую ваду, а не буклецікі іхнія ды запісачкі. Каму яны патрэбныя, іхнія мэтадычкі? Людзям яны сто гадоў не патрэбныя».

Раней у райцэнтры ўзводзілася нямала так званага чарнобыльскага жытла. Сёлета, як паведамляюць у райвыканкаме, фінансаваньне яго таксама істотна зьменшылася:
Трэба пусьціць у Брагіне людзям чыстую ваду, а не буклецікі іхнія ды запісачкі

«Будаўніцтва чарнобыльскага жытла ў нас заўсёды вялося. Сёлета ж у нас толькі 6 двухпакаёвых і 1 трохпакаёвая кватэра фінансуюцца, а павінны ўсе 24 — цалкам дом. Няма фінансаваньня. Толькі долевы ўдзел магчымы — тыя, хто стаіць на ўліку, за ўласныя сродкі каб будавалі. Бралі крэдыты й будавалі».

Многія чарнобыльскія вёскі, маючы пад бокам магістральныя газаправоды, самі прыродным газам не карыстаюцца. Няма сродкаў, каб зрабіць адгалінаваньне ў вёску.

Пэнсіянэр Анатоль зь вёскі Гдзень, якую пасьля Чарнобылю двойчы адсялялі, але так цалкам і ня выселілі, апавядае пра мясцовыя праблемы:

«Гадоў пяць-шэсьць таму, калі я цікавіўся, казалі што будзем газыфікаваць вёску. Цяпер ужо Гдзень — непэрспэктыўная вёска. Мэліярацыя нам патрэбная ў першую чаргу, бо падтапляе людзкія ўчасткі, у склепах вада стаіць. Добра, што сёлета сьнегу не было, а так у астатнія гады — вада».

З падобнымі ды рознымі іншымі побытавымі пытаньнямі людзі сутыкаюцца ня толькі на Брагіншчыне, але і на іншых чарнобыльскіх тэрыторыях. Улады ня ў стане іх вырашыць, бо няма фінансаваньня.

Былы старшыня камісіі па чарнобыльскіх пытаньнях у Вярхоўным Савеце 13 скліканьня Віктар Хоміч дадае:

«Трэба выконваць закон аб сацыяльнай абароне. Людзям трэба вярнуць ільготы, якія ў іх забралі. Бо яны жывуць на тэрыторыі, што пацярпела ад чарнобыльскай катастрофы. А фактараў катастрофы шмат, ня толькі адзін радыяцыйны. Гэта і псыхалягічны, і эканамічны, і сацыяльны, і прававы — яны ж і сёньня нікуды ня зьніклі. Мы не кампэнсавалі людзям страты, якія яны панесьлі і нясуць, жывучы на забруджаных тэрыторыях. І ў гэтым напрамку нічога ня робіцца. Людзям патрэбны іншы сацыяльны статус. У іх павінна быць іншае харчаваньне, адпачынак. Грошай на гэта няма — і там нічога з гэтага ня робіцца».

Тым часам Дэпартамэнт па ліквідацыі наступстваў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС на распрацоўку мэтадычных дапаможнікаў накіроўвае 4,4 мільярда рублёў, на дыстанцыйнае кансультаваньне — 2 мільярды, на інтэрнэт-партал — 2 мільярды, на фонд інфармацыйных рэзэрваў — 2,9 мільярда, а яшчэ дзясяткі мільёнаў — на сувэніры.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG