Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Цьвяток радзімы


Таямніца папараць-кветкі, якая вякамі не давала спакою нашым няўседлівым продкам, была разгаданая толькі ў другой палове дваццатага стагодзьдзя. Менавіта тады, калі БССР зрабіла свае самыя вялікія посьпехі ў сацыялістычным будаўніцтве, безь якога і сто нармальных кветак ніколі не расьцьвітуць, а пагатоў такая несьвядомая расьліна, як папараць.

Раней, да рэвалюцыі, паддаўшыся купальскаму памарачэньню, людзі хадзілі безь ліхтарыкаў па лясных масівах, калоліся йголкамі, парушалі правілы пажарнай бясьпекі, наступалі на зьмеяў, натыкаліся на партызанскія банды лесуноў, а часам дык і наагул назаўжды зьнікалі ў падступнай цемры. Але, як высьветлілася, усё было даволі проста. Бярэш кіляграм курынага філе, звычайны батон (а не якую-небудзь чабату, прыдатную хіба для папарацы, але не для папараці)... А яшчэ: «матка, яйка, млека, шпэк!», ды сыру любога, ды масла, ды солі жменьку і перцу чорнага. Пракручваеш філе, загортваеш у фарш каўбаскі з сыру і масла і, абкачаўшы ў крошках батону, абсмажваеш спачатку на моцным агні, а потым хвілінак пяць на слабым.

Можна, вядома, зрабіць усё гэта галяком і з парэзанымі рукамі — калі маеш прыхільнасьць да традыцый. Негігіенічна, затое прыгожа і ў поўнай адпаведнасьці з інструкцыяй да нацыянальнай духоўкі.

Галоўнае — цыбулю не дадаваць. Ня будзе таго смаку, дый продкі так не рабілі. Цыбуля — мадэль часу, сабраная прыродай. А продкі шукалі шчасьце — якое з часам ну ніяк не спалучаецца. Шчасьце — гэта дэлікатэс.

У Беларусі «Папараць-кветкай» любяць называць што пад руку трапіць. Ня толькі катлету, але, напрыклад, і фэстываль студэнцкіх харавых калектываў. Таксама ў нейкім сэнсе купальская оргія. Але больш за ўсё ў нас любяць называць імем сакральнай расьліны кафэ і рэстарацыі — самых розных нацэначных катэгорый. Назвы гэтыя, можа, і дадаюць нацыянальнага калярыту ў нью-маскоўскі краявід, але, калі разабрацца, выглядаюць даволі злавесна. Ці хутчэй так: рамантычна-злавесна.

Прыгадваецца расейская гісторыя з аптэчнай сеткай, якую нехта разумны назваў прыгожым словам «Медея». У ім, здаецца, і неабходны тэматычны «мед» ёсьць, і слоўца надта ўжо мілагучнае. Усё так, калі забыцца, хто такая была тая самая Мэдэя і які сьлед па сабе пакінула. Прынамсі, па дзіцячыя лекі ў такую аптэку ісьці сапраўды неяк страшнавата...

Кожнага, хто знаёмы з Купалавай творчасьцю (а такіх прымусовых добраахвотнікаў у Беларусі хапае), назва «Папараць-кветка» таксама мусіла б насьцярожыць. «Чуць толькі купальскае сьвята набліжыцца ночкай сваей, як папараць-кветкай заклятай чаруе няшчасных людзей...» Папараць-кветка ў Купалы такая, якой, відаць, яна і задумвалася рэжысэрамі народных паданьняў. Злавесны сымбаль чалавечае Апантанасьці. Марнасьці і мітусьні, адданасьці ілюзіям, увасабленьне адвечнай чалавечай прагі мець усё і адразу, і каб за гэта нічога не было. Што робяць гэтыя «няшчасныя» людзі?

«З надзеяй, і верай, і сілай
Зусюль, куды б дзе ні зірнуць,
Праз высі, даліны, магілы
У „Папараць-кветку“ бягуць!..»

Добрая была б рэкляма для абшчапіту. Калі б ня сумны аўтар, які напрыканцы з уздыхам карэспандэнта канстатуе: «Сьлед костачкі сьцелюць — услалі, здаецца, ўжо час аддыхнуць». Але ўсё роўна — «мільёны» па кветку бягуць і ўсё тут. Голыя, амбітныя, з прагай ведаць усё і ўсё спазнаць. Не баяцца ні бога, ні чорта, опэргрупа якога на ўсялякі выпадак дзяжурыць на лясных сьцежках.

А як жа тыя рамантычныя закаханыя, якія, пакінуўшы ля вогнішча ворах майтак, станікаў, маек і шортаў і моцна ўзяўшыся за рукі, выпраўляюцца ў поўную ворахаў і шэптаў ноч? Ім таксама хочацца шчасьця тут і цяпер і ня хочацца зважаць на час. Яны — купальскія Боні і Клайд. Такія сабе камсамольцы дваццатых, якія думаюць, што яшчэ трошкі — і яны перакуляць сьвет, а не атрымаецца, дык будзь што будзе. «І папараць-песьню трымалі ў зубах», — як пяецца ў той савецкай песьні. Нам бы толькі ноч прастаяць ды дзень пратрымацца. Мы любім кантрасты, таму і ходзім голыя па лесе летняй ноччу. Нам хочацца свабоды — адразу пасьля рабства, дабрабыту — адразу пасьля галечы, хочацца ведаў — без вучобы, хочацца нобэляў — членам савецкіх саюзаў. Рабі меней, зарабляй болей, як пішуць на абвестках. І хочацца працаваць, як у СССР, а жыць, як у Эўразьвязе, плаціць за кватэру і транспарт як у РБ, а атрымліваць, як у Нямеччыне ці Нарвэгіі. Хочацца пляваць на ўсіх — і каб нас любілі. Хочацца знайсьці папараць-кветку — як дармавую катлету. Але шчасьце так не шукаюць. Не абабраўшы цыбуліну часу і не паплакаўшы над ёй удосталь, колькі трэба.

Не, асабіста я, калі знайду, адмаўляцца ня буду. Мне яна дзеля іншых мэтаў патрэбная. Які ж перакладнік адмовіцца ведаць усе мовы сьвету? І нарэшце можна будзе заняцца археалёгіяй. А яшчэ зразумець, чорт вазьмі, што меў на ўвазе Джойс, калі пісаў «Finnegans Wake».
Малюнак: П. Tатарнiкаў (c) 2014
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG