Мы, беларусы, мірныя людзі. Злавіўшы некалі бусла, мы ня сталі запякаць яго ў мёдзе і гарчыцы і халадзец зь яго варыць таксама ня кінуліся. Мы проста пасадзілі яго ў літаратуру — дастаткова прасторную, каб у ёй можна было распрастаць крылы і нават зьвіць невялікае гняздо, і пачалі па чарзе фатаграфавацца на фоне гэтай шыкоўнай клеткі. І паказваць усім сваю здабычу. Глядзі: вось я, вось хата (не мая), вось Саўка (ды ня ў тых санках), а гэта... Гэта бусел, які так добра рыфмуецца зь Беларусьсю, што кожнаму хочацца зрабіцца паэтам.
Беларуская літаратура і так арніталягічная па самую дзюбу, але пра буслоў у нас заўжды баялі казкі-сны з асаблівым прыдыханьнем. Пакуль іншыя пісалі пра чалавека, малога і Зь вялікай літары, беларусы абралі героем бусла і не прагадалі. Бусел у беларускі суд не паляціць, ён любіць сяліцца там, дзе людзі. Наш бусел апісаны так падрабязна, што калі ён і наважыцца на ўцёкі са сваёй турмы, яго без праблем можна будзе затрымаць, абясшкодзіць і вярнуць у гурмы сьвятога чалавечага грумінгу. Бусла пазнае нават той, хто яго раней ніколі ў жыцьці ня бачыў. Пазнае і закрычыць: «Папа, смотрі, какая цапля некрасівая!»
Бусел мусіць арбайтэн. Самы знакаміты беларускі бусел працуе будзільнікам, седзячы на ліпе. Запраграмаваны на клёкат, будзіць сонныя нацыянальныя ўспаміны. Пара ўставаць! Para que la vida? Тыя самыя гукі даносяцца і з Коласавага раю. Раю:
«А на дубах, як шапкі тыя,
Чарнеюць гнёзды буславыя.
Буслы клякочуць, бусьляняты
Пішчаць жалобна, як шчаняты,
Насы закідваюць угору
І просяць есьці ў сваю пору.
А там, дзе бусьлікі ўздужалі,
Іх пачынаюць вабіць далі;
Яны пачулі ў сабе сілы,
Яны разводзяць ужо крылы,
Ўгару на локаць падлятаюць,
Паветра ловяць, заграбаюць
І неуклюднымі нагамі
Танцуюць сьмешна над дубамі».
Ну як такіх зьясі — якія танцуюць сьмешна пад дубамі? Як пасьля гэтага пальцы аблізваць? Лепш ужо жалудамі абжэрціся. Магчыма, карані вэгетарыянскага стаўленьня да буслоў тут — у цёмным беларускім татэмным «там». Бусла продкі беларусаў паліткарэктна называлі братам. Аднаногім яго тады абзываць баяліся. Татэмізм — штука тонкая...
Хаця, калі верыць некаторым літаратарам, бусел — гэта істота, якая мае дачыненьне хутчэй да паліграфіі, чым да жывой прыроды. Паводле Віктара Шніпа, бусел падобны да кнігі ў руках Скарыны. Пімен Панчанка называе чорных буслоў лістамі ад продкаў. А з Васілём Віткам бусел вядзе размову пра кнігавыданьне і раіць таму аформіць у СП БССР камандзіроўку на бусьлянку, каб на свае вочы пабачыць, чым жывуць савецкія буслы і як выконваюць пяцігадовы плян.
«Афармляй камандзіроўку.
Захапі з сабой вяроўку.
Прывяжу я на вяршыне
І спушчу табе канец...»
Вяроўку ў СП БССР аўтару выдалі. Камандзіроўка ўдалася на славу.
Далей за ўсіх у асэнсаваньні бусла пайшоў вядомы наватар Пятрусь Броўка. Ён лоўка параўнаў белакрылага птаха з самалётам Ту-104. Па сукупнасьці агульных прыкметаў, напэўна.
На бусла павесілі такую адказнасьць, што яму ў нас нялёгка. Ён адказвае за лягістыку і за лёгіку, за нараджальнасьць і экалягічную раўнавагу, за этыкеткі і лягатыпы, за назвы і прозьвішчы, за мір, прыгажосьць і розум: «бусел — сымбаль міралюбства, прыцішанага хараства і патаемна-мудрай сілы», тлумачыць адзін зь беларускіх пісьменьнікаў, чаму бусел — стратэгічна важная для краіны птушка.
Беларускі бусел дрыжыць ад натугі. Ён нараджае каня. Цяжкая задача для істоты, якая за тысячагодзьдзі эвалюцыі звыклася адкладваць яйкі. Але буслу трэба ўвесь час даказваць, што ён тут не дарэмна. Што беларуская прымаўка «хутчэй бусел жарабя ўродзіць» даўно састарэла. Што ў наш час магчыма ўсё і нараджаюць нават мужчыны, а жыць можна ня толькі верай у сымбалі і любоўю да нацыянальнага кічу.
Гэта ў іншых краінах бусел ляціць у заслужаны адпачынак зь візай Выраю на белым крыле. Ад нас ён уцякае ў Паўднёвую Афрыку — калі можа. Ды толькі інстынкт — рэч мацнейшая за свабоду. Бусел вяртаецца, каб зрабіць немагчымае. Прымірыць усіх. Як сьмерць, якая, на жаль, таксама здатная зрабіцца кічам.
У Борхеса ёсьць такое апавяданьне: «Сьмерць і бусел». Ну добра, «Сьмерць і бусоль», якая розьніца. У ім недзе бліжэй да канца ёсьць сказ, які мяне некалі вельмі ўразіў. Героя, які разгадаў адну вялікую таямніцу, зьбіраюцца забіць. «Ужо сьцямнела, з пыльнага саду пачуўся бессэнсоўны, непатрэбны крык птушкі». Бессэнсоўны і непатрэбны. Але калі герой усё ж так выразна чуе яго перад сьмерцю — значыць, у ім ёсьць і нейкі прыхаваны сэнс, і патрэба? Як у кожным цудзе. Асабліва — жывым.