Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Каго запісваць у «дармаеды» — пакуль ня вырашылі


У ліпені 2013 году прэм’ер-міністар Міхаіл Мясьніковіч заявіў, што ў Беларусі больш за 450 тысяч чалавек не працуюць, а значыць, ня робяць ніякага ўнёску ў эканоміку краіны, і прапанаваў увесьці падатак на беспрацоўных.

Ідэю Мясьніковіча падхапіў першы намесьнік міністра працы і сацыяльнай абароны Пётар Грушнік. Увосень зьявіліся праекты адпаведных дакумэнтаў — закону і ўказу прэзыдэнта, а таксама абгрунтаваньне, падрыхтаванае Міністэрствам працы і сацыяльнай абароны. Але перад Новым годам стала вядома, што падатку на дармаедаў пакуль ня будзе.

Афіцыйнае беспрацоўе ў Беларусі — 0,5%, на 1 сьнежня 2013 году колькасьць беспрацоўных склала 21,1 тысячу чалавек. Адкуль прэм’ер-міністар Мясьніковіч узяў лічбу 450 тысяч? Першы намесьнік міністра працы і сацыяльнай абароны Пётар Грушнік на прэсавай канфэрэнцыі 3 студзеня распавёў, што Белстат кожны год дае інфармацыю пра балянс працоўных рэсурсаў:

Пётар Грушнік
Пётар Грушнік
«Дык вось, паводле балянсу за 2012 год 30,2 тысячы ня маюць патрэбы ў працы, крыху больш за 20 тысяч лічаць, што наагул няма патрэбы працаваць, 130 тысяч займаюцца хатняй гаспадаркай і 211 тысяч гатовыя прыступіць да працы. То бок гаворка ішла пра 455,4 тысячы, якія ў нас быццам бы ёсьць, і яны не працуюць».

І прэм’ер Мясьніковіч, і іншыя высокія чыноўнікі выказваюць заклапочанасьць тым, што вялікая колькасьць беларусаў працуе па-за межамі краіны, прыстойна зарабляе, а падаткі ў Беларусі ня плаціць. А ў той жа час і самі яны, і іхнія сем’і карыстаюцца на радзіме бясплатным мэдычным абслугоўваньнем, іхнія дзеці вучацца ў школах, ходзяць у дзіцячыя садкі. Мінфін нядаўна нават агучыў лічбу: кожны чалавек павінен заплаціць як мінімум 2,6 мільёна рублёў падаткаў на сацыяльныя патрэбы. Гаварылі пра ўвядзеньне сацыяльных картак, але так нічога пакуль і ня вырашылі. Адна з прычынаў, паводле Пятра Грушніка, наступная:

«Паняцьця „дармаедзтва“ ў Рэспубліцы Беларусь не існуе, і сёньня мы кажам пра дармаедаў, ня ведаючы, хто гэта такія. Таму дакладна трэба вызначыцца з гэтай катэгорыяй, таму што гэта галоўная праблема, якая затрымлівае, ці, магчыма, крыху стрымлівае прасоўваньне гэтага пытаньня».

На думку кіраўніка Цэнтру Мізэса, эканаміста Яраслава Раманчука, падатак на беспрацоўных затармазілі таму, што ніяк ня могуць вызначыцца з мэтадалёгіяй спаганяньня сродкаў, а таксама — каб пакуль не раздражняць насельніцтва чарговымі паборамі:

Яраслаў Раманчук
Яраслаў Раманчук
«Ідэя, якая была ў галаве Лукашэнкі ці іншых чыноўнікаў, дзе ўзяць грошы, не змагла матэрыялізавацца ў нейкі больш-менш пасьлядоўны дакумэнт. Міністэрствы фінансаў, падаткаў, працы не змаглі зрабіць мэтадалёгіі таго, што ўрадоўцы ляпнулі. Перш за ўсё, я думаю, уцямілі ня столькі тое, што немагчыма сабраць гэты падатак, нейкія адміністрацыйныя, мэтадалягічныя рэчы, але і з пункту гледжаньня ўплыву на палітыку, на папулярнасьць уладаў. Вырашылі перад мясцовымі выбарамі не экспэрымэнтаваць. А ці вернуцца да гэтага пытаньня? Я думаю, да прэзыдэнцкіх выбараў ня вернуцца».

Тое, што ідэю нейкім чынам спаганяць падаткі зь беспрацоўных канчаткова не пахавалі, пацьвердзіў і Пётар Грушнік:

«Пагаварылі, пагаварылі і забыліся — такога не бывае. Жыцьцё прымусіць, калі мы сапраўды паглядзім: альбо гэтыя людзі не працуюць, альбо працуюць, атрымліваюць пэўны прыбытак, але ня плацяць зь яго падаткаў. Гэта цалкам розныя рэчы. Таму, разабраўшыся, мы зможам прыняць рашэньне: альбо мы павінны рабіць больш жорсткай падатковую — фіскальную службу, альбо мы павінны вышукваць і запытвацца: дарагі таварыш, ты працуеш ці не? Альбо паводле нейкай карткі будзеш лячыць зубы...»

Такім чынам, чыноўнікі будуць шукаць шляхі спагнаньня падаткаў зь беспрацоўных, дармаедаў, тых, хто працуе за мяжой. Але пакуль ня вызначыліся — каго запісваць у «дармаеды».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG