Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Айцец Шрамко пра мітрапаліта Паўла: «Гэта ня проста чалавек з Разані»


айцец Аляксандар Шрамко
айцец Аляксандар Шрамко

Праваслаўны сьвятар Аляксандар Шрамко заявіў Свабодзе, што ў справе прызначэньня мітрапаліта Паўла кіраўніком БПЦ «верх узяла царкоўная ініцыятыва».

«Была такая пэрспэктыва, што маглі паставіць беларускага сьвятара, але таго, які будзе даспадобы Лукашэнку. Гэта магло быць крокам да таго, каб царква стала больш кішэннай, царквой улады», — заявіў айцец Шрамко ў інтэрвію Радыё Свабода.

«Падаецца, таму і зацягвалася прызначэньне новага мітрапаліта, бо не было паразуменьня зь беларускімі ўладамі, хто павінен быць на гэтым месцы. Вяліся перамовы... Думаю, што ўзяла верх царкоўная ініцыятыва».

На ўдакладняльнае пытаньне, ці мае спадар Шрамко пад словамі «таго, які будзе даспадобы Лукашэнку», протаярэя Фёдара Поўнага, сьвятар заявіў: «Гэта ўсё грунтуецца на чутках. Яго ці каго іншага... Але я ня думаю, што гэта было б лепш для Беларусі».

«Часта так бывае, што беларус паводле нацыянальнасьці больш выступае супраць беларушчыны. Таму я ня стаўлюся кепска да таго факту, што ён не зьвязаны зь Беларусьсю», — падкрэсьлівае айцец Аляксандар Шрамко:

«Чытаў у інтэрнэце выказваньні мітрапаліта Паўла. Ёсьць такія, што падабаюцца, ёсьць — што не падабаюцца. Падабаюцца выказваньні наконт савецкай камуністычнай ідэалёгіі — што гэта сатанінская ідэалёгія, што яе трэба асудзіць, — кажа сьвятар. — У яго ёсьць патэнцыял. Тым больш што ён шмат гадоў быў за мяжой. Гэта ня проста чалавек з Разані».

«Калі адказваць на пытаньне, што мітрапаліт Філарэт зрабіў для беларускай царквы, то ён і зрабіў беларускую царкву. Фактычна ўсё, што мы маем, зьявілася пры Філарэту. Ён прыйшоў у 1978-м. Хто памятае старога мітрапаліта? Для большасьці людзей царква і Філарэт зьвязаныя ў адно», — мяркуе Аляксандар Шрамко.

«Калі Філарэт прыйшоў, гэта была адна эпархія, якая называлася Менская і Беларуская. Гэта была эпархія, якая нічым не выдзялялася на тле іншых. Не было сталага месца ў сынодзе. А цяпер існуе экзархат, ёсьць 11 эпархіяў. Фактычна гэта памесная царква. Яна нават наблізілася да таго, каб быць самастойнай царквой», — заявіў у інтэрвію Радыё Свабода сьвятар Аляксандар Шрамко.



Інтэрвію мітрапаліта Паўла, 2011 год


Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG