Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Аўтамабільны аброк ужо ў праекце бюджэту-2014


Улады фактычна ўзаконілі падатак на аўтамабілістаў. Прынамсі так званы транспартны падатак, які яшчэ нядаўна разглядаўся як адзін з магчымых варыянтаў папаўненьня дзяржаўнай скарбонкі, ужо закладзены ў праект бюджэту на 2014 год. Дакумэнт мусіць быць ухвалены бліжэйшым часам.

Зыходзячы з агульнай колькасьці транспартных сродкаў, афіцыйна зарэгістраваных у Беларусі (а гэта блізу 4 мільёнаў адзінак), паступленьні ў бюджэт ад транспартнага падатку ацэньваюцца больш чым у 1,5 трыльёна рублёў. Дадатковы збор з фармулёўкай «дзяржаўная пошліна за допуск на ўдзел у дарожным руху» будзе спаганяцца з кіроўцаў падчас праходжаньня працэдуры тэхнічнага агляду аўтамабіля. Прычым, уладальнікам аўтамабіляў, маладзейшых за 10 гадоў, давядзецца плаціць адразу двайную суму. Справа ў тым, што тэхагляд для аўто такой узроставай катэгорыі прадугледжваецца толькі раз на два гады, тады як прыбытак ад транспартнага падатку хочацца мець пастаянна.

Памер новага падатку — ад 3 да 25 базавых велічыняў (390.000 — 3.250.000), залежна ад масы аўто і яго прыналежнасьці фізычнай ці юрыдычнай асобе. Прэм’ер-міністар Міхаіл Мясьніковіч асабіста патлумачыў, што будзе ўплываць на суму аброку — прэстыжнасьць маркі. Па яго словах, калі назьбіраў на «Мэрсэдэс», то знойдзеш мільён, каб раз на год заплаціць дзяржаве.

Аўтаэкспэрт, экс-кіраўнік Беларускай аўтамабільнай фэдэрацыі Анатоль Шаўчэнка на новаўводзіны ў выглядзе транспартнага падатку трымаецца такога меркаваньня:

«Мне падаецца, што ня варта было б уладам заводзіць спружыну народнага незадавальненьня ў зусім не спрыяльны момант. Бо цяпер людзям і паасобку цяжка, і ўвогуле цяжка краіне ў цэлым, таму гэта трэба было б разумець. І яшчэ дадатковы пабор у такі момант ініцыяваць асабіста я проста не рызыкнуў бы. Але вырашаюць наверсе, няхай думаюць, яны для гэтага нібыта як і абраныя — клапаціцца пра нас, пра народ. Праўда, у бальшыні выпадкаў атрымліваецца, што думаюць збольшага пра сябе і за наш кошт. На жаль, гэта засмучае».
Мне падаецца, што ня варта было б уладам заводзіць спружыну народнага незадавальненьня ў зусім не спрыяльны момант
Анатоль Шаўчэнка

Аналітыкі зьвяртаюць увагу на тое, што дадатковыя зборы ўжо ўключаныя ў кошт паліва, а таксама бяруцца пры праходжаньні тэхнічнага агляду і за праезд па платных дарогах. Той жа акцыз займае ледзь не палову ў кошце аўтамабільнага паліва. Як лічыць фінансавы кансультант Сяргей Чалы, менавіта гэты падатак можна лічыць адносна справядлівым: хто больш езьдзіць, той больш і плаціць. Усё іншае — прафанацыя:

«Калі гаварыць пра нармальны цывілізаваны спосаб, то выкарыстаньне акцызаў — якраз самы справядлівы мэханізм. Хто больш спажывае, хто больш езьдзіць, той, адпаведна, аказвае большую нагрузку на экалёгію, на дарогі. Але такія аўтамабілісты і так больш плацяць, запраўляючыся на АЗС. Тое, што мы цяпер абмяркоўваем, — яшчэ адна праява дрэнных спраў у эканоміцы. На ўсё трэба ж глядзець у комплексе, бо такія „плённыя“ ідэі — гэта ж не адзінкавы выпадак. Навокал спробы наскрэсьці па засеках хоць дзе і хоць што. Адпаведна, і прыдумляюцца такія „крэатыўныя“ рэчы».

Апроч таго, для аўтамабілістаў у наступным годзе падрыхтаваныя і іншыя сюрпрызы — перадусім, зьвязаныя з ростам цэнаў на паліва. У прыватнасьці, яшчэ на 15% прапануецца падвысіць стаўкі акцызаў на аўтамабільнае паліва. Паколькі рост акцызаў нязьменна вядзе да падвышэньня цэньнікаў на аўтазалівачных станцыях, варта чакаць, што як мінімум на 15-20% бэнзын ды салярка ў наступным годзе падаражэюць.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG