Лінкі ўнівэрсальнага доступу

І машыну канфіскуюць, і абяруць да ніткі


Першы судовы працэс ў дачыненьні да кіроўцы, які двойчы цягам году быў злоўлены ў стане алькагольнага ап’яненьня, адзначыўся надзвычай жорсткімі санкцыямі.

Апроч таго, што суд пастанавіў экспрапрыяваць на карысьць дзяржавы легкавы аўтамабіль, дык малады чалавек яшчэ мусіць заплаціць вялізны штраф і адпрацаваць на прымусовых працах. Ці апраўданае шматузроўневае пакараньне за адно злачынства?

Суд Першамайскага раёну Менску пастанавіў ужыць «спэцыяльную канфіскацыю» да аўтамабіля Fiat Stilo 2002 году выпуску, якім кіраваў мянчук 1985 года нараджэньня. Цягам кастрычніка аўтааматар Дзяніс Папко двойчы быў спынены інспэктарамі ДАІ, калі кіраваў нецьвярозым.

Апроч страты аўтмабіля, які, як аказалася, абвінавачанаму нават не належыць, ён абкладзены цэлым шэрагам спадарожных пакараньняў. У прыватнасьці, трохгадовае пазбаўленьне права кіраваньня транспартным сродкам, паўтара году папраўчых працаў з адлічэньнем 20% заробку ў даход дзяржавы, а таксама штраф у эквіваленце 4 тысяч даляраў (300 базавых велічынь). Калі матэрыяльнае спагнаньне ня будзе пагашанае цягам месяца, будзе апісаная маёмасьць.

Цягам 10 дзён, якія даюцца на абскарджаньне судовага рашэньня, экспрапрыяваны аўтамабіль будзе знаходзіцца на так званай штрафстаянцы. Аплата паслугаў стаянкі таксама цалкам кладзецца на плечы ўладальніка. Калі ўлічыць, што суткавае знаходжаньне «пад вартай» прывязваецца да базавай велічыні, дык у дадатак набяжыць немалая сума. Першы ў судовай практыцы прысуд па канфіскацыі аўто ў нецьвярозага кіроўцы пракамэнтавала старшыня суду Першамайскага раёну Менску Тамара Высоцкая:
Для суда ня мае прававога значэньня прыналежнасьць гэтага аўтамабіля

«Дадзенае злачынства грамадзянін зьдзейсьніў літаральна праз тры дні пасьля ўнясеньня зьменаў у заканадаўства і набыцьця іх моцы. Транспартны сродак, на якім было ўчыненае злачынства, сапраўды зарэгістраваны на іншую асобу. Разам з тым, судовым рашэньнем дадзены аўтамабіль падлягае канфіскацыі, паколькі для суда ня мае прававога значэньня прыналежнасьць гэтага аўтамабіля. Паколькі санкцыі сталі больш жорсткімі, таксама з заробку ў даход дзяржавы будзе выплочвацца 20%».

24 кастрычніка набыў моц заканадаўчы акт, у адпаведнасьці зь якім ў кіроўцаў, якія цягам году папаліся п’янымі за рулём, будуць канфіскоўваць аўтамабілі. Адметна, што карныя захады пачалі дзейнічаць задняй датай — не ад моманту набыцьця моцы закону, а ад пачатку гэтага году.

Ці маюць права кантрольныя органы караць за адно і тое ж правапарушэньне некалькі разоў? Кіраўнік асацыяцыі ўладальнікаў і кіроўцаў аўтатранспарту Алег Маркевіч перакананы: нягледзячы на сур’ёзнасьць злачынства, захады неадэкватныя магчымасьцям кампэнсаваць судовыя выдаткі. Апроч таго, на яго думку, дзяржава непамернымі спагнаньнямі рызыкуе напладзіць вялікую колькасьць «менцюкоў», якія ў жаданьні пазьбегнуць кары будуць спрабаваць уцячы ад інспэктараў ДАІ. Ён прыгадвае рэзанансную гісторыю кіроўцы Рамана Менцюка: каб спыніць п’янага «гоншчыка», міліцыянты надумаліся выставіць «жывы шчыт» з прыватных аўто:
Калі чалавек ведае, што ў яго ўсё роўна канфіскуюць аўтамабіль, а яго самога абкладуць з галавы да ног рознымі санкцыямі, дык яму лепш не спыняцца

«Мы атрымаем толькі адно — непадпарадкаваньне. Ужо ёсьць такія меркаваньні і ў асяродку аўтааматараў, і на форумах можна прачытаць: калі чалавек ведае, што ў яго ўсё роўна канфіскуюць аўтамабіль, а яго самога абкладуць з галавы да ног рознымі санкцыямі, дык яму лепш не спыняцца. Іншымі словамі, будзе лавіць свой апошні шанец, каб уцячы. На маё перакананьне, любая канфіскацыя прыватнай маёмасьці — дрэнная ідэя ад пачатку. Ёсьць Крымінальны кодэкс, ёсьць адміністрацыйнае вырашэньне пытаньня — калі ласка, карайце. Калі чалавек двойчы ўчыніў злачынства, нанёс нейкі ўрон ці, ня дай Божа, забіў, дык ўсё гэта і так ёсьць у законе. Але пры чым тут ягоная сям’я, якая ў складчыну купляла гэтую машыну? Ён іх і так ужо пакараў сваімі паводзінамі. А караць усю сям’ю — гэта амаральна».

Сталічны аўтааматар Сяргей Кавалеўскі за розныя парушэньні правілаў дарожнага руху неаднаразова плаціў штрафы. Але, адрозна ад бальшыні людзей, якія моўчкі плацяць у касу, мае досьвед аспрэчваньня памераў спагнаньня ў судовым парадку. Ён перакананы, што ў дадзеным выпадку канфіскацыя — само па сабе суровае пакараньне, таму з «даважкамі» у выглядзе шматмільённых штрафаў ці прымусовай адпрацоўкі з адлічэньнямі трэба змагацца праз суд:

«Тут ёсьць два варыянты. Першы варыянт — сапраўды, проста заплаціць. Я сам пабываў у гэтай сытуацыі і разумею, колькі праблемаў гэта можа прынесьці — уся гэтая валакіта, усе гэтыя паперкі. Толькі адны лісты ходзяць туды-сюды па некалькі дзён. Гэта сапраўды доўга і моташна. І калі чалавек, скажам так, заможны, дык, можа, прасьцей насамрэч заплаціць гэтыя грошы, хай сабе і дастаткова спрэчныя. І на гэтым спыніцца. Але калі мы будзем працягваць так надалей, калі кожны чалавек будзе бездакорна прымаць усё, што яму аднекуль спускаюць, калі будзем маўчаць, то прабачце, мы застанёмся ў пячорным стагодзьдзі. Мы дакладна гэтак жа будзем стаяць у няправільнай позе, і дастаткова доўга».

Паводле дадзеных на сярэдзіну лістапада, цяпер кандыдатамі на страту транспартных сродкаў зьяўляюцца блізу паўтары сотні парушальнікаў. Іх справы ўжо перададзеныя ў суд. У выпадку рашэньня пра канфіскацыю машына будзе выстаўленая на аўкцыённы продаж праз гандлёвы дом «Усходні». На агульных падставах яе можа выкупіць і былы гаспадар. Праўда, з улікам налічаных штрафаў паўторна набыты аўтамабіль набудзе для ўладальніка двайны кошт.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG